Версия для печати
Воскресенье, 20 Февраля 2022 17:53

Наша, родная, народная

Як вы ставіцеся да інтэрферэнцыі ва ўмовах білінгвізму? Знайшла, што папытаць, праўда? Не хвалюйцеся. Гэтымі двума незразумелымі навуковымі тэрмінамі ў пытанні я і абмяжуюся. Далей гаворку весці буду на “чалавечай” мове. Сёння — па-беларуску. Маю права. Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

Адказваючы на тэлефонныя званкі на рабочым месцы: “Рэдакцыя газеты “Наш час”, добры дзень, слухаем вас”, — першыя некалькі секунд чую разгубленую цішыню і збянтэжаную паўзу ў тэлефоннай трубцы. Пасля на другім канцы проваду, ві­даць, прыйшоўшы да сябе пасля такой беларускамоўнай атакі, чалавек вітаецца і пачынаецца гаворка. Часцей за ўсё — па-руску. Так складваецца, што мне прасцей пераключыцца на рускую мову, чым таму, хто патэлефанаваў у рэдакцыю, свае пытанні вырашаць са мной па-беларуску. Вось і атрымліваецца анекдатычная сітуацыя з жыцця: “Ніхто не размаўляе па-беларуску? Досыць гэта трываць! Пераходзь на рускую!” За ­пяць гадоў маёй работы толькі разоў пяць ад сілы са мной прадаўжалі гутарку на роднай мове. От, нічога не папішаш, не скажаш, не зробіш. Дзве дзяржаўныя мовы. Білінгвізм. Гарадское насельніцтва ў большасці сваёй размаўляе па-руску. Старэйшае пакаленне ў вёсцы актыўна разбаўляе трасянку мясцовымі дыялектамі. Вясковая ­моладзь перацягвае словы з рускай мовы ў беларускую і наадварот. Інтэрферэнцыя.

Цяпер не модна быць маналінгвам — валодаць толькі адной мовай. Сучасныя бацькі стараюцца, каб дзіця ведала і свабодна карысталася мінімум дзвюма мовамі, адна з якіх абавязкова павінна быць замежнай, пажадана — англійскай. Білінгвізм не толькі сёння сапраўды адкрывае намнога больш магчымасцей. І яно зразумела, на трасянцы далёка не паедзеш. Вось і атрымліваецца: у школе нам лягчэй даецца руская мова, яна ж суправаджае зносіны на бытавым узроўні, а для паўнаты кругагляду мы вывучаем замежную. І родная беларуская, як ні круці, зноў застаецца толькі на ўзроўні — максімум паразмаўляць з выкладчыкам на ўроку ды з бабай-дзедам у вёсцы. Вось толькі такіх, па-беларуску, з мясцовым “прысмакам і водарам” гаваркіх бабуль-дзядуль у сучасных аграгарадках усё менш. Маім дзецям зусім не будзе ад каго паслухаць беларускую вясковую гаворку. Трывожна.

Я гадавалася ва ўмовах “полілінгвізму”. Вакол мяне ў дзяцінстве круцілася безліч “іншамоўных” і ў той жа час родных слоў. Беларускія, рускія, украінскія, польскія, нямецкія. Нічога. Пераключалася. Можа, па-дзіцячы наіўна і няўмела. Але ўсё ж… Маміны бацькі гаварылі выключна па-беларуску з прымессю паланізмаў і мясцовага дыялекту. Таму і сёння на бытавым узроўні ў гаворцы з мамай прасочваюцца дзядулевы “гумка, рыдлёўка, разынкі, ляндрынкі, коўдра, капа, настольніца, шматка, абцасы, фіранкі, ходнікі, дрынды, ровар, саган, патэльня, рондаль” і іншыя. Вось вы ведаеце, што такое “пытлёваная мука”? А завязаць “хустку пад хіхол” — гэта як? А купіць дзецям “каеты” ў клетку ці лінейку? А чым адрозніваецца “слончык” ад “таборка”, а “коўдра” ад “коца”? А што вы падасце, калі я папрашу сподачак? Я ведаю і помню, пакуль ёсць каму нагадваць. Мама захоўвае маю лінгвістычную памяць пра бабулю і дзядулю. Вы нават не ўяўляеце, наколькі яна асаблівая і якая важная для мяне.

