Вторник, 01 Мая 2018 12:14

Каб не скралі нашу гісторыю, або Разважанне Алеся Гібок-Гібкоўскага пра Вялікую Перамогу

У цяперашні час рыхтуецца да выдання кніга мясцовага пісьменніка Алеся Гібок-Гібкоўскага пад назвай «Прапаў без звестак» — пра ягонага бацьку Сямёна Фёдаравіча — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.

Свой твор Алесь Гібок-Гібкоўскі найперш прадставіў на суд ваўкавыскіх чытачоў. Яго разважанні напярэдадні Дня Перамогі, а таксама асобныя часткі гэтай кнігі мы вырашылі надрукаваць у раённай газеце «Наш час» і размясціць на сайце газеты, бо ў іх закрануты вельмі актуальныя праблемы гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, якую сёння неапраўдана спрабуюць прынізіць палітычныя сілы ў радзе замежных дзяржаў, і, на вялікі жаль, асобныя «гісторыкі» нашай краіны.

ПРАПАЎ БЕЗ ВЕСТАК

Прадмова. СКРАДЗЕНАЯ ПЕРАМОГА

«У нас спрабуюць скрасці нашу вялікую перамогу!..» Гэтыя словы нярэдка даводзіцца сёння чуць у СМІ і сустракаць у віртуальнай прасторы. Сігнал трывогі падаюць людзі, неабыякавыя да нашай агульнай гісторыі, тыя, хто разумее рэальную небяспеку яе перапісвання. Размова ідзе пра сапраўды вялікую, проста неверагодную перамогу, якую атрымалі нашы народы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтую веліч сёння хто-ніхто, як і ў нас, так і ў замежжы, спрабуе прынізіць, усяляк скажаючы агульнавядомыя факты. А між тым згаданыя падзеі амаль 80-гадовай даўніны па сваіх маштабах і наступствах не мелі роўных як у нашай, так і ў сусветнай гісторыі.

Добра вядома, што менавіта па нашай зямлі вякамі праходзіў фронт барацьбы дзвюх вялікіх цывілізацый — Заходняй і Усходняй. І другая сусветная вайна была своеасаблівай кульмінацыяй гэтай барацьбы. Таму прыведзенае вышэй вызначэнне «неверагодная перамога» зусім не нейкае перабольшванне ў дачыненні да подзвігу нашых продкаў у Вялікай Айчыннай. Асабліва калі ўлічыць рэальную карціну таго часу.

Мы добра памятаем стэрэатыпную тэрміналогію накшталт «фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны напала на Савецкі саюз». Але ў гэтых словах не ўся праўда. Рэч у тым, што 22 чэрвеня 1941 года на СССР абрынулася не адна Германія, а па сутнасці ўзброеныя сілы ўсёй Еўропы, умоўна кажучы, тагачаснага Еўрасаюза. Амаль увесь сукупны еўрапейскі чалавечы, эканамічны і прамысловы патэнцыял (у тым ліку і нейтральных краін!), за выключэннем Брытаніі, быў скіраваны на СССР! Дарэчы, падчас Вялікай айчыннай толькі ў савецкі палон, акрамя немцаў, патрапіла больш за 800 тысяч чалавек!).

Гэта быў ужо другі пасля Напалеона паход усёй Еўропы на Усход для захопу багатай рэсурсамі жыццёвай прасторы. Але нашы бацькі і дзяды, аб’яднаныя ў складзе вялікай дзяржавы пад назваю СССР, цаною каласальных ахвяраў выстаялі і далі такі адлуп, што надоўга адбілі ў Захаду ўсялякую ахвоту лезці ізноў на нашыя землі.

