Слова, пранікаючае ў сэрца - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 29 Ноября 2016 00:00

Слова, пранікаючае ў сэрца

Натхненне, нібы крынічка духоўнасці, імчыць побач з намі на працягу ўсяго жыцця.

Ды толькі хтосьці з нас — людзей — не зважае на яе ніякай увагі, а іншыя — спаталяюць смагу да творчасці, ствараючы цудоўныя творы мастацтва. На гродзенскай зямлі шмат таленавітых творцаў, якія імкнуцца падзяліцца сваім натхненнем і вынікамі сваёй творчай працы. Паэты не з’яўляюцца выключэннем. Літаратурныя сустрэчы паэтаў са школьнікамі сталі ўжо традыцыйнымі для Ваўкавыска і ўяўляюць сабою ўрачыстыя і цікавыя выступленні. Асабліва прыемна, калі да нас прыязджаюць заслужаныя літаратары з іншых гарадоў рэспублікі.

21 лістапада на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” адбылася ўрачыстая сустрэча з паэтамі Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

“Слова, пранікаючае ў сэрца” — пад такой назвай прайшла наша творчая вечарына. Вучні-падлеткі, якія амаль перапоўнілі глядзельную залу, з задавальненнем і цікавасцю знаёміліся з жыццём і творчасцю гродзенскіх літаратараў. А імі былі прыгожыя, таленавітыя і прыемныя жанчыны.

Лаўрэат І-й Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”, лаўрэат прэміі імя А. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Пісьменнік года – 2014”, дыпламант і пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў, аўтар зборнікаў дзіцячай літаратуры — Ганна Скаржынская. Пераможца паэтычнага конкурсу жаночага часопіса “Алеся” ў 2009 годзе, лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2010 года” ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” за дзіцячую кнігу “Праздничный пирог”, лаўрэат прэміі імя
А. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Пісьменнік года – 2015”, аўтар паэтычных зборнікаў для дзяцей — Людміла Шаўчэнка. А таксама наша зямлячка — лаўрэат прэміі імя А. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Пісьменнік года – 2013”, аўтар зборнікаў вершаў для дарослых і пакуль яшчэ не надрукаванай “Літарынкі” для дзяцей — Тамара Мазур.

Паэткі знаёмілі гледачоў са сваімі зборнікамі, чыталі вершы, гутарылі з дзіцячай аўдыторыяй на выхаваўчыя тэмы, пакідаючы ў сэрцы кожнага часцінку сваёй творчай душы. У рамках сустрэчы выступалі і ваўкавыскія паэты раённага літаратурнага аб’яднання “Муза” — арганізатары вечарыны: Галіна Смок, Марыя Місюк, Святлана Свірыдава, Мікалай Іваноўскі і я ў тым ліку. У праграму сустрэчы ўвайшлі таксама музычныя нумары ад навучэнцаў цэнтра творчасці, рэп і літаратурная забава “бурымэ”.

Праграму наведвання Ваўкавыска для нашых гасцей дапоўнілі экскурсія ў школьны музей ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Ваўкавыска”, прагулка па вулачках горада і сяброўскія гутаркі за кубкам гарачай кавы ў кабінеце — месцы пасяджэнняў “Музы”. А творчай інтэлігенцыі, зразумела, ёсць, што абмеркаваць і чым падзяліцца.

Увогуле, сустрэча атрымалася вельмі шчырая і прыемная, задавальненне ад яе атрымалі ўсе ўдзельнікі і арганізатары. Ваўкавыскае літаб’яднанне было адзначана шэрагам станоўчых водгукаў гасцей з вобласці за ўмела арганізаваную, цікавую і змястоўную сустрэчу. Дарэчы, 18 снежня мы чакаем у госці прадстаўнікоў гродзенскага грамадскага літаратурнага аб’яднання “Надзея”.

Настасся Токарава-Самушчык, кіраўнік ВРЛО “Муза”

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4164 раз Печать