Калі ў душы квітнее маладосць - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 19 Апреля 2016 00:00

Калі ў душы квітнее маладосць

Олег Авштоль

Па веснавой традыцыі ў мінулую нядзелю Ваўкавыскі гарадскі Дом культуры прымаў адзін з двух занальных канцэртаў абласнога фестываля народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”.

Сёлета ў ім прынялі ўдзел 16 калектываў з некалькіх раёнаў вобласці. Сярод іх былі як добра вядомыя ваўкавыскай аўдыторыі артысты з Гродна, Слоніма, Зэльвы, Свіслачы і Свіслацкага раёна, Бераставіцы, Мастоў, Скідзеля і, вядома, Ваўкавыска, так і, напрыклад, калектыў “Крыштальныя крыніцы” з Бярозаўкі Лідскага раёна: раней “бярозаўскія бабулі” выступалі на занальных канцэртах у Іўі, а сёлета ўпершыню прыехалі да нас і пакарылі залу частушкамі і папуры з беларускіх народных песень.

Дарэчы, не толькі народныя песні гучалі ў праграме фестываля. Патрыятычныя кампазіцыі пра вайну і пра Радзіму, творы сучасных беларускіх аўтараў, вершы таксама знайшлі сваё месца ў падрыхтаваных калектывамі праграмах. Часцей за ўсё ў гэтых праграмах выступаў не толькі хор, сваё майстэрства паказвалі таксама вакальныя групы, трыа ці асобныя салісты. Многія нумары суправаджаліся жывым гучаннем музычных інструментаў. Увогуле, праграма фестываля атрымалася насычанай і разнастайнай. Прыгожым быў яго пралог, падрыхтаваны артыстамі Роскага Дома культуры ў выглядзе тэатральнай замалёўкі пра беларускую мінуўшчыну. Намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч павітаў удзельнікаў і гасцей фестываля, адзначыўшы, што ветэраны — гэта тыя людзі, якія ў свой час найскладанейшай працай аднавілі пасля вайны народную гаспадарку, а сёння таксама не застаюцца ўбаку ад падзей, займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. І сапраўды, удзел у такіх мерапрыемствах — справа людзей, якія не любяць сядзець на месцы і застаюцца маладымі душою, нягледзячы на ўзрост у пашпарце.

Пасля выступлення вакальнай групы СШ № 7 распачалася ўласна фестывальная праграма, адкрылі якую па праву гаспадароў удзельнікі народнага хора ветэранаў вайны і працы “Натхненне” Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры пад кіраўніцтвам Веры Гаркавік. Доўжыліся выступленні некалькі гадзін, а вынікі пасля іх завяршэння былі падведзены хутка: узнагароджаны быў кожны калектыў, а спецыяльнымі прызамі ад журы былі адзначаны салісты, аўтары песень. У ваўкавыскім “Натхненні” такой узнагароды ўдастоілася салістка Тамара Выстаўкіна. Члены журы, большасць якіх прадстаўляла Гродна, падзякавалі за гасцінны прыём гаспадарам — Ваўкавыскаму райвыканкаму, гарадскому Дому культуры, раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці. Былі ўручаны таксама прызы ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў і абласнога савета ветэранаў, якія ўвайшлі ў лік арганізатараў.

Наступным разам ветэраны збяруцца на ваўкавыскай зямлі праз год — каб парадаваць гледачоў добрымі песнямі, а сябе — новай сустрэчай з сябрамі. Ізноў фестываль падорыць багацце музычных твораў, выдатны настрой і гадзіны вяртання ў маладосць.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3316 раз Печать