І толькі на пачатку 90-х гадоў, калі ў выніку шматхадовых камбінацый удалося разбурыць СССР і на пэўны час паставіць нашы народы ў другаснае і выразна залежнае становішча, Захаду ўдалося на пэўны час адчуць сябе пераможцамі. Дзякуй Богу, ненадоўга, бо напачатку новага тысячагоддзя нашай эры тая наша залежнасць ад Захаду пачала хутка разбурацца…

Перамагчы ў Вялікай Айчыннай нашым продкам удалося найперш, зразумела, дзякуючы каласальнай мужнасці і гераізму. Але і дзякуючы таму, што заходняя цывілізацыя не здолела, як і ў 1812 годзе, цалкам кансалідавацца і выступіць адзіным фронтам. Так, супраць выступіла ўся Еўропа, але, удакладнім, Еўропа кантынентальная. Як і ў 19 стагоддзі, у Другой сусветнай вайне нашымі саюзнікамі выступілі англасаксы, адна з самых уплывовых у свеце нацый.

На вялікі жаль, пасля перамогі над агульным ворагам у другой сусветнай вайне стасункі з англасаксонскім светам, а значыць, і з Захадам, рэзка пагоршыліся. І не дзіва, бо СССР пасля гэтай вайны ўладна ўварваўся ў клуб супердзяржаў і пэўны час уплываў ледзь не на палову свету. Наступіла эра жорсткай канфрантацыі дзвюх тагачасных галоўных геапалітычных сіл — Захаду і СССР — так званая “халодная вайна”. Яна прывяла да выніку, крайне неспрыяльнага для СССР—Расіі — поўнай кансалідацыі Захаду ўпершыню за ўсю ягоную гісторыю. І, як ужо адзначалася вышэй, згаданая “халодная вайна” завяршылася ў 1991 годзе ліквідацыяй СССР як палітычнага суб’екта. Але нездарма ў народных казках дэкламуецца мудрасць, што няма ліха без дабра. Для нашай Беларусі гэтая цяжкая геапалітычная катастрофа абярнулася нечаканым набыццём рэальнай дзяржаўнасці пасля чатырох стагоддзяў яе адсутнасці.

Пасля распаду СССР Захад гадкоў 10 спачываў на лаўрах той нечувана лёгкай і бяскроўнай перамогі. І пэўным чынам расслабіўся ў адносінах да галоўнай правапераемніцы СССР — Расіі. Таму літаральна праспаў яе нечаканы эканамічны і ваенны рывок, што дазволіла Расіі адваяваць некаторыя геастратэгічныя пазіцыі ў свеце. Да прыкладу — на Блізкім усходзе. Зразумела, што ўзмацненне Расіі выклікала крайне негатыўную рэакцыю на Захадзе, і там пачалі татальную палітычную і эканамічную кампанію для аслаблення яе пазіцый. А паколькі ваенным шляхам сёння паставіць нашу ўсходнюю суседку на калені праблематычна, то быў выбраны шлях комплексны — расхістаць яе эканамічныя і духоўныя скрэпы. Беларусь, як вядома, — бліжэйшы геастратэгічны саюзнік Расіі, таму такая пагроза наўпрост датычыць і яе. Усялякая дэстабілізацыя Расіі, безумоўна, адразу негатыўна адаб’ецца на лёсе Беларусі, а значыць, і ўсіх нас.

Не будзем тут закранаць тэму эканамічую, бо яна патрабуе асобнага даследавання. Ды калі гіпатэтычна і дапусціць варыянт эканамічнага разбурэння Расіі і яе саюзнікаў, то, па-першае, у гэтым ёсць немалая рызыка для “пераможцаў”. Рэч у тым, што эканамічны глабалізм няўзнак ператварыў сусветную эканоміку ў моцна знітаваную крывяносную сістэму і парушэнне хоць аднаго з яе органаў можа моцна пашкодзіць ўсё “цела”. Па-другое, для расхіствання расійскай эканомікі спатрэбіцца нямала часу, а вось гэтага часу ў абстаноўцы імклівага ўмацавання расійскіх геапалітычных пазіцый у свеце ў яе канкурэнтаў проста няма!

