Вышыванкі, выцінанкі і набіванкі. Як аздаблялі свой дом нашы продкі - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 04 Августа 2016 00:00

Вышыванкі, выцінанкі і набіванкі. Як аздаблялі свой дом нашы продкі

Лариса Прокопеня

Што робіць сучасная гаспадыня, калі ёй патрэбны новы абрус, ручнік або пасцельная бялізна? Зразумела, ідзе ў краму і купляе.

Або яшчэ прасцей: замаўляе праз інтэрнэт. А вось раней набыццё гэтых неабходных у кожнай хаце рэчаў маглі сабе дазволіць толькі заможныя людзі. Для гэтага гаспадыня ехала на кірмаш, які праводзіўся некалькі разоў на год у мястэчках і вялікіх вёсках. Простыя ж людзі кожны ручнік ці дыванок стваралі сваімі рукамі.

Cправа гэта была доўгая, бо пачыналася ад вырошчвання ільну ці назапашвання авечай воўны. Апрацоўвалі сыравіну сваімі рукамі, і ў залежнасці ад апрацоўкі яна станавілася затым кашуляю або спадніцаю, ручніком ці палавіком. Увесь шлях ад пасеву ільну і да гатовага вырабу займаў больш за паўтара года. Але ж і трываласць матэрыялу была такая, што і сёння рэчы нашых бабуль выглядаюць, як новыя. Супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў у Росі беражліва захоўваюць іх у сваім музеі народнага побыту.

Вышытыя сурвэткі, вязаныя абрусы, даматканыя посцілкі і палавікі — большасць рэчаў прынеслі сюды мясцовыя жыхары. У адным з кабінетаў цэнтра стаяць сапраўдныя кросны. Гэта не проста музейны экспанат, а прыдатны для выкарыстання станок, на якім і сёння майстар народных промыслаў Яніна Іюльская вучыць гурткоўцаў ткацкаму майстэрству.

— Ваўкавыскае дзвюхнітовае ткацтва, якому мы навучаем дзяўчат у нашым цэнтры, у 2012 годзе атрымала статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны, — расказвае Яніна Вацлаваўна. — Мы імкнёмся яго зберагчы і перадаць нашчадкам такім, якім яно было ў часы нашых бабуль. Дапамагаюць нам у гэтым мясцовыя жыхаркі, Любоў Сцяпанаўна Балёнь і Ганна Іосіфаўна Кулеш. Мы не проста зберагаем старажытныя рамёствы, але і сёння звяртаемся да іх. Напрыклад, ткалі тканіну для касцюмаў, у якіх нашы майстры ўдзельнічаюць у выставах і іншых мерапрыемствах. Яны пашыты па ўсіх канонах ваўкавыскага строю.

Апрацоўваць лён, воўну, фарбаваць ніткі, ткаць — усяму, што патрэбна для вырабу тканіны, дзяўчат вучылі з дзяцінства. Але далёка не ў кожнай хаце былі ўласныя кросны. Часцей за ўсё карысталіся імі гаспадыні па чарзе, перавозячы з хаты ў хату. Дапамагалі адна адной наладзіць станок, навіць аснову. Працягнуць больш за 400 нітачак у нічальніцы — гэта была карпатлівая справа, якая патрабавала засяроджанасці і ўвагі. Займала яна ўвесь дзень. І на ўвесь гэты час у пакой, дзе наладжваліся кросны, нікому не дазвалялася ўваходзіць аж да заканчэння работы.

Парадак навівання асновы залежаў ад віду тканіны, якую збіраліся ткаць. На кроснах выраблялі тонкі матэрыял для бялізны і больш грубы, для верхняга адзення. Абрусы, сурвэткі, палавікі, ручнікі, на кожны дзень і на свята. Нашы продкі любілі прыгожа ўбірацца і дом свой аздаблялі згодна з тагачаснай модай. Нават самае беднае жытло не абыходзілася без святочнага абруса і ручніка-набожніка над абразом.

Ручнік быў не проста бытавой прыладай, ён быў абавязковым удзельнікам усіх значных падзей у жыцці чалавека. На ручнік прымалі нованароджанае дзіця, з ручніком хрысцілі, вянчалі і праводзілі ў апошні шлях.

— Бачыце гэты прыгожы ручнік? — паказвае мне Яніна Вацлаваўна палатно з дзівоснымі кветкамі і белымі галубкамі. — Гэта вясельны. Галубкі абавязкова павінны быць павернуты адзін да аднаго дзюбкамі. Ручнікі святочныя, хрысцільныя, вясельныя багата аздабляліся ўзорамі. Памінальныя, якія выкарыстоўваліся падчас пахавання, былі ўжо без узораў, сціплыя. Абавязковым у кожнай хаце быў ручнік-набожнік, які павязвалі на абразы. Ён быў самы прыгожы, аздабляўся і вышыўкай, і карункамі.

Для нашага раёна характэрна выкарыстанне спакойных колераў, не надта яркіх, якія можна ўбачыць, напрыклад, на Гомельшчыне. А вось фантазія майстрых была бязмежнай: вышывалі і тое, што бачылі навокал, і тое, чаго, наадварот, ніколі не бачылі. Побач з пеўнямі і галубкамі, васількамі і ружамі на ручніках разгарнулі рознакаляровыя хвасты чароўныя птушкі, раскрылі пялёсткі дзіўныя кветкі, якія, як здавалася нашым продкам, існавалі ў далёкіх краінах.

