Версия для печати
Четверг, 15 Октября 2020 17:19

Прорывные идеи двигают экономику: Гродненский технопарк ждет новых резидентов

Навацыі пад дахам тэхна

Гродзенская вобласць стала яшчэ адным рэгіёнам, дзе з'явіўся навукова-тэхналагічны парк. Два гады таму будынак плошчай каля тысячы квадратных метраў пачалі засяляць першыя рэзідэнты. Сёння свабодных месцаў не засталося. Таму кіраўніцтва вобласці прыняло рашэнне пашыраць дзейнасць, аддаўшы пад рэалізацыю інавацыйных ідэй пустуючыя вытворчыя памяшканні. У цяперашні час поўным ходам ідзе іх рэканструкцыя пад другі будынак тэхнапарка, які плануюць увесці ў працэс у маі 2021 года. Хто сёння генерыруе ідэі на льготных умовах і якое практычнае прымяненне яны знаходзяць?

Людзі навукі, або, проста кажучы, вынаходнікі, часам слаба ўяўляюць, як «аслупаваць» распрацоўку, ажыццявіць яе, а яшчэ лепш — прадставіць свету гатовы для практычнага выкарыстання прадукт. Менавіта для таго, каб дапамагаць укараняць навуковыя распрацоўкі ў вытворчасць, створаны навукова-тэхналагічныя паркі.

Тэхналаб у тэхнапарк

У першым будынку тэхнапарка ў розных сферах працуюць 12 рэзідэнтаў. Пры гэтым пяць з іх — кампаніі, створаныя студэнтамі і супрацоўнікамі купалаўскай ВНУ. Большасць з іх працуюць у сферы IT, інавацыйных тэхналогій у будаўніцтве і на вытворчасці, электрыфікацыі транспарту. Прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі кажа аб пастаянным руху наперад:

— Ёсць добрыя прыклады, калі ідэі, агучаныя студэнтамі і выкладчыкамі пяць гадоў таму яшчэ ў рамках дзейнасці канструктарскага бюро, паспяхова рэалізуюцца ў гэтых сценах. Інавацыйную дзейнасць плануем прасоўваць больш актыўна. Гэта важна, у тым ліку з пункта гледжання стварэння новых працоўных месцаў. Цяпер у навучальныя планы ўніверсітэта ўводзяцца адпаведныя дысцыпліны па інавацыйным прадпрымальніцтве. Гэта дапамагае студэнтам атрымліваць неабходныя кампетэнцыі, якія дазволяць ім прасоўваць стартапы. У асноўным у сферы IT. Адзін з рэзідэнтаў, напрыклад, паспяхова развівае праект па электрыфікацыі транспарту і ўжо выказаў жаданне атрымаць новыя арэндныя плошчы ў другім будынку парка для далейшага развіцця свайго бізнесу.

Аддзелачныя работы актыўна вядуцца.
 
Працэс стварэння тэхнапарка падзелены на некалькі этапаў. Цяпер на вуліцы Гаспадарчай у Гродне ідуць будаўнічыя работы па другой чарзе. Будынак, што рэканструюецца, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад ужо дзеючага тэхнапарка. У эксплуатацыю ўвядуць 6500 квадратных метраў. Істотнае адрозненне ад першай чаргі ў тым, што 1300 «квадратаў» зоймуць офісы, а астатнюю плошчу адвядуць пад вытворчыя памяшканні. Там можна будзе арганізаваць як маленькія, так і вялікія вытворчасці.
 
 
Больш за 80 працэнтаў будучых офісных плошчаў ужо забраніравана патэнцыяльнымі рэзідэнтамі, на 25 працэнтаў сфарміраваны ліст чакання па вытворчых плошчах. І гэта заканамерна: развіццё стартапаў і бізнесу на базе тэхнапарка дае шэраг пераваг. Прадпрыемствы парка вызваляюцца ад ПДВ, ад падатку на прыбытак, калі прадукцыя экспартуецца — ад мытнай пошліны на сыравіну і матэрыялы. З фінансавага пункта гледжання льготы сур'ёзныя. Плюс нізкая арэндная плата. Плануецца закупка добрага абсталявання, таму ў маладых бізнесменаў будзе выдатная матэрыяльна-тэхнічная база.
 
 
Пад надзейнай абаронай

Кампанія «ЛИРА и Ко» ў свой час стала дзясятым рэзідэнтам тэхнапарка купалаўскага ўніверсітэта. Супрацоўнікі прадпрыемства сканцэнтраваны на стварэнні новых сродкаў засцярогі і нацэлены на розныя стадыі працы ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй.

— Яшчэ вясной распрацавалі ўнікальны ахоўны касцюм, — дэманструе навінку кіраўнік кампаніі Павел Крывенка. — На выгляд звычайны, але ў ім выкарыстана шмат тэхналагічных падыходаў. Хочаце пераканацца, наколькі ён зручны?

Значную плошчу выдзяляць пад прамысловае памяшканне.


Адзяванне ў ахоўны касцюм «Арагон» сапраўды заняло літаральна пару хвілін. Пры гэтым спецыяльны вентылятар дазволіў свабодна дыхаць.