Таму апошнім часам акцэнт робіцца на духоўнае разбурэнне Расіі, а, значыць, і ўсёй нашай усходнеславянскай цывілізацыі. І гэта ўжо дало свой немалы плён. Прыклад таму — рэзкае абвастрэнне адносін паміж крэўна блізкімі расійскім і ўкраінскім народамі, якіх настойліва штурхаюць да вялікай узаемаразбуральнай вайны.

А адным з самых дзейсных спосабаў духоўнага разбурэння нашай цывілізацыі з’яўляецца пазбаўленне яе сваёй гісторыі. Зразумела, не ў прамым сэнсе гэтага слова, а ў сэнсе яе дыскрэдытацыі і фальсіфікацыі. І ў першую чаргу гэта датычыць згаданай перамогі над фашызмам, бо памяццю пра яе рускі, украінскі і беларускі народы (ды, зрэшты, і амаль усе народы былога СССР) былі заўсёды кансалідаваныя і моцныя. Занадта цяжкая рана была нанесеная нашым народам у 1941—1945 гадах, занадта вялікую цану мы заплацілі за тую перамогу, каб быць абыякавымі да яе вынікаў.

Дыскрэдытацыя перамогі ажыццяўляецца вельмі проста і вельмі подла. Бяруцца агульнавядомыя і агульнапрызнаныя факты гісторыі (прычым многія з іх юрыдычна зацверджаныя на Нюрнбергскім працэсе!) і ставяцца з ног на галаву. Калі вы сёння патрапіце ў якую-небудзь краіну Захаду і паспрабуеце пагаварыць са звычайнымі іх насельнікамі пра другую сусветную вайну, то са здзіўленнем даведаецеся, што фашызм перамаглі ЗША, а СССР быў на задворках той вайны і старанна выконваў дапаможную функцыю. І зусім няважна, што страты ЗША ў той вайне (у тым ліку і на фронце вайны з Японіяй) склалі крыху больш за 400 тысяч чалавек, страты СССР — 27 мільёнаў (!) чалавек і трэць нацыянальнага багацця краіны. Наша Беларусь пацярпела асабліва моцна, страціўшы палову нацыянальнага багацця і кожнага чацвёртага свайго жыхара. Цяжка знайсці ў Беларусі сям’ю, у якой хто-небудзь не загінуў у той страшнай вайне. У яе бязлітаснай мясарубцы апынулася і ўся мая беларуская (ды, зрэшты, і ўкраінская, з боку маці) радня. Няшмат хто з іх выйшаў з яе жывым. Лёсы многіх маіх зніклых у віхурах вайны сваякоў невядомыя і пасюль. Між тым як галоўная англасаксонская краіна ЗША ў выніку другой сусветнай вайны па сутнасці падвоіла свой ВВП. Да прыкладу, толькі залаты запас яе вырас да 70% ад сусветнага.

Але на ўсе вышэй прыведзеныя факты ніхто сёння на Захадзе не зважае. Уся сістэма адукацыі і прапаганды скіравана там на татальную фальсіфікацыю гісторыі, паводле якой роля нашых продкаў у Вялікай перамозе проста замоўчваецца.

Мае амерыканскія сябры — былыя нашы грамадзяне, што цяпер жывуць у тых ЗША, неяк расказалі, што ў амерыканскіх школах дзяцей даўно ўжо вучаць той дзіўнай для нас гісторыі. Болей за тое, у многіх краінах — сённяшніх саюзніцах ЗША — прымаюцца законы, дзе паміж фашызмам і камунізмам ставіцца знак роўнасці, што для нас зразумела, непрымальна. Але пра гэта крыху ніжэй…

На вялікі жаль, і ў постсавецкіх краінах сістэма адукацыі шмат у чым патрапіла пад уплыў заходніх стэрэатыпаў, дзе роля нашай вялікай перамогі радыкальна скажаецца. У выніку маладое пакаленне краін былога СССР, у тым ліку і нашай Беларусі, сёння ў немалой ступені адарвана ад жывых каранёў сваёй гісторыі. Гэтая адарванасць, адсутнасць гонару за сваю гісторыю ператварае народ у манкуртаў — людзей, пазбаўленых памяці.