Пасярод вялікага пакоя ў хаце звычайна стаяў стол. У святочныя дні яго засцілалі абрусам. У звычайныя ж абрусамі карысталіся толькі заможныя гаспадары. Абрус на стале быў, можна сказаць, паказчыкам матэрыяльнага дабрабыту ў доме. А таксама — узроўню ткацкага майстэрства гаспадыні.

— Ткаліся абрусы асаблівым чынам, з выкарыстаннем спецыяльных педалей на кроснах, якія дазвалялі ствараць розныя малюнкі перапляцення нітак: «елачкай», «шашачкамі» і іншыя, — тлумачыць Яніна Вацлаваўна. — Гэта была складаная работа, якая патрабавала ад майстрыхі асаблівых навыкаў.

У пачатку мінулага стагоддзя асабліва моднымі былі абрусы-сеткі, вязаныя на раме. Белыя ці чорныя, з вышытымі кветкамі або (асаблівы шык!) ініцыяламі гаспадыні. Вязалася такая сетка на спецыяльнай раме з дапамогай булавак. Асабліва ўмелым майстрыхам удавалася звязаць такі абрус «на два бакі» — так, што выварат не адрозніваўся ад асабовага боку.

Ложак гаспадароў звычайна хаваўся за занавескаю ці перагародкаю, яго не выстаўлялі напаказ, але па пасцелі на ім можна было ацаніць талент гаспадыні і памер гаспадарскага кашалька. Чым больш падушак на ложку, абавязкова ў вышытых навалочках, — тым багацейшы пасаг у нявесты.

Акрамя падушак, упрыгожваў ложак падзор — карункавая аблямоўка, якая клалася пад сеннік і спускалася да самай падлогі. Падзор меў дэкаратыўна-практычнае прызначэнне: ён хаваў падставу ложка і прастору пад ім, дзе ставілі куфры, складалі розныя рэчы і прылады. Гэты падзор быў сапраўдным творам мастацтва. Вышыўка, карункі, кайма, а пазней нават рышэлье — тут гаспадыня паказвала ўсё, на што былі здольныя яе рукі.

На падлогу засцілалі паласатыя палавікі, доўгія або круглыя. Доўгія ткалі на тых жа кроснах, а круглыя вязалі кручком. У ход ішлі воўна і рэшткі нітак, а таксама розныя старыя рэчы і анучкі, якія разразалі на тонкія палоскі. З такога «абы-чаго» атрымліваліся яскравыя рознакаляровыя рэчы, ад якіх у хаце станавілася святлей. Глянеш — нібы вясёлка разліваецца па падлозе.

Не абыходзіліся без аздаблення і сцены. Іх упрыгожвалі вышыванкамі і набіванкамі — пушыстымі дыванамі, створанымі з дапамогай асаблівай полай іголкі, у якую прапускалася нітка. Гэтай прыладай майстрыха наносіла на аснову аб’ёмны малюнак — як сказалі б сёння — 3D-узор. Такія самаробныя дываны былі папулярныя аж да 70—80-х гадоў мінулага стагоддзя.

А вось самы вытанчаны з кірункаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — выцінанка — доўгі час быў у заняпадзе. У першай палове мінулага стагоддзя ажурныя ўзоры з паперы можна было ўбачыць у кожнай хаце. Фіранкамі-выцінанкамі ўпрыгожвалі вокны, папяровымі сурвэткамі за­сцілалі паліцы. Тонкія лініі, дробныя карункавыя ўзоры вырэзваліся з дапамогай …нажніц для стрыжкі авечак. Хараство гэтае было недаўгавечным, затое ж і недарагім. Магчыма, апошнім і тлумачыцца асаблівая папулярнасць выцінанкі: аздабленне хаты можна было мяняць хоць кожны ты­дзень і, літаральна, за некалькі гадзін.

Сёння выцінанка вяртаецца ў нашы дамы: пад Новы год многія гаспадыні ўпрыгожва­юць вокны выразанымі з паперы ўзорамі. Сучасная выцінанка, зробленая з дапамогай прынтара і макетнага нажа, вельмі далёкая ад той, даўнейшай, традыцыйнай беларускай, якую можна пабачыць у цэнтры рамёстваў. Калі ж хто пажадае ёй навучыцца — майстры цэнтра з задавальненнем дапамогуць у гэтым.

У цэнтры рамёстваў можна засвоіць і іншыя віды традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Супрацоўнікі перадаюць свой багаты вопыт усім жадаючым: і дзецям, і дарослым. Майстры імкнуцца не проста зберагчы нацыянальныя рамесныя традыцыі, але і далучыць да іх сучасных беларусаў. Вучаць гурткоўцаў ткац­тву, пісанцы, набіванцы, вышыўцы, выцінанцы, лепцы з гліны, аплікацыі з саломкі і саломапляценню і іншым народным промыслам. Акрамя разнастайных гурткоў, у цэнтры існуе клуб народных умельцаў «Лесвіца», мэтай якога з’яўляецца адраджэнне мастацка-рамесніцкіх традыцый.

Супрацоўнікі цэнтра спа­дзяюцца, што прыняты нядаўна Кодэкс аб культуры дапаможа больш эфектыўна працаваць у гэтых накірунках. Як вядома, дакументам рэгулююцца праваадносіны сферы культуры, у тым ліку — і ў сферы народных мастацкіх рамёстваў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4542 раз Печать