Сіла любові і веры - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Наше видео

Воскресенье, 12 Июня 2016 00:00

Сіла любові і веры

Тома, Тамулька, Тамарка... Яна — эталон вернасці, любові, надзеі, веры і падтрымкі для любімага і роднага мужа Аляксандра.

У маляўнічай вёсачцы Дзятлавічы, што непадалёку ад Росі, у сям’і Ціток нарадзілася першая дзяўчынка. Тома, Тамулька, Тамара — так называлі яе ласкава. Знешне сціплая, прывабная і абаяльная, а такая рашучая, мужная і ўпэўненая ўнутры. Сіла любові і веры ў сябе, жаданне дапамагчы роднаму чалавеку, падтрымаць яго ў цяжкія часы жыцця, прыстасавацца да новых абставін, напэўна, загартавалі яе характар.

Пра яе, Тамару Генадзьеўну Балтрукевіч, нашу братавую, хочацца расказаць на старонках роднай газеты, пра яе жаночы і мацярынскі подзвіг. Так-так, я не памылілася, калі выкарыстала такое высакамоўнае слова. Падумайце, ці не подзвіг гэта, што маладая 28-гадовая жанчына не адраклася ад мужа-інваліда, калясачніка, а стала яго надзеяй, падмогай, яго верай і сілай духу. Навучыла змагацца, не паддавацца дрэнным спакусам жыцця. З дапамогай жонкі і дзвюх дачушак — Ілонкі і Юлькі — навучыўся Саша жыць па-новаму.

Муж Тамары, а наш самы малодшы брат, нарадзіўся і жыў у той самай вёсцы, яны былі аднакласнікамі. Тамара право­дзіла яго ў армію і абяцала чакаць. У 1982 годзе згулялі вяселле. Маладая жонка працавала ў дзіцячым садку, Саша — на заводзе ДБАМ. Засяліліся ў новую кватэру. Зажыла дружная і шчаслівая сям’я, пачалі будаваць свой сямейны самастойны прычал.

Бяда прыйшла знянацку. Чорны верасень 1989 года ўварваўся ў шчаслівы сямейны лад. Па халатнасці і недагляду адказных асоб Аляксандр застаўся прыкаваны да інваліднай каляскі. На руках Тамаркі засталіся 6-гадовая і трохмесячная дачушкі. Другая б жанчына разгубілася ці прыняла рашэнне, выгаднае для сябе. Ды толькі не Тома! А Тамарка, бы тая гаманлівая крынічанька, захавала ў сабе сілу душы, не страціла веры і надзеі (хаця дактары ў Мінску ніякага суцяшальнага прагнозу на жыццё не давалі).

Помніцца, мы ехалі ўсе разам у Мінск, у бальніцу. Я здалёк завяла размову, асцярожна так папрасіла:

— Томачка, давай вытрымаем бальнічны і аперацыйны перыяд, падтрымаем Сашу, дапаможам яму набыць упэўненасць на выздараўленне. Затым вырашыш, як паступіць далей.

Тамарка паглядзела адкрыта нам у вочы і, не раздумваючы, адказала:

— Чаму вы так пра мяне падумалі? Сашу я вельмі-вельмі люблю, ён бацька нашых дачушак, яны дапамогуць яму выжыць. Ніколі не гаварыце і не думайце больш так. Я мужная і цярплівая!

Яна штодня клапоціцца пра яго здароўе. Яна не ўмее скардзіцца на свой жаночы лёс. Мудрасць і разважлівасць, працавітасць і міласэрнасць, уменне пераадолець нягоды і цяжкасці — вось такія рысы характару адпавядаюць гэтай Жанчыне.

Кажуць, якое зерне кінеш у глебу, такія парасткі з’явяцца на свет. Побач стаяць словы любоў і вера. У жыцці герояў апавядання былі самыя родныя жанчыны: Любоў —- матулька Томачкі, Вера — матулечка Сашы. Яшчэ ў дзяцінстве яны навучылі дзяцей ца­ніць дабро, любіць жыццё, быць міласэрнымі і спагадлівымі.

Гэты год для сям’і Балтрукевіч юбілейны. Ім па 55. Тамара Генадзьеўна для сваіх дачушак — крынічка радасці, любові і пяшчоты. Сімвал мацярынскай шчырасці і адказнасці — для малодшых сясцёр. Быццам асвяжаючы струменьчык цяпла, душэўнай абаяльнасці — для нас, родных мужа. Эталон вернасці, любові, на­дзеі, узаемаразумення — для любімага і роднага Аляксандра.

З юбілеем цябе, наш мілы і любы чалавек, наша Гена­дзьеўна! Нізкі паклон ад нашай вялікай і дружнай сям’і! Дзякуем, любая, за Сашу, за дачушак-прыгажунь. Самых шчырых і светлых пажаданняў здароўя, шчасця, дабра, любові і веры! І многія лета!

Лілія ДАВЫДОВІЧ

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3265 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Радость подарили Коробчицы Для детей и взрослых