Праблема яшчэ і ў тым, што на афіцыйным узроўні балючая для нас усіх тэма вайны і сёння яшчэ ўсебакова не даследаваная. Відаць, з гістарычнага гледзішча яшчэ адносна мала часу прайшло пасля завяршэння вайны. Моцныя пакуль што палітычныя вятры не даюць магчымасці караблю нашай гістарыяграфіі кінуць якар у ціхай бухце часу і правесці дакладныя бесстароннія гістарычныя “замеры”.

І тут я зноў вярнуся да тэмы знака роўнасці паміж фашызмам і камунізмам. Як бы многім гэта і не хацелася сёння прызнаць, але адзін факт відавочны для ўсіх — пры ўсёй складанасці і трагічнасці стасункаў беларускага народа з савецкай уладай, у гады Вялікай айчыннай ён нядвухсэнсоўна і канчаткова зрабіў свой лёсаносны выбар, выступіўшы на яе баку. Немцы ўспрымаліся чужародным целам, што пранікла ў наш жывы арганізм, а, значыць, смяротна небяспечным. Нашы дзяды і бабулі, нават калі і мелі нейкія ілюзіі да прыходу акупантаў, даволі хутка адчулі непераадольны цывілізацыйны дысбаланс з носьбітамі “новага парадку”, дакладна ўцямілі і той імператыў, які неслі на сваіх сцягах “юберменшы”. А ён нічога, апроч хуткага фізічнага знікнення, большасці беларусаў не абяцаў. Такім чынам знак роўнасці паміж камунізмам і фашызмам цынічна і па-блюзнерску папірае нашы вялізныя ахвяры, іх памяць, парушае краевугольны камень нашай гісторыі. Пра згаданы лёсаносны выбар нашых продкаў нам — іх нашчадкам — забываць было б проста злачынна, будзь ён іншым, сёння нашай цывілізацыі проста не існавала б. Таму ніяк нельга дапускаць скажэнне і фальсіфікацыю гісторыі.

Вялікую перамогу ў нас яшчэ насамрэч не скралі, але актыўна спрабуюць гэта зрабіць. Нашы апаненты на Захадзе выдатна разумеюць, што мы без сваіх духоўных каштоўнасцей будзем толькі натоўпам, якому лёгка навязваць ўсялякія імператывы, нават смяротна небяспечныя для самога жыцця. Чаго, да прыкладу, варты прыняты не зусім даўно ў Францыі закон пра аднаполыя шлюбы і магчымасць усынаўлення аднаполымі сем’ямі дзяцей...

Дарэчы, нядаўна на сустрэчы са сваімі маладымі чытачамі, студэнтамі я атрымаў пытанне менавіта на тэму татальнай фальсіфікацыі гісторыі — ці магчыма ёй супрацьстаяць? Зразумела, што не ў маёй кампетэнцыі было адказваць — “што рабіць?” у стратэгічным плане. Гэта справа нашых упаўнаважаных палітычных эліт. А вось што датычыць звычайных людзей, то тут я агучыў студэнтам сваю ідэю, якую выношваю ўжо даўно.

Некалькі гадоў таму ў Расіі стварылі масавы рух «Забыты полк», які набыў нечуваны маштаб і які добра падтрымалі ў Беларусі. Дык вось, нядрэнна было б стварыць у нас рух пад назвай «Забыты лёс», і занатоўваць, хаця б ва ўласных дамашніх хроніках (на тым жа Захадзе гэтым займаюцца ўжо не адну сотню гадоў!), тое, што пакуль мы — дзеці і ўнукі ветэранаў — яшчэ помнім ад сваіх бацькоў і дзядоў, пра іх удзел у Вялікай Айчыннай. І такім чынам пакінуць сведчанне пра іх подзвіг для далёкіх нашчадкаў, як своеасаблівую эстафету незвычайнай мужнасці і адданасці сваёй зямлі.

