#Вышыванка назаўжды. Ці добра ведаем мы, што ж такое сапраўдная беларуская вышыванка? Які сэнс нясуць гэтыя на першы погляд простыя сімвалы? - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Наше видео

Суббота, 30 Июня 2018 09:14

#Вышыванка назаўжды. Ці добра ведаем мы, што ж такое сапраўдная беларуская вышыванка? Які сэнс нясуць гэтыя на першы погляд простыя сімвалы?

Адкрываю бабулін куфэрак… Колькі тут прыгожых рэчаў, створаных з любоўю, надзеяй, марамі пра будучыню. Вялікі белы абрус, багата аздоблены вышыўкай і карункамі — святочны, яго засцілалі, калі ў дом прыходзілі госці. Маленькая беленькая кашулька — у такіх хрысцілі немаўля, а потым старанна захоўвалі для наступнага, казалі, — каб дзеці сябравалі. Прыгожы белы ручнік-набожнік, такімі аздаблялі абразы ў чырвоным куце. Яшчэ адзін ручнік — з галубамі, гэта вясельны… Усе рэчы багата вышыты мудрагелістымі ўзорамі, сярод якіх можна разгледзець і дзівосныя расліны, і чароўных птушак, і не­звычайных жывёл. Некалі вышыванка была самым папулярным сродкам упрыгожвання адзення і побытавых рэчаў.

На доўгія гады вышыванка была незаслужана забыта, адкінута як састарэлая, аджыўшая, несучасная. Убычыць яе можна было ў краязнаўчых музеях або на фальклорных святах. Нават уявіць сабе сучасную кашулю, а тым больш — вячэрнюю сукенку з вышыванкай было немагчыма. І ўсё ж… Сёння беларуская вышыванка адраджаецца. Як элемент дызайну яе выкарыстоўваюць у сваіх калекцыях мадэльеры многіх модных брэндаў. Рэчы, аздобленыя традыцыйнымі беларускімі ўзорамі, карыстаюцца сенсацыйным попытам. Адзенне з нацыянальным арнаментам з задавальненнем носяць і дзеці, і дарослыя. Але ці добра ведаем мы, што ж такое сапраўдная беларуская вышыванка? Які сэнс нясуць гэтыя на першы погляд простыя сімвалы?

Чырвоным па беламу

Бліжэй пазнаёміцца з беларускай вышыванкай можна ў Роскім цэнтры рамёстваў. Яго супрацоўнікі беражліва збіраюць, захоўваюць і вывучаюць прадметы беларускай даўніны, якія засталіся нам у спадчыну. У музеі народнага быту, які існуе ў цэнтры, можна ўбачыць мноства ручнікоў і абрусаў, кашуль і фартухоў, упрыгожаных традыцыйнымі ўзорамі. Некаторым экспанатам — больш за сто год.

— Гісторыя беларускай вышыванкі налічвае стагоддзі, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік цэнтра Аксана Талькоўская. — Напэўна, ні адзін даследчык не назаве вам дакладную лічбу. Вядома, што пачатак свой яна бярэ яшчэ ў дахрысціянскія часы. Традыцыйны беларускі арнамент — гэта своеасаблівы абярэг, які з дапамогай сімвалаў павінен быў абараніць чалавека ад зла. Невыпадкова гэтымі сімваламі аздабляліся рукавы, падол, каўнер адзення — тыя месцы, праз якія да чалавека маглі трапіць злыя духі…

Часцей за ўсё ў арнаменце выкарыстоўваліся геаметрычныя матывы: кругі, ромбы, кропкі, лініі, крыжыкі, з якіх складаліся простыя сімвалы: «сонца» «дождж», «агонь», «дзіця»… Кожны сімвал мае свой сакральны сэнс. Лічылася, што «сонца» дае сілу і ўраджай, «пярун» аберагае ад дурнога вока, «агонь» лечыць ад немачы, сімвал «дзіця» бароніць дзяцей ад любых нягод і няшчасця. «Лупаты казёл» сімвалізаваў працавітасць, заможнасць, багацце і магічны зрок. А вось дрэнных сімвалаў, такіх як «бяда», «смерць», «вайна», сярод беларускіх сакральных знакаў мы не знойдзем — зла беларусы не жадалі ніколі і нікому.

