Віктар Курловіч — "На скрыжаванні восені і лета" - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 28 Июня 2017 16:11

Віктар Курловіч — "На скрыжаванні восені і лета"

Нядаўна выйшаў з друку новы зборнік вершаў Віктара Курловіча.

Гэта ўжо другая кніга нашага вядомага земляка-паэта. Яе прыгожая назва "На скрыжаванні восені і лета" выдатна адлюстроўвае змест зборніка. Не только і не столькі пары года мае аўтар на ўвазе: дзяцінства і сталасць, юнацкія мары і жыццёвая рэчаіснасць, успаміны пра былое і надзеі, якія заўсёды з намі незалежна ад узросту, выбар свайго шляху у розных абставінах — вось галоўныя скрыжаванні чалавечага лёсу, якім прысвячае свае задуменныя, метафарычныя вершы Віктар Курловіч.

І на гэты раз ён захаваў вернасць сваім асноўным тэмам. Невялічкая кніга прасякнута патрыятычнымі пачуццямі, любоўю да сваёй малой радзімы, да цудоўнай беларускай прыроды таксама як першы зборнік Віктара Курловіча “Пах медуніцы”. А настальгічныя ноткі ўспамінаў дзяцінства нечакана пераплятаюцца з рэалістычным поглядам на сучаснае атачэнне, узнёслыя пачуццці — з філасофскім падыходам да чалавечай недасканаласці. Зрэшты, пераканайцеся самі.

Віктар КУРЛОВІЧ

Са зборніка “На скрыжаванні восені і лета”

Азярцо

Зарасло азярцо — тут амаль што нябачна вады,

не плывуць, як раней, у люстэрку ягоным аблокі.

А душою ляцець я хачу да яго праз гады,

у шчаслівы той час, сэрцу блізкі такі і далёкі.

 

Як жа весела тут у дзяцінстве калісьці было,

як любілі з сябрамі рыбачыць у ім і купацца.

Ды з маленствам усё непрыкметна ў нябыт адышло,

ва ўспамінах адных каб навекі са мною застацца.

 

Параслі асакой непралазнай яго берагі,

не змаўкаюць над ім у кустах стракатухі-сарокі.

А я ў думках сваіх прылятаю на крылах тугі

да цябе азярцо, дзе мае засталіся вытокі.

 

У завею

Дзень каторы вятрыска ніяк не суцішыцца, вее,

снег халодны шпурляе ў марозам пакусаны твар.

Правяць баль на зямлі дзве сяброўкі — зіма і завея,

застудзіўшы дарэшты здранцвелы ад сцюжы абшар.

 

У такія часы выйсці з дому не ўсе пажадаюць —

паглядаць праз акно спакайней, чым ісці за парог,

дзе праз белую замець сцяжынкі сабе прабіваюць

тыя, хто не спужаўся занесеных снегам дарог.

 

Не па мне назіраць, як завея калючая злая

намятае сумёты ў бліжэйшых да дому кустах.

З тымі хочацца быць, хто праз гурбы сляды пракладае

і ў жыцці не шукае пратораны іншымі шлях.

 

Гэта толькі два вершы з тых, што складаюць гэты зборнік. А ўвайшло іх у кнігу больш чым паўсотні — на радасць аматарам паэзіі, сярод якіх вельмі шмат прыхільнікаў творчасці Віктара Курловіча.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3114 раз Печать