Усеславянскае значэнне спадчыны Скарыны - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 02 Сентября 2017 11:26

Усеславянскае значэнне спадчыны Скарыны

Гэты год — незвычайны для айчыннай культуры. Сёлета ва ўсіх гарадах, мястэчках і вёсках нашай сінявокай Беларусі адбываюцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, асобе першадрукара Францішка Скарыны, 135-й гадавіне з дня нараджэння яго таленавітых паслядоўнікаў, стваральнікаў літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Больш таго, 2017 год — год Навукі, якая заўсёды даследавала самае гуманнае, перадавое, якаснае, тое, што хвалявала народ і грамадства.

Мне захацелася прааналізаваць, як жа навука ўпісвалася ў гісторыю мастацтва. Біяграфія пісьменнікаў, зразумела, не бярэцца з пустога месца. І як добра, што ва ўсе гады ў Беларусі працавалі таленавітыя даследчыкі — гісторыкі літаратуры, літаратуразнаўцы, без скрупулёзных прац якіх нам цяжка сёння было б узнавіць эвалюцыю беларускай духоўнасці, разгадаць феномен душы нашага народа.

Скарына несумненна з’яўляецца не толькі яркім і значным прадстаўніком беларускай культуры эпохі Адраджэння, але і вялікім духоўным настаўнікам навукова-тэхнічнага, камп’ютарызаванага 21 стагоддзя. Чаму? Таму што ён увайшоў у гісторыю як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс сваёй дзейнасці бачыў у служэнні народу, імкнуўся далучыць суайчыннікаў да неабсяжных здабыткаў культуры, здзяйсняючы гэта праз кнігі. Яго кнігі зрабілі значны ўплыў на духоўную культуру Беларусі, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Дарэчы, пачаткам кнігадрукавання на Беларусі лічыцца 1517 год, калі Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу “Псалтыр”.

Скарыназнаўства — комплексная навука, прадметам даследавання якой з’яўляецца жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны ў розных ракурсах. Пачэсна, што самыя першыя звесткі пра кнігі Скарыны былі занатаваны яшчэ пры жыцці аўтара (віленскі святар Мацвей, 1522). На працягу 16—18 ст. кнігі першадрукара сустракаюцца ў інвентарах манастыроў, звестках пра прыватныя кнігазборы. У 19 ст. пачалі звяртацца да старабеларускай кніжнай традыцыі, згадваць постаць Скарыны як сімвал творчай жыццяздольнасці беларускага народа. Адзначу, што пачатак сістэматычнаму вывучэнню Скарыны паклалі працы П. Аляксеева, І. Бакмейстэра, І. Штрытэра і інш. Найбольш грунтоўна выданні друкара апісаў В. Сопікаў, які, дарэчы, выказаў меркаванне пра беларускі характар мовы перакладаў. А пытанне пра мову Скарыны, “ўзоры беларускай гутаркі 16 ст.”, першым навукова паставіў Ф. Буслаеў.

Этапная роля ў дакастрычніцкім скарыназнаўстве належыць манаграфіі П. Уладзімірава “Доктар Францыск Скарына” (1888). Гэта першае даследаванне, напісанае на скрупулёзным вывучэнні першакрыніц. Гонарам агульнаславянскай культуры назваў Скарыну ўкраінец І. Франко.

Максім Багдановіч першым звярнуўся да асэнсавання вобраза першадрукара (верш “Безнадзейнасць”). У зборніку “400-лецце беларускага друку” (1926) творчасць Скарыны разглядалася ў цеснай сувязі з заходнееўрапейскай традыцыяй. У “Скарыніяне” У. Пічэты (1926) зроблены агляд скарыназнаўчай літаратуры за 1776—1926 гг. У 1925—1926 гг. як усенароднае свята адзначалася 400-годдзе беларускага друку. Янка Купала напісаў “Ліст да палачан”. І. Дварчанін падрыхтаваў у Пражскім універсітэце дысертацыю “Ф. Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе”.