Украінскія дзядуля і бабуля размаўлялі выключна ­па-ўкраінску. Гэта таксама было прыгожа і непаўторна. Прыязджаючы з бацькамі ва Украіну, я ўключала ўсе сваё майстэрства ўкраінскай гаворкі. Яго на працягу года актыўна падтрымліваў і развіваў мой бацька. Ён выпісваў украінскія часопісы, а я ахвотна і з цікавасцю іх чытала. Таму летам на яго малой ­радзіме я ўжо была нядрэнна “па-хахляцку падкаваная”. І паверце, мой украінскі слоўнікавы запас не абмяжоўваўся толькі трыма словамі аднаго пытання “шо це таке?”. За месяц я настолькі ўцягвалася і прывыкала да гутаркі па-ўкраінску, што па вяртанні ў Беларусь было даволі складана пераключыцца на родную мову. Але хто на той час мог сказаць, што роднай мовай мне была выключна беларуская? Украінская таксама была маёй мовай. І мясцовым дыялектам мы не ганьбілі. І трасянкі не цураліся. І ад паланізмаў не спяшаліся пазбавіцца. Неяк прасцей было. І што характэрна — зразумела! Усім і кожнаму.

У той час і ў галаву не магло прыйсці, што Украіна раптам стане не сяброўскаю нам краінай. А размаўляць на яе тэрыторыі па-руску прыраўняецца да злачынства. Вывучаючы ў школе нямецкую мову ў якасці замежнай, і падумаць не магла, што буду не толькі па-дзіцячы наіўна злавацца на фашызм, пра які шмат ведала з гісторыі і літаратуры, але і сёння — на незразумелую палітыку Германіі. Польскую мову ў школе я вывучала факультатыўна дзеля агульнага развіцця, пашырэння кругагляду і каб лепш разумець службы ў касцёле. А не, паверце, з перспектывай з’ехаць з Беларусі ў Польшчу ў пошуках лепшага жыцця…

Як усё змянілася сёння! Шкада, не да лепшага. З універсітэцкага часу пазакінута нямецкая мова. Не выклікае цікавасці польская. Сплываюць з памяці беларускія вясковыя гамонкі. Зусім сціраюцца ў свядомасці ўкраінскія. Чаму? Няма з кім гаманіць-гутарыць, балакати-розмовляти. Вось за гэта дужа крыўдна і балюча. Але такі закон жыцця. Праходзіць час. Сыходзяць пакаленні. А нам застаецца толькі памяць. У кожнага свая. У кожнага розная. Асабістая, сямейная. Агульная, гістарычная. І толькі ад нас ­залежыць, якая яна будзе яшчэ. Доўгая і вечная ці кароткая і бясследная?

Вы насамрэч верыце, што можна сцерці з памяці і выкрэсліць з гісторыі тое агульнае, што яднае ўсе славянскія народы? Напрыклад, мову. Говорить, гаварыць, говорити. Гучыць амаль аднолькава, праўда? Дык няўжо так прынцыпова называць маўленне “правільным” словам? З якой пары рускаму на тэрыторыі Украіны можна толькі “говорити”, а не “говорить”, а лепш — зусім маўчаць? Эх, вы, заканадаўцы-раз’яднаўцы! Вам самім не смешна? А павінна быць страшна. Ператвараць мову ў сродак раз’яднання народаў — вось сапраўднае злачынства. Мова народа — важная састаўная нацыянальнай свядомасці. Руская, беларуская, украінская. У кожнага — свая. Ва ўсіх — адна. Славянская. Мова патрабуе павагі — а не знявагі, абароны — а не забароны, захавання — а не пахавання. Мова павінна заставацца неад’емнай часткай гістарычнай памяці народа.

Дзве дзяржаўныя мовы. Білінгвізм. Інтэрферэнцыя. Ніколі не лічыла гэтыя з’явы праблемамі. Ні лінгвістычнымі. Ні сацыяльнымі. Ні палітычнымі. Змены ў Канстытуцыю прымаю. На рэферэндум іду абавязкова. З упэўненасцю, што ў Беларусі на заканадаўчым узроўні ніколі не будуць ушчыльнены правы беларуска-, руска-, украінска- ці любой другой іншамоўнай часткі насельніцтва.

Кім бы ні былі нашы дзеці — маналінгвамі ці білінгвамі — важна, каб у сэрцы кожнага беларуса, нават паліглота, заўсёды было месца для родных слоў — беларускіх. Няхай сабе недзе дыялектных, у нечым трасянкавых ці нават прыцягнутых з іншай мовы. Білінгвізм і інтэрферэнцыя лепш, чым забарона і адмаўленне. І хто ведае, можа, не літаратурна-адшліфаваная і прыведзеная навукоўцамі-лінгвістамі ў норму, а гэтая самая беларуска-руска-дыялектна-трасянкавая сумесь і ёсць тая самая — наша, родная, народная…

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 663 раз