Творца “Зямлі пад белымі крыламі” - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 27 Ноября 2015 00:00

Творца “Зямлі пад белымі крыламі”

На гэтым тыдні ў Беларусі праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя юбілейнаму дню нараджэння слыннага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Фактычна сёлета мы адзначаем і другую дату — 60-годдзе пачатку яго творчай дзейнасці.

Адметна, што беларусы змогуць пазнаёміцца ў хуткім часе з салідным 25-томным выданнем твораў “рыцара беларускіх замкаў”. Менавіта такі пачэсны эпітэт займеў пры жыцці знакаміты аўтар. Да збору твораў будуць прыкладзеныя два CD-дыскі: з вершамі і песнямі, а таксама з выступленнямі Караткевіча на радыё і тэлебачанні, здымкамі ў мастацкім фільме «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»).

Уладзімір Караткевіч першым у беларускай літаратуры звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.

Яго хвалявалі і антыфеадальная, антыклерыкальная барацьба, і паўстанне 1863-64 гадоў, і многія іншыя пытанні бурнага і вірлівага часу. Значны ўплыў на пісьменніка аказаў дзед па лініі маці Васіль Грынкевіч, чалавек з багатым жыццёвым вопытам, дасціпны апавядальнік, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды-матухны. З вялікай асалодай мы чытаем і перачытваем безліч разоў яго раманы “Нельга забыць”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, “Чазенія”, “Зброя”.

У паэзіі (зборнікі “Матчына душа”, “Вячэрнія ветразі”, “Мая Іліяда”, “Быў. Ёсць. Буду”) аўтар паўстае перад намі як патрыёт сінявокай Беларусі. Ён плённа выкарыстоўваў традыцыі сусветнай лірыкі і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да роднага фальклору і гістарычнага сюжэту.

Ён любіў падарожнічаць, наведаў многія мясціны Беларусі, Польшчы, Чэхаславакіі. Многія яго творы і нараджаліся ў дарозе.

Праявіў сябе творца і як драматург, аўтар п’ес “Млын на Сініх Вірах”, “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, “Калыска чатырох чараўніц”. Вялікі рэзананс выклікаў і яго знакаміты нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, сама назва якога даўно стала крылатай. На Беларускім тэлебачанні вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры Бацькаўшчыны.

Ён здолеў істотна ўзбагаціць айчынную літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніць яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.

Творы пісьменніка перакладзены на шмат іншых моваў. А сам Караткевіч пераклаў на родную мову творы Г. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франко...

Пра класіка створана дакументальная стужка “Быў. Ёсць. Буду”, відэафільмы “Успамін” і “Рыцар і слуга Беларусі”. Імя Караткевіча носяць бібліятэкі ў Віцебску, Наваполацку, Оршы, Таліне. У Оршы аматараў творчасці запрашае музей У. Караткевіча, які быў адкрыты ў 2000-м годзе. Матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі.

Помнікі У. Караткевічу ёсць у Оршы і Віцебску. А 14 красавіка 2011 г. быў усталяваны скульптурны помнік Караткевічу ў сталіцы Украіны Кіеве, яго аўтары — беларусы Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня, архітэктар — Аляксандр Корбут.

Бясспрэчна, творчасць Уладзіміра Караткевіча набывае яшчэ большую папулярнасць і актуальнасць у ХХІ стагоддзі. Адзін з даследчыкаў яго творчасці літаратуразнаўца Анатоль Верабей назваў Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы. А пісьменнік Янка Брыль характарызаваў Караткевіча як нястомнага літаратара, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Уладзіміра Караткевіча як чалавека невычарпальнага светлага настрою, які ўмеў смяяцца, як дзіця, усёй душой любіў беларускі народ і родную зямлю.

Уладзімір Караткевіч не толькі выйшаў з гушчы народа, але і заставаўся з народам да апошніх дзён жыцця.

Канстанцiн Карнялюк, педагог

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4857 раз Печать