Рух “Забыты лёс” змог бы напоўніць ручайкамі маленькіх гісторый асобных людзей агульную раку нашай рэальнай, а не сфальсіфікаванай, гісторыі, якой мы, безумоўна, можам ганарыцца. Гэтая гісторыя шматаблічная, няпростая, у ёй, зразумела, ёсць і ценявыя бакі, але яна наша, уласная і яе трэба прымаць без выняткаў, і ўмець ганарыцца ёю, як гэта робяць усе цывілізаваныя народы свету.

Прычым для стварэння падобнага руху нам не трэба вынаходзіць веласіпед, бо ў савецкія часы, калі выходзілі выдатныя кнігі «Памяць», калі амаль у кожнай вясковай бібліятэцы збіраліся матэрыялы пра мясцовых ветэранаў вайны, такі рух ужо па сутнасці існаваў. Да прыкладу, у бібліятэцы маёй роднай вёскі Рупейкі.

Калі мы здолеем стварыць згаданы грамадскі рух, то такім чынам здолеем ізноў падхапіць жыццёвую эстафету нашых продкаў. І, перадаючы яе далей — сваім нашчадкам, тым самым засведчым сваю прыналежнасць да той энерга-інфармацыйнай сукупнасці, якая і аб’ядноўвае ўсе былыя і сучасныя пакаленні людзей у адно непарыўнае цэлае. Пра гэтую непарыўнасць і еднасць сведчыць, да прыкладу, і адзін з ключавых пастулатаў нашай хрысціянскай царквы, у якім сцвярджаецца, што нашыя стасункі з продкамі не спыняюцца і пасля іх смерці.

На мой погляд, запісваць успаміны пра сваіх продкаў варта не толькі прафесійным пісьменнікам і журналістам, але і ўсім культурным насельнікам нашай зямлі. Добра было б, каб кожны з нас па магчымасці напісаў што-небудзь пра лёсы сваіх бацькоў, дзядоў. (Няхай гэта будзе нават хоць старонка тэксту!). І асабліва, падкрэсліваю, пра Вялікую айчынную вайну — лёсаносны рубеж развіцця нашай цывілізацыі.

На вялікі жаль, жывых сведкаў тых трагічных падзей застаецца ўсё менш. Але я перакананы, што многія з іх у свой час паспелі падзяліцца са сваімі дзецьмі і ўнукамі гісторыямі сваёй вайны, свайго лёсу пад час гэтага трагічнага перыяду гісторыі. Кажу гэта не па чутках, а як сын ветэрана Вялікай Айчыннай, успаміны якога і сталі грунтам гэтай кнігі.

Уласна кажучы, галоўнай мэтаю напісання кнігі і ёсць спроба абудзіць цікавасць маіх дарагіх землякоў, суайчыннікаў увогуле, да адной з самых важных тэм нашай багатай гісторыі, якую ў нас, паўтаруся, сёння актыўна спрабуюць скрасці. Перакананы, што і на гэтым яе рубяжы мы пакажам сябе вартымі памяці нашых гераічных продкаў.

Частка І. НЕПАРЫЎНАЯ СУВЯЗЬ

Сігнал з мінулага

У 2016 годзе напярэдадні 75-гадовага юбілею з пачатку Вялікай Айчыннай вайны мне патэлефанавала дачка Юлія і паведаміла, што знайшла ў інтэрнэце цікавую інфармацыю пра свайго дзеда, а, значыць, і майго бацьку Сямёна Фёдаравіча — ветэрана вайны. Сказала, што інфармацыя тая незвычайная…

Адкрыў і я адпаведны сайт і пераканаўся, што гэта сапраўды так. Паводле інфармацыі сайта выходзіла, што мой бацька, “младший лейтенант, 1916 года рождения, место службы — ЗапФ 204 осд 700 сп пропал без вести между 22.06.1941 и 31.08.1941”.