Багата аздаблялася ўзорамі не толькі адзенне, але і рэчы хатняга побыту. Напрыклад, ручнікі. Як вядома, у нашых продкаў ручнік служыў не толькі для таго, каб выціраць рукі, ён выкарыстоўваўся ў важных абрадах і суправаджаў чалавека праз усё жыццё, ад пачатку і да канца. На ручнік прымалі пры нараджэнні і падчас хрышчэння немаўля, ён быў абавязковым элементам у вясельным абрадзе, на ручніках апускалі труну ў магілу... Хворага чалавека абціралі ручніком з нанесенымі сімваламі здароўя і жыцця…

Нашы продкі доўгі час верылі ў магічную сілу сімвалаў. З цягам часу гэтая вера цесна пераплялася з верай хрысціянскай: калі ў хаце хварэла дзіця, ручнік, вышыты сімваламі дзіцяці і здароўя, вешалі на абраз у чырвоным куце. У кожнай хаце былі ручнікі, вышытыя «ад засухі», «ад неўраджаю», «ад хваробы»... Сакральныя славянскія сімвалы нашы продкі спалучалі з хрысціянскімі малітвамі. І таму ў многіх хатах можна было ўбачыць абразы з набожнікамі, расшытымі вышыванкай.

У пазнейшы час сімвалы становяцца больш складанымі, у вышыванцы з’яўляюцца раслінныя матывы і выявы жывёл. А вось колеры, якія выкарыстоўваліся ў рабоце, застаюцца нязменнымі: чырвоны ўзор на белым фоне. Белы сімвалізаваў чысціню, чырвоны — колер сонца, крыві, самога жыцця. Лічыцца, што з усіх славян толькі беларусы захавалі нязменнымі і колеры, і традыцыйны выгляд арнаменту яшчэ са старажытнаславянскіх часоў. У канцы XIX стагоддзя да чырвонага і белага пачалі далучаць чорны, але ён ніколі не выкарыстоўваўся як асноўны, а толькі як дадатковы да чырвонага.

У многіх краязнаўчых музеях можна ўбачыць прыклады рознакаляровай вышыванкі — гэта арнамент больш позняга часу, вынік асіміляцыі традыцый розных народаў і нацыянальнасцей. Напрыклад, зялёны колер мы пазычылі ад мусульман. У музеі цэнтра рамёстваў таксама ёсць вырабы, вышытыя рознакаляровымі ніткамі, з нашымі, мясцовымі асаблівасцямі.

— Па вышыванцы можна было пазнаць, з якой мясцовасці жанчына. Напрыклад, на ваўкавышчыне гаспадыні аздаблялі фартухі не толькі па падоле, але абавязкова вышывалі канцы завязак і кішэню. Для нашай, ваўкавыскай, вышыванкі характэрны сціплыя, нязыркія колеры, — Аксана Георгіеўна дастае з музейных паліц фартухі і кашулі. — Але цяпер ужо цяжка знайсці «чыста ваўкавыскі» ўзор. Паступова традыцыі розных раёнаў змешваліся. У вёсцы як бывала? Хлопец узяў замуж дзяўчыну з другой мясцовасці, яна прывезла з сабой пасаг: пасцель, ручнікі, кашулі… Прывезла сваю моду, іншыя фасоны, узоры карунак, вышыўкі. Жанчыны ўбачылі, упадабалі, перанялі. Вось да мясцовых традыцый далучыліся новыя.

У ХХ стагоддзі майстрыхі ўсё больш сталі аддаваць перавагу вышыўцы гладдзю. Яна ўжо не мела сакральнай функцыі, хоць некаторы сімвалізм і традыцыйнасць у ёй таксама можна прасачыць. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

З музея — да новага жыцця

Яшчэ 10—15 год таму купіць вышыванку можна было хіба што ў сувенірнай краме. Цяпер многія майстрыхі прапануюць вышыванкі ручной работы, а беларускія вытворцы — сучаснае адзенне з выкарыстаннем традыцыйных матываў і арнамента.

Сапраўдную беларускую вышыванку няцяжка зрабіць сваімі рукамі, калі ў вас ёсць мінімальныя навыкі. Што для гэтага патрэбна — мы запыталі ў метадыста Роскага цэнтра рамёстваў, кіраўніка гуртка “Ўзоры”, члена Беларускага саюза майстроў Ірыны Пекар.

