Напярэдадні новага навучальнага года педагогаў раёна сабраў традыцыйны жнівеньскі педсавет, які падвёў вынікі работы сістэмы адукацыі і вызначыў планы на бліжэйшую перспектыву - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 31 Августа 2018 18:25

Напярэдадні новага навучальнага года педагогаў раёна сабраў традыцыйны жнівеньскі педсавет, які падвёў вынікі работы сістэмы адукацыі і вызначыў планы на бліжэйшую перспектыву

Галоўнай задачай па-ранейшаму застаецца якасць навучання.

Прэлюдыяй сур’ёзнай размовы стала прадстаўленне маладых педагогаў, якія сёння папоўнілі вялікую настаўніцкую сям’ю Ваўкавышчыны. 27 дыпламаваных спецыялістаў выйшлі на сцэну гарадскога Дома культуры ў суправаджэнні вучняў. Свае пажаданні на доўгую і шчаслівую дарогу калегам-пачаткоўцам даў дырэктар гімназіі № 1 Мікалай Аляксандравіч Дзуновіч.

З таго, што кадры — гэта галоўнае, пачаў даклад начальнік упраўлення адукацыі Міхаіл Баля­слававіч Сямёнчык. Перш за ўсё ён павіншаваў маладых педагогаў, заўважыўшы, што сёння ён сам на адным узроўні з імі, таму што толькі атрымаў назначэнне на новую пасаду — так што вучыцца ім разам. Вучыцца ёсць у каго — у мінулым годзе ў сістэме адукаці працавала 1503 педагога. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі 81,9 працэнта маюць катэгорыі, 65 працэнтаў такіх — у дашкольнай, 65,1 — у дадатковай адукацыі. Дарэчы, звяртаючыся да папаўнення, кіроўца заўважыў, што на працягу трох гадоў у раёне застаецца 65 працэнтаў маладых педагогаў.

Дашкольным выхаваннем пяцігодкі ў раёне ахоплены поўнасцю. Павялічылася колькасць груп кароткатэрміновага знаходжання — зараз іх 63 з 538 дзецьмі, 15 з іх працуюць у сельскай мясцовасці. Выхавацелі дашкольнай адукацыі актыўна павышаюць свой прафесійны ўзровень: 22 педагога праходзяць перападрыхтоўку ў вышэйшых навучальных установах, завочна займаецца ў вну 31 педагог.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі створаны ўсе неабходныя ўмовы для забяспячэння даступнага якаснага навучання. 402 вучня 12 устаноў адукацыі вывучалі прадметы на павышаным узроўні. Працягвалі работу профільныя класы педагагічнай накіраванасці — сем выпускнікоў атрымалі рэкамендацыі для паступлення ў вну. Наогул было заключана 10 дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы. 44 выпускніка сярэдняй школы ў 2018 годзе былі ўзнагароджаны залатым медалём, але 100 балаў, на жаль, на цэнтралізаваным тэсціраванні не набраў ніхто. Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што па сямі вучэбных прадметах вынікі ЦТ вышэй абласных паказчыкаў (у мінулым годзе былі толькі па двух), 13 чалавек набралі больш за 95 балаў, 16 — болей 90.

Выніковым мінулы навучальны год быў у алімпіядным руху. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы школьнікі атрымалі пяць дыпломаў супраць аднаго ў 2017 годзе, двое ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі. Высока былі адзначаны веды прадстаўнікоў абедзвюх гімназій, СШ № 7 і Рэплеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. З 18 да 27 павялічылася колькасць дыпломаў па выніках абласной алімпіяды. Дыплом трэцяй ступені з рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі прывезлі навучэнцы гімназіі № 2. На вялікі жаль, раён губляе свае пазіцыі на алімпіядзе па працоўнаму навучанню, інфарматыцы, біялогіі, на працягу чатырох гадоў няма пераможцаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, грамадазнаўству, англійскай мове.

Новаўвядзенне гэтага года — працоўнае навучанне ў 10 класе. Хто не ахоплены профільным навучаннем, будзе атрымліваць прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасцях трактарыст-машыніст катэгорыі “А”, сталяр, швачка, слесар па рамонце аўтамабіляў, тынкоўшчык.

Што тычыцца спецыяльнай адукацыі, то апошнім часам распачата работа па забеспячэнню суправаджэння дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі. У сувязі з гэтым набывае актуальнасць пытанне забеспячэння ўстаноў адукацыі кваліфікаванымі кадрамі.

У мінулым навучальным годзе прыярытэт надаваўся ідэалагічнай рабоце. Захаваецца ён і сёлета.

Падрабязней на асобных напрамках дзейнасці педагогаў раёна і сваіх устаноў адукацыі засяродзілі ўвагу дырэктар СШ № 7 Аляксандр Іванавіч Бакуновіч, які расказаў пра супрацоўніцтва школы і Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, дырэктар Вярэйкаўскай СШ Вольга Яўгенаўна Шабат, якая сваё выступленне прысвяціла прафесійнаму навучанню, Алена Іосіфаўна Саўко, тэмай свайго выступлення абраўшая аздараўленне школьнікаў і летнюю занятасць падлеткаў.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Уладзі­міраўна Курганская вызначыла тыя праблемы, над якімі, на яе думку, педагогам нашага раёна трэба працаваць у першую чаргу. У прыватнасці, яна папрасіла больш увагі звяртаць на вучняў, якія не ўваходзяць у катэгорыю адораных і высокаматываваных дзяцей (апошніх, дарэчы, у навучальных установах у сярэднім толькі 20—30 працэнтаў), але маюць такое ж права заняць у жыцці дастойнае месца. Даць ім правільныя арыенціроўкі павінен настаўнік.

Прыемнай нечаканасцю для прысутных стаў зварот, які прыслалі на нараду выпускнікі СШ г. п. Краснасельскі Аляксандр і Арцём Каральчукі. У свой час, дзякуючы перамозе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, хлопцы паступілі на прэстыжны факультэт БДУ — інфарматыкі і радыёэлектронікі. У 2015 годзе нашы землякі заснавалі сваю фірму ў Мінску, якая займаецца распрацоўкамі праграмнага забеспячэння для многіх краін. З вялікай павагай успамінаючы свайго настаўніка інфарматыкі Анатолія Іванавіча Лакатуна, які даў ім пуцёўку ў самастойнае жыццё, Аляксандр і Арцём у памяць аб ім засноўваюць прэмію імя педагога — пакуль толькі для ініцыятыўных вучняў Краснасельскай школы і іх творчых настаўнікаў.

Свае парады педагогам, як стаць паспяховым і зрабіць паспяховым вучня, далі стыпендыяты прэміі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Алена Іосіфаўна Саленік і Яўгенія Іванаўна Заморская.

Цёплыя словы ўдзячнасці і павагі адрасаваў усім педагогам старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Станіслававіч Навіцкі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3606 раз Печать