Прачытаўшы гэта, я, шчыра кажучы, нават крыху разгубіўся, інстынктыўна зірнуў на сябе ў люстэрка, каб пераканацца ў сваёй фізічнай наяўнасці. Бо калі верыць прачытанаму, то выходзіла, што ні мяне, ні маіх сястры і брата, а, адпаведна і нашых дзяцей на свеце быць проста не магло! Мяркуючы па гэтых звестках выходзіла, што на 22 чэрвеня 2016 года па афіцыйных дакументах вайсковых архіваў Чырвонай (Савецкай) арміі мой бацька так і не знайшоўся!

Вось такі атрымаўся яшчэ адзін дзіўны парадокс нашай навейшай гісторыі – чалавек пражыў пасля чэрвеня 1941 года больш за паўстагоддзя, сумленна адваяваўшы ўсю вайну, затым доўгія гады працаваў на карысць сваёй Радзімы, тварыў, любіў… Нават паспеў дачакацца ўнукаў… А паводле дакументаў яго ўсе гэтыя гады як бы не існавала!

А паколькі акурат у тым жа 2016 годзе майму бацьку магло б споўніцца 100 гадоў, я палічыў гэтую інфармацыю для сябе — прафесійнага журналіста і літаратара — гэтакім своеасаблівым Знакам Божым, каб нарэшце аддаць свой застарэлы доўг перад бацькавай памяццю і нарэшце пра яго напісаць...

Няскончаныя размовы

Бацька пакінуў гэты свет акурат падчас усталявання незалежнасці Беларусі напачатку 90-х так і не заспеўшы яе, гэтую незалежнасць. Як, зрэшты, і ўсіх драматычных падзей, што адбыліся ў першыя гады пасля яе набыцця. Але за сваё жыццё ён паспеў стаць сведкам і непасрэдным удзельнікам многіх важных для нашай зямлі гістарычных падзей ХХ стагоддзя. Гэта і першая беларусізацыя 20-х гадоў, і драматычная калектывізацыя вёскі, і малавядомы сёння савецка-японскі канфлікт 1938 года на возеры Хасан, і канечне ж — Вялікая Айчынная вайна, якая ўладна падзяліла ягонае жыццё на дзве часткі — «да» і «пасля», беззваротна яго змяніўшы і выкінуўшы на зусім іншыя, чым меркавалася, лёсавыя арбіты.

Што цікава, паведамленне — “прапаў без вестак” атрымалі і родныя двух старэйшых братоў маіх бацькоў — Івана Фёдаравіча і Мікалая Маркавіча. Але мае дзядзькі і насамрэч прапалі, не пакінуўшы ніякага следу! Колькі потым ні пасылалі запытаў, ніякай інфармацыі пра іх так і не знайшлося. Яны беззваротна зніклі ў страшэнных віхурах той жорсткай вайны. Але вернемся да лёсу майго бацькі. Як я ўжо адзначаў вышэй, напісаць пра свайго бацьку я збіраўся даўно, адразу пасля яго смерці, бо занадта цікавым і неардынарным падаваўся мне ягоны лёс. Але, скажу шчыра, пэўны час ў мяне нічога з гэтай задумы не атрымлівалася. Відаць, нездарма пісаў калісьці паэт C. Ясенін, што «Лицом к лицу — лица не увидать…». Вядомыя мне асобныя факты, штрыхі з бацькавага жыцця ніяк не складваліся ў агульную мазаіку, і я ўсё адкладваў гэтую справу на потым. Ды і ўвогуле, як аказалася, пісаць пра родных людзей архіскладана, бо занадта блізкія мы з імі і шмат у чым падобныя. І толькі вышэйпрыведзеныя падзеі сталі для мяне сур’ёзным штуршком для пачатку працы над гэтым нарысам. А грунтам для яго будуць пераважна мае ўспаміны пра тыя з бацькавых аповедаў, якія яшчэ засталіся ў маёй памяці, а таксама інфармацыя, якую мне пашчасціла знайсці ў дакументах і атрымаць у свой час ад некаторых бацькавых землякоў. Апошняя, найперш пра маладыя гады бацькавага жыцця, бо пра шмат якія прыгоды тых часоў бацька з педагагічных меркаванняў нам, сваім дзецям, распавядаў не вельмі ахвотна, а пра некаторыя дык і ўвогуле прамаўчаў. Гэты мой нарыс не стане аповедам са скразным сюжэтам і строгай храналогіяй, а будзе складацца з пэўных фрагментаў жыцця майго бацькі. Кожны з іх, дарэчы, цягне на асобнае апавяданне ці нават аповесць. Але ж нельга абняць неабдымнае…

