«Пад мірным небам Беларусі» - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 22 Апреля 2016 00:00

«Пад мірным небам Беларусі»

Вадим Марчик

На гэтым тыдні ў раённай бібліятэцы адбыўся паэтычны вечар, прымеркаваны да Года культуры, Дня Перамогі і 30-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У ім прынялі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, Ваўкавыскага літаратурнага аб’яднання «Муза», навучэнцы і выкладчыкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У мінулым годзе напярэдадні сямідзесяцігоддзя Вялікай Перамогі абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ладзіла ў Гродне творчы вечар грамадзянскай паэзіі, які атрымаў назву «Пад мірным небам Беларусі». Пасля гэтага мерапрыемства і станоўчых водгукаў, якія паступілі ў адрас яго арганізатараў, члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі вырашылі па запрашэнні цэнтральных раённых бібліятэк зрабіць тур грамадзянскай паэзіі па гарадах Гродзеншчыны.

— Асноўная мэта гэтых сустрэч — пазнаёміць падрастаючае пакаленне з творчасцю самых таленавітых паэтаў і праз вершы ўскалыхнуць у моладзі грамадзянскія і патрыятычныя пачуцці, — распавяла старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. — У сёлетнім годзе творчыя сустрэчы прысвечаны не толькі Дню Перамогі, але і яшчэ адной вельмі сумнай даце — 30-годдзю з дня аварыі на ЧАЭС. Гэтую падзею мы не павінны забываць, каб ніколі такое не паўтарылася. У апошні час большасць людзей цікавіцца любоўнай, пейзажнай і філасофскай лірыкай, а пра грамадзянскую паэзію трохі забыліся. Мы запрашаем на сустрэчы моладзь і чытаем ім вершы, прысвечаныя вялікай і малой радзіме, вайне і Перамозе, заклікаем пазнаваць сваю мову, культуру, знаёміцца са спадчынай продкаў.

Паэтычная сустрэча ў раённай бібліятэцы прайшла ў вельмі цёплай, дружалюбнай і эмацыянальнай атмасферы. Гучала шмат вершаў у выкананні паэтаў. Школьнікі з непрыхаванай цікавасцю слухалі выступленні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Кебіч, Дзмітрыя Радзівончыка, Георгія Кісялёва і Пятра Сямінскага. Апошні, дарэчы, здзівіў прысутных стварэннем усяго за дзесяць хвілін бурымэ са слоў, прапанаваных аўдыторыяй. Эмацыянальным пасылам напоўніла свой выступ студэнтка ГДУ імя. Я. Купалы Вікторыя Смолка. Зачыталі свае вершы і ваўкавыскія паэты Віктар Курловіч, Настасся Токарава-Самушчык, Галіна Смок.

Паўтары гадзіны праляцелі на адным дыханні. Пасля завяршэння мерапрыемства, гледачы яшчэ доўга не разыходзіліся, абменьваючыся ўражаннямі аб пачутым.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3978 раз Печать