Воскресенье, 28 Июля 2019 10:33

Віктар Георгіевіч Курловіч: "З фізікаў у лірыкі"

Автор
Віктар Георгіевіч Курловіч чытачам “Нашага часу” вядомы даўно. Калісьці, зусім яшчэ маладым, ён публікаваў свае першыя творы ў ваўкавыскай «раёнцы», якая выходзіла тады пад назвай “Знамя Октября”. Пазней стаў заўсёдным госцем “Ваўкавышчыны літаратурнай” — нашай тэматычнай старонкі, прысвечанай творчасці мясцовых аўтараў. І, можна сказаць, на нашых вачах здзяйснялася ператварэнне самадзейнага паэта ў літаратара-прафесіянала: былога настаўніка фізікі і матэматыкі ў вясковай школе — у члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вось ужо сапраўды літаральна — з фізікаў у лірыкі! Як так выйшла?


— Віктар Георгіевіч, вы памятаеце, калі апублікавалі свае вершы ў першы раз?

— Гэта было ў студзені 1982 года. Прычым абсалютна нечакана для мяне самога. Жонка ўпотай адправіла некалькі вершаў у “раёнку”. Мяне запрасілі на пасяджэнне літаратурнага аб’яднання, якое дзейнічала пры рэдакцыі. Так пачалося маё супрацоўніцтва з газетай і працягвалася некалькі гадоў. Потым быў даволі працяглы перапынак па розных прычынах. А калі я вярнуўся да творчасці, то першы пасля гэтага верш “Ваўкавыск” быў надрукаваны ў 2005 годзе.

Што тычыцца друкавання ў іншых выданнях, першы верш — “Мая сіла” — з’явіўся ў 2008 годзе ў альманаху “Голос надежды”, дзе былі сабраны творы фіналістаў абласного фестывалю педагагічных работнікаў.


— Мінула дзесяць гадоў і ў вас у актыве ўжо два выдадзеныя ўласныя паэтычныя зборнікі плюс публікацыі ў некалькіх выданнях, сярод якіх
ёсць і міжнародныя праекты. Можна пра гэта падрабязней?

— Мой першы зборнік вершаў “Пах медуніцы” выйшаў у 2012 годзе, другі — “На скрыжаванні восені і лета” — у 2017-м. Пасля чаго па рэкамендацыі нашай вядомай паэткі Людмілы Кебіч, старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і рэдактара абодвух маіх зборнікаў, мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Калі гаварыць аб выданнях калектыўных, 22 мае вершы ўвайшлі ў зборнік “Люблю цябе, мая старонка”, выдадзены да 75-годдзя стварэння Ваўкавыскага раёна і 1010-годдзя горада Ваўкавыска. У сакавіку гэтага года выйшаў альманах Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “На нёманскай хвалі” — проза, публіцыстыка, вершы. Там сярод больш за 40 аўтараў ёсць і маё прозвішча.

Няпростым атрымаўся ўдзел у пад­рыхтоўцы паэтычнай анталогіі “Масты”, выдадзенай ў Польшчы. Арганізатары гэтага праекта ставілі мэтай пазнаёміць польскага чытача з сучаснай беларускай паэзіяй. Але для таго, каб перакладчыкі пераклалі нашы вершы на польскую мову, нам самім папярэдне давялося перакладаць іх на рускую. Гэта была не самая лёгкая праца, прытым, што часу на яе было адпушчана вельмі мала.

Зусім нядаўна па выніках фіналу IV Міжнароднага фестывалю-конкурса маладзёжнай паэзіі і паэтычных перакладаў “Берега дружбы” ў Расіі выйшлі два зборнікі: у адным, пад назвай “Пахнут медом наши травы”, ёсць пераклады маіх вершаў на рускую мову, у другім — “Срэбная крыніца” — мае пераклады замежных аўтараў на беларускую мову.

Звярніце ўвагу на назвы гэтых міжнародных праектаў — “Масты”, “Берега дружбы”. Пакуль палітыкі ў чымсьці не могуць дамовіцца, мы стараемся ўсімі сіламі захаваць культурныя сувязі паміж народамі. І асабліва — з нашымі бліжэйшымі суседзямі, бо ў нас шмат агульнага.


— Што адчувае аўтар, калі бярэ ў рукі толькі што выдадзеную кнігу са сваім прозвішчам на вокладцы?

— Першым ўзнікае пачуццё, што нарэшце зрабіў вялікую добрую справу, ажыццявіў тое, што выношваў доўга ў душы. І што зрабіў усё ж такі тое, што людзям вельмі патрэбна, чаго яны чакалі.