Згаданы твор, на мой погляд, можа быць цікавым не толькі незвычайным зрэзам асабістага лёсу майго бацькі, але і тым, што аб’ёмна высвятляе пэўны ракурс гісторыі мінулага стагоддзя ўсяго нашага народа. І што самае каштоўнае, не з боку нейкай пэўнай ідэалогіі ці ўстаялай гістарычнай канцэпцыі, а як бы знутры, з гледзішча простага чалавека, з ракурсу яго суб’ектыўнага светапогляду.

Найперш у маёй памяці засталіся ўспаміны з нашых з бацькам размоў сам-насам. Асабліва цікавымі яны былі ў апошнія гады бацькавага жыцця, калі я, звычайна ўлетку, прыязджаў са сталіцы дадому на адпачынак. Пасля ўсіх дзённых спраў, павячэраўшы, мы выходзілі на ганак нашага дому і ўдыхаючы чароўны водар квітнеючых побач з хатай вялізных, больш чым стагадовых ліп (а яшчэ і густы водар мёду з недалёкай лясной пасекі!) гутарылі пра ўсё на свеце. Гэта былі не толькі бацькавы ўспаміны пра сваё мінулае. Закраналі мы тады і многія актуальныя тэмы. Некаторыя з такіх размоў мелі даволі нечаканыя наступствы.

Добра памятаю, да прыкладу, дзень 19 жніўня 1991 года, калі я ў чарговы раз адпачываючы ў бацькоў, пачуў па радыё аб так званым ГКЧП, што быццам бы ахіліла тагачаснага рэфарматара Міхаіла Гарбачова ад улады. Я, агаломшаны, выйшаў на ганак, дзе стаяў, абапіраючыся на кіёк, мой ужо тады добра прыціснуты гадамі і балячкамі бацька і з горыччу падзяліўся толькі што пачутай інфармацыяй. Бацька неяк здзіўлена паглядзеў на мяне і спакойна пракаментаваў: “То чуў ужо… І танец маленькіх лебядзей па тэлевізару ўжо бачыў… Ды ты не хвалюйся, праз пару дзён усё гэта скончыцца!” Яму, равесніку “Великого Октября”, зраненаму ў дзвюх войнах, з таго моманту заставалася жыць яшчэ крыху больш за паўгода. А народжанай тым самым “Октябрём” вялізнай краіне заставалася яшчэ менш... Сыходзіла пакаленне, усё жыццё якога прайшло ў рамках гэтай краіны, сыходзіла, зведаўшы ўсе катаклізмы яе гісторыі, знікала ў нікуды і цэлая эпоха пад назвай СССР, век якой уклаўся акурат у век аднаго чалавека.

Дык вось тады, 19 жніўня 1991 года, бацька абсалютна дакладна прадказаў трохдзённы лёс ГКЧП. Не думаю, што гэта было выпадкова. Відаць, на фінішы жыцця ў некаторых людзей моцна абвастраецца адчувальнасць часу і падзей. А можа вось так выяўляе сябе чалавечая жыццёвая мудрасць, якая дае магчымасць не горш за лепшых аналітыкаў бачыць будучыню.