— Ствараецца камфортная зона для працы на доўгі час, — канстатуе суразмоўца. — Пры гэтым усе нашы вырабы шматразовыя і лёгка перапрацоўваюцца. Вытворчасць сродкаў індывідуальнай засцярогі — гэта толькі невялікая частка нашай дзейнасці. Мы, да прыкладу, распрацавалі апарат для дэзынфекцыі паветра ў памяшканнях, у тым ліку і ў машынах хуткай медыцынскай дапамогі, шафах, дзе захоўваюцца маскі, халаты і гэтак далей. Ён створаны на аснове азону, які з'яўляецца магутным акісляльнікам.

«Банцікі» ў горадзе

Перайсці на экалагічны транспарт хацелі б многія арганізацыі і звычайныя грамадзяне. У рэзідэнта тэхнапарка купалаўскага ўніверсітэта Сяргея Жыльцова нямала задумак, каб гэта ажыццявіць. Прадпрыемства Classic Elektro працуе ў двух напрамках. Першы — распрацоўка і вытворчасць сістэмы тыпавых здымных акумулятараў для малога транспарту, такога як скутары і трыцыклы, прызначаныя ў асноўным для службы дастаўкі. Другі — пераўтварэнне дызельных і бензінавых аўтамабіляў у электрычныя шляхам замены рухавіка ўнутранага згарання.

— Праект па падпісцы на кампактныя гарадскія электрамабілі для бізнесу з коштам кіламетра прабегу ў 15 разоў меншым за ўсе існуючыя BANTgo (bant — «мурашка») — невялікае адгалінаванне ад асноўных тэм нашай дзейнасці, — распавёў заснавальнік. — Падпіска — гэта доўгатэрміновая арэнда, у якую ўключана ўсё: рамонт, абслугоўванне, зарадка. Патэнцыяльныя кліенты — кафэ, рэстараны хуткага харчавання, магазіны падарункаў і гэтак далей. Увогуле ўсе, каму неабходна дастаўка кампактных грузаў вагой да 200 кілаграмаў і аб'ёмам да аднаго кубаметра ў межах горада. Зараз знаходзімся на этапе прыцягнення інвестыцый у праект для яго хуткага развіцця. Такія машынкі называем «банцікамі». І зусім хутка яны з'явяцца на вуліцах горада.

 
Сузаснавальнік кампаніі Наталля Ярмак дадае:

— Гродна выступіць у якасці эксперыментальнай пляцоўкі для пілотнага праекта, дзе будуць адпрацаваны ўсе бізнес-працэсы, а затым шляхам запуску франшызы плануем выходзіць на рынкі іншых краін. Ужо на працягу гэтага месяца чакаем чатыры такія нізкахуткасныя аўто з Кітая. З увядзеннем другой чаргі тэхнапарка з'явіцца магчымасць для ажыццяўлення паркоўкі і рамонту, гэта значыць, абслугоўвання «жалезнай» часткі праекта. Тут таксама будуць актыўна прыцягвацца супрацоўнікі ўніверсітэта. Гаворка ідзе аб кафедры інавацыйнага машынабудавання. Дэкан Аляксандр Варанцоў абяцае актыўна нам дапамагаць, у тым ліку і студэнцкімі рэсурсамі.

Інавацыі ў вытворчасць

Днямі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік азнаёміўся з дзейнасцю гродзенскага тэхнапарка, а таксама пракантраляваў ход будаўнічых работ па другой чарзе:
 
 
Уладзімір КАРАНІК: «Асноўны напрамак у эканоміцы — інавацыйнасць».

— Будзем падтрымліваць усе прапановы па паляпшэнні працы парка, таму што асноўны напрамак у развіцці эканомікі — інавацыйнасць. Гэта ўнікальнае месца, дзе можна сабраць разам людзей, у якіх ёсць шмат ідэй і жаданне развівацца, але няма магчымасцей, перш за ўсё фінансавых, для ажыццяўлення задумак. Задача тэхнапарка ў гэтым плане — падтрымка, у тым ліку выкарыстоўванне неабходнай інфраструктуры на льготных умовах плюс падатковыя і іншыя прэферэнцыі. Тут ёсць вытворчыя плошчы, інфраструктура, неабходная для дапрацоўкі інавацыйнага праекта. А спецыялісты дапамогуць зразумець, наколькі ў далейшым ён здольны развіцца ў рэальны аб'ект прамысловай вытворчасці. Перавага тэхнапарка яшчэ і ў тым, што на яго базе збіраюцца людзі з рознымі інтарэсамі і напрамкамі дзейнасці, а самыя прагрэсіўныя тэхналогіі, як вядома, узнікаюць менавіта на стыку інтарэсаў. У вобласці дастаткова высокі прамысловы патэнцыял, і я спадзяюся, што ў будучыні распрацоўкі, якія пройдуць тут доследную эксплуатацыю, укараняцца ў працу рэальных прадпрыемстваў або стануць асновай новых вытворчасцей. Перш за ўсё мы зацікаўлены ў стварэнні інавацыйных працоўных месцаў, якія дазваляюць рухаць краіну наперад.

 
sb.by

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 861 раз