— Хочаце сказаць, што лю­дзям усё яшчэ патрэбна паэзія?

— Патрэбна. І ведаеце, я б сказаў, што цікавасць сур’ёзная. Нават сярод моладзі і дзяцей. Мне часта цяпер выступаць даводзіцца, бачу аўдыторыю, якія людзі прыходзяць паслухаць вершы. Апрача гэтага, многія проста пры выпадковай сустрэчы кажуць, што чыталі, цікавяцца, што пішу цяпер. Прыемна, вядома, калі ідзеш па Ваўкавыску, а з табой незнаёмыя лю­дзі вітаюцца. Нават на рыбалцы падышоў чалавек і спытаў, калі наступная кніга выйдзе.


— Вось ён, прыемны смак славы.

— Не трэба пра славу. Я ўжо і горкі смак паспрабаваў усяго гэтага. Маладым здаецца, што калі ўдала пачаў — далей усё само сабой атрымлівацца будзе. А потым раз — і апяк­ліся крылцы. І ў многіх, каго я з маладосці ведаў, як людзей таленавітых, не атрымалася чаго-небудзь дасягнуць. Напэўна, калі б не мая жонка, цяпер мы б не сядзелі з вамі і не размаўлялі на гэтую тэму. Маё вяртанне да творчасці ў большай ступені яе заслуга. Калі 1000-годдзе Ваўкавыска святкавалася, менавіта жонка настаяла — напішы, абавязкова напішы верш, прысвечаны Ваўкавыску. Напісаў яго, і з гэтага пачаўся другі этап маёй паэтычнай творчасці.


— Гэта называецца — пашанцавала паэту з музай. Вольга Мікалаеўна, а вам здараецца крытыкаваць напісанае мужам?

— Я яго першы крытык, ён заўсёды спачатку мне дае пачытаць новыя вершы. Часам яго зачапляюць мае заўвагі, мы спрачаемся, здараецца і мне адстаяць свой пункт гледжання.


— Віктар Георгіевіч, ведаю, што ў апошнія гады вы прымаеце ўдзел практычна ва ўсіх маштабных культурных падзеях, звязаных з літаратурай. Удзельнічалі ў правядзенні Дня пісьменства ў Іванава, у фестывалі нацыянальных культур у Гродна, у міжнародным кніжным кірмашы ў Мінску, у абласным кніжным фестывалі ў Свіслачы. У гэтым годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства абвешчаны Слонім, і паэты Гродзеншчыны будуць на гэтым свяце ўжо не гасцямі, а гаспадарамі. Як ідзе падрыхтоўка, пацешыце з калегамі чым-небудзь асаблівым?

 — Сапраўды, Гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў у ліку адказных за гэтае мерапрыемства, ну, а непасрэдна распрацоўкай праграмы і яе ажыццяўленнем займаецца аргкамітэт. Трэба ўсё старанна прадумаць, таму што тут вельмі важныя дэталі і, перш за ўсё, — выбар пляцовак, на якіх будуць выступаць літаратары. Здараецца, што арганізатары адводзяць для такіх выступленняў самыя нязручныя і аддаленыя месцы, а вялікую сцэну цалкам аддаюць пад канцэртную праграму. У выніку чаканай сустрэчы з чытачамі не атрымліваецца. Так было, напрыклад, у Іванава, дзе нас адцяснілі кудысьці на бок, на другарадныя пляцоўкі.


— Цяжка не пагадзіцца з тым, што не варта зрушваць акцэнты і ператвараць свята, прысвечанае пісьменству, у дзень музычнага фальклору. Будзем спадзявацца, што на Гарадзеншчыне паэтаў любяць болей. А як вы ўвогуле ставіцеся да ідэі правядзення такіх святаў, як Дзень пісьменства?

— Станоўча. Гэта сапраўды свята. Хацелася б толькі, каб больш гучала на ім твораў менавіта на беларускай мове. Тут у нас скрыжаванне культур, госці могуць чытаць свае творы і на польскай, і на ўкраінскай мовах, і многія іх зразумелі б. Але роднай мовы павінна быць больш. Лічу таксама, што вельмі шмат залежыць ад узроўню арганізацыі. І справа нават не ў маштабе мерапрыемства. Вось, напрыклад, у Роскай школе мастацтваў праводзілі літаратурна-музычны вечар. Чытанне вершаў перамяжоўвалі з музычнымі нумарамі, каб дзеці не стамляліся і ўвага не рассейвалася. Атрымалася выдатна, мне вельмі спадабалася. Народу сабралася шмат, нават у калідоры стаялі, а ў канцы вечара літаральна засыпалі пытаннямі, так што сустрэча працягнулася ўдвая даўжэй запланаванага. На жаль, не заўсёды так бывае, часам адчуваеш, што мерапрыемства “дзеля птушкі” праводзіцца.