Гэтую выснову пацвярджае і другі выпадак, які адбыўся праз месяц пасля ГКЧП, калі прыехаў да бацькоў капаць бульбу. Акурат тады адбывалася першая змена дзяржаўнай сімволікі Беларусі, і мы з бацькам, ізноў седзячы на ганку, абмяркоўвалі гэтую па­дзею. Бацька раптам з горыччу сказаў: “І што яны там возяцца з гэтымі сцягамі і гербамі — ад гэтага хлеба і малака ні ў каго не паболее!” Я, напоўнены да краю тагачаснымі падзеямі ў Беларусі, шчыра абурыўся гэтымі словамі і стаў горача абараняць змену сімволікі, даводзячы, што гэта крайне неабходны рытуал, які адлюстроўвае даўно наспелыя перамены ў нашым грамадстве. Бацька цярпліва слухаў, ківаў галавою, але ва ўсё ягонай постаці адчуваўся выразны скепсіс. І ўрэшце ён падвёў рысу: “Не думаю, што ад гэтага нешта зменіцца ў лепшы бок. Пабачыш, памяняюцца вывескі, а ўсё будзе па-старому, а то і горш! Ды ці надоўга памяняюцца?”

У маі 1995 года, калі баць­кі ўжо не было, а дзяржаўная сімволіка Беларусі ізноў змянілася, я выразна ўспомніў ягоныя словы. Што тут можна было запярэчыць — бацька выказваў правераны стагоддзямі тыповы, узрошчаны генетычна беларускі нацыянальны светапогляд — прыстасоўвайся да абставін, каб выжыць. І як не дзіўна, меў сваю рацыю. І хоць я тым восеньскім вечарам 1991 года горача пераконваў бацьку, што якраз цяпер усё будзе інакш, лепш, што цяпер да ўлады прыйдуць іншыя, сапраўдныя людзі, якія абавязкова ўсё зменяць у лепшы бок, бацька толькі сумна ўсміхаўся…

Зразумела, каб бацька нейкім цудам сёння апынуўся сярод жывых, я, напэўна, папрасіў бы ў яго прабачэння за тыя свае эмацыйныя словы, якія былі звычайным рамантычным флёрам і мала што важылі перад ягонай жыццёвай мудрасцю. Ну і, зразумела, я шмат пра што яшчэ ў яго распытаў бы. Прынамсі, пра ўсё тое з ягонага мінулага, што не паспеў распытаць падчас нашых размоў на ганку, ды і раней, хоць не раз збіраўся гэта зрабіць. Але, як заўсёды, адкладваў у мітусні жыцця на потым. А гэтага “потым”, як найчасцей і бывае, не здарылася, і час назад не павернеш...

Частка 2. ПІСЬМЕННІЦКІ ДАР

Нямала фактаў пра бацькаў лёс засталося ў мяне ў памяці не толькі з нашых з ім асабістых размоў у апошнія гады ягонага жыцця. Вельмі выразна памятаю тыя моманты майго дзяцінства, калі да нас у хату прыходзілі на нейкія святы госці і бацька ахвотна дзяліўся з імі сваімі ўспамінамі, зразумела, найперш “пра вайну”.

Што дзіўна, жылі тады нашмат бядней чым сёння, але запрашалі гасцей значна часцей. Вёска Рупейкі была пераважна каталіцкай, а сям’я майго баць­кі і яшчэ некалькі сем’яў — праваслаўнага веравызнання. Гасцяваліся ў асноўным на рэлігійныя святы — Вялікдзень, Каляды. Яны ў нашых асноўных канфесій супадаюць нячаста, таму праваслаўныя запрашалі на свае святы каталікоў, а тыя ў адказ на свае. Памятаю, што мае бацькі любілі запрашаць гасцей, бо тады ніякіх іншых забаў, накшталт тэлевізара ці інтэрнэту, яшчэ не існавала.

У арэале песень

“Прыёмы гасцей” былі ў нашым доме сапраўдным рытуалам. Спачатку ўсе запрошаныя, як і належыць, выпівалі па некалькі чарак выдатнага хлебнага самагону, якім славілася на ўсю акругу суседняя вёска Лепейніца, затым надыходзіла чарга традыцыйных для ўсіх вясковых застолляў і песняў. Песні любілі спяваць ўсе. Асабліва шмат спявалі на вяселлях