Першым савецкім манаграфічным даследаваннем пра Скарыну стала праца М. Алексютовіча “Скарына, яго дзейнасць і светапогляд” (1958). Якаснаму ўзбагачэнню скарыназнаўства садзейнічала шырока адсвяткаванае ў Беларусі 450-годдзе беларускага кнігадрукавання” (1967). З’явіўся навуковы зборнік “450 год беларускага кнігадрукавання” (1968). У “Скарыніяне” А. Флароўскага прааналізавана скарыназнаўчая літаратура за 1926—1965 гг. Юбілей айчыннай кнігі быў азнаменаваны таксама ўвядзеннем у шырокі ўжытак сапраўднага імя першадрукара Францыск (хоць па-беларуску больш правільна было б — Францішак). А знойдзены ў Нацыянальнай бібліятэцы (Капенгаген) поўны экзэмпляр “Пасхаліі” з календаром праваслаўных святаў дазволіў датаваць “Малую падарожную кніжку” 1522 г. і на тры гады раней аднесці пачатак кнігадрукавання на тэрыторыі СССР.

Многія даследчыкі розных краін і часоў унеслі грунтоўны ўклад у тое, каб захаваць для нашчадкаў каштоўныя экзэмпляры кніг Скарыны. Захавалася звыш 300 экзэмпляраў Скарынавых выданняў і іх фрагментаў, якія зберагаюцца ў розных бібліятэках, архівах і музеях свету, найбольш у Санкт-Пецярбургу і Маскве. Нядаўна дзякуючы шматлікім намаганням на Бацькаўшчыну вярнулася “Малая падарожная кніжка”.

У маёй асабістай бібліятэцы ёсць шмат кніг па скарыназнаўству, якія я з вялікай ахвотай перачытваю (сярод іх: Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. — Мн., 1993; Конан У. М. Боская і людская мудрасць: (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд). Мн., 1990; Мальдзіс А. Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988 і іншыя).

Як бачым, навуковая база да святкавання 500-годдзя айчыннага друку салідная і грунтоўная. Мы, беларусы, можам ганарыцца ёй перад усім цывілізаваным светам. А скарыназнаўства дапамагае кожнаму з нас асэнсоўваць ролю Скарыны ў развіцці айчыннай, еўрапейскай і сусветнай культуры ад Сярэднявечча да сучаснасці. Як цудоўна, што 500-годдзе выдання Псалтыра шырока адзначаецца ва ўсім свеце. Ужо рэалізаваны новыя літаратурныя праекты, адбыўся шэраг маштабных мерапрыемстваў. Сапраўдны навукова-выдавецкі подзвіг — рэалізацыя агульнанацыянальнага праекту па выпуску факсіміле поўнага збору кніг Скарыны.

Упэўнены, сёлетні Дзень беларускага пісьменства, лейтматывам якога стане 500‑годдзе беларускага кнігадрукавання, упіша свае цікавыя і адметныя старонкі ў далейшыя абсягі скарыназнаўства. Дарэчы, і сам горад адзначае сваё 1155‑годдзе, які таксама чакае кожнага сапраўднага беларуса ў госці. Можна ўсёй сям’ёй, разам са сваімі калегамі і аднадумцамі далучыцца да ўсебеларускага народнага свята — надзвычай важнага для душы кожнага беларуса.

Перакананы, і ў 21 стагоддзі будуць напісаны чарговыя старонкі як скарыназнаўства, так і ўсёй беларускай духоўнасці. Спадчына Скарыны мае ўсеславянскае і ўсееўрапейскае значэнне. Яго мудрыя думкі і глыбокія ідэі актуальныя і сёння. Пакуль людзі цікавяцца гісторыяй кнігі, памяць аб прароках нацыі жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Шаноўныя юбілеі, памятныя даты — усё гэта тыя карані, якія сілкуюць нас, без чаго не можам рухацца наперад. Наша Айчына багата сваёй духоўнасцю, кніжнымі традыцыямі, вывучэннем якіх займалася не адно пакаленне даследчыкаў. Кожны беларус павінен ведаць гісторыю Бацькаўшчыны і ганарыцца ёю. А сапраўдная любоў да матчынай мовы, роднага краю, магчыма толькі праз добрае веданне літаратуры, гісторыі, культуры. Важную ролю ў працэсе фарміравання нацыянальнай свядомасці адыгрывае яго вялікасць КНІГА. Цікавасць да мінулага, да сваіх каранёў, да сваёй спадчыны і выклікае неабходнасць данесці яе да нашчадкаў, новых унікальных даследаванняў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3682 раз Печать