— На вашу думку, чаму паэтам не заўсёды даюць галоўную сцэну на вялікіх мерапрыемствах, недастаткова часта запрашаюць на камерныя сустрэчы з чытачамі? Можа, мяркуюць, што вы не забяспечыце аўдыторыю?

— Наяўнасць аўдыторыі як раз і залежыць ад таго, як арганізавана мерапрыемства. Акрамя таго, густ да літаратуры трэба прывіваць з дзяцінства. На маю думку, вельмі важна ў такой сферы, каб у адзіным звязку працавалі пісьменнікі, ідэолагі, работнікі устаноў культуры, педагогі. На вялікі жаль, у мяне складваецца ўражанне, што ў нас такой цеснай сувязі няма. Хаця ёсць установы, дзе часта право­дзяць сустрэчы з мясцовымі паэтамі, пісьменнікамі. Напрыклад, ваўкавыская СШ № 8, Вярэйкаўская сярэдняя школа. Добра працуюць у гэтым накірунку Ваўкавыская цэнтральная бібліятэка і яе гарадскія філіялы, Ізабелінская вясковая бібліятэка, Вярэйкаўскі Дом культуры. Але так не ўсюды, нягле­дзячы на тое, што належная ўвага да гэтых пытанняў мае вялікі ўплыў на выхаванне пачуцця патрыятызму.


— Магчыма, адбіваецца агульнае па­дзенне цікавасці да чытання сярод людзей, якія выраслі ў асяроддзі сталай прысутнасці і агульнадаступнасці Інтэрнэту?

— Гэта абыходкавае меркаванне, імкненне проста ісці па лініі найменшага супраціўлення. Лягчэй за ўсё спаслацца на падзенне цікавасці да літаратуры і амаль нічога не рабіць для яе падтрымкі. Тым часам сустрэчы з чытачамі даказваюць, што людзей, якія цікавяцца літаратурай і, між іншым, школьнай, студэнцкай моладзі ў тым ліку, шмат. Важна захаваць гэтае грамадскае запатрабаванне, а выкарыстоўваць можна розныя формы, каб умацаваць пашану да друкаванага слова. “Жывыя” сустрэчы з аўтарамі — адзін са шляхоў.


— Гэта значыць, пакуль нехта прытрымліваецца лініі найменшага супраціўлення, людзі творчыя, у сваю чаргу, актыўна супраціўляюцца гэтай тэндэнцыі. І, можа, дзякуючы менавіта гэтаму ў нашай літаратуры ўсё-такі з’яўляюцца новыя імёны. Ці лёгка выдаць свае творы ў наш час?

— Выдаць не так ужо складана. Зараз ёсць шмат прыватных друкарняў, гатовых выканаць любы заказ. Толькі грошы плаці. Шмат хто так і друкуецца, невялікімі накладамі, на колькі сродкаў хапае. Праблема з распаўсюджваннем. Рубам паўстае пытанне падаткаабкладання. Адкрываць ІП, каб прадаць 50—60 экзэмпляраў і хаця б часткова вярнуць свае выдаткі, сэнсу не мае, больш падаткаў заплаціш. Праз краму — там свае накруткі, да таго ж, штрых-код патрабуецца, а гэта падаражае выданне і тым самым абмяжоўвае круг пакупнікоў. Першы наклад майго першага зборніка атрымалася рэалізаваць дзякуючы дапамозе адной з калегаў, у якой было адкрыта ІП. Усе 100 асобнікаў расхапілі, потым яшчэ двойчы прыйшлося дадрукоўваць. Ёсць цяпер мае кнігі ў аматараў беларускай паэзіі і ў Расіі, і ў Літве, і ў Амерыцы нават. Неяк знаходзяць свой шлях.

Публікацыі ў “Нашым часе” таксама пашыраюць чытацкую аўдыторыю. Некаторыя вырэзвалі вершы з газеты, наклейвалі ў нататнічак або сшытак, атрымлівалася кніжачка. На адной з сустрэч з чытачамі падыходзіць чалавек, дастае нататнік і паказвае: а мне вось гэты ваш верш больш за ўсё спадабаўся. Усё ж такі ніякі Інтэрнэт не заменіць жывыя зносіны і друкаваную кнігу. Такія нязвыклыя сустрэчы бываюць даволі часта. А калі адчуваеш, што патрэбны людзям, то і пісаць для іх хочацца.

— Дзякуй за размову і творчых вам поспехаў!

Прочитано 170 раз Печать