— Для гэтага нам патрэбны перш за ўсё натуральныя матэрыялы: ільняная аснова, ніткі, мулінэ або паўшарсцяныя. Я звычайна бяру слонімскія, яны добра кладуцца і не пускаюць фарбу. Абавязкова чырвоныя, нават цёмна-чырвоныя, ці, як раней казалі, «бурачковыя». Менавіта такі колер характэрны для сапраўднай беларускай вышыванкі. Атрымліваўся ён асаблівым чынам: вышывалі майстрыхі чырвонымі ніткамі, звычайна на ільне, які пасля мыцця крыху афарбоўваў вышыванку і яна станавілася больш цёмнай, «бурачковай». Акрамя таго, нам спатрэбяцца пяльцы і іголка. Малюнак арнамента можна знайсці ў інтэрнэце, я толькі параю ўважліва аднесціся да выбару ўзору згодна са значэннем сімвалаў. Вышываць можна двума спосабамі: крыжыкам і процягам. Вышыўка процягам таксама адносіцца да традыцыйнай беларускай, але гэта больш позняя тэхніка. Такую вышыванку выконваюць швом «наперад іголку», працягваючы нітку адразу па ўсёй даўжыні ўзору, крыху нацягаючы, але нямоцна, каб яна ляжала на тканіне свабодна і не сцягвала яе.

На мой погляд, гэты спосаб больш складаны ў выкананні, чым вышыўка крыжыкам, бо трэба вельмі добра разлічыць даўжыню ніткі на кожны радок. Калі яе раптам не хопіць, схаваць вузельчык у сярэдзіне радка будзе вельмі складана. Затое такая тэхніка дазваляе эканоміць нітку: у параўнанні з вышыўкай «крыжыкам» яе спатрэбіцца амаль у два разы менш. Думаю, менавіта па гэтай прычыне беларускія мастрыхі аддавалі ёй перавагу.

Ірына Пекар і яе калегі імкнуцца не толькі захаваць усю сабраную вышываную спадчыну, паказаць яе жыхарам і гасцям раёна, але і перадаць традыцыі маладому пакаленню, зрабіць беларускую вышыванку папулярнай і сёння. Для гэтага ў цэнтры рамёстваў працуе гурток, дзе ўсе жадаючыя могуць займацца вышыўкай, у тым ліку — і традыцыйнай. Для папулярызацыі ідэі супрацоўнікі музея сваімі рукамі ствараюць сувеніры з традыцыйнай беларускай сімволікай: магніты, вокладкі для кніг, блакнотаў, штодзённікаў, сурвэткі, кашалькі, касметычкі. Усе гэтыя вырабы з нацыянальным каларытам карыстаюцца вялікай папулярнасцю на кірмашах і выставах, у якіх цэнтр прымае ўдзел.

— Сёння мы назіраем узрост цікавасці да вышыванкі і да народнай культуры ў цэлым, — адзначае Ірына Андрэеўна. — Людзі ўспамінаюць свае карані, традыцыі, вучацца іх цаніць. Мы — беларусы, і нават на падсвядомым узроўні мы адчуваем прыхільнасць да свайго, традыцыйнага. Работнікі цэнтра рамёстваў вельмі рады, што беларусы цікавяцца вышыванкай не толькі як гісторыяй, але выкарыстоўваюць яе ў штодзённым жыцці.

Шануюць беларускую вышыванку не толькі на Беларусі. Работы Ірыны Андрэеўны ў традыцыйнай тэхніцы не раз былі прадстаўлены на розных фестывалях і выставах і атрымалі мноства ўзнагарод. Двойчы яна паказвала беларускую вышыванку на Ягелонскім кірмашы ў Любліне, буйнейшым у Еўропе, і абодва разы яе работы былі высока ацэнены журы і аматарамі.

Сёння рэчы з бабулінага куфэрка вяртаюцца да жыцця. Яны перастаюць быць толькі экспанатамі краязнаўчага музея і зноў займаюць месцы на сталах, сценах і паліцах. Народнае мастацтва зноў запатрабавана і шануецца беларусамі. Да супрацоўнікаў цэнтра рамёстваў усё часцей звяртаюцца з заказамі на ручнікі, дываны, кашулі, фартухі і нават… вясельныя сукенкі. Дарэчы, менавіта такую сукенку майстрыхі зрабілі нядаўна для сваёй калегі Ілоны Пасцерняк. А на выставе, размешчанай зараз у фае цэнтра, можна пабачыць касцюмы, у якіх супрацоўніцы бяруць удзел у розных мерапрыемствах. Яны зроблены па ўсіх канонах і традыцыях, і, вядома, аздоблены вышыванкай.

Вядома, мы ўжо не вернемся да традыцыйнага беларускага строю, ды гэта і не патрэбна. Даўнейшае адзенне не адпавядае ўмовам і тэмпу сучаснага жыцця. Але і ў сённяшняй рэальнасці для беларускай вышыванкі павінна знайсціся годнае месца. Я ўжо прыгледзела сабе футболку з вышыванкай, якую абавязкова вазьму на адпачынак. А яшчэ — некалькі сувеніраў з сімваламі здароўя, міру і дабрабыту для новых знаёмых і сяброў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 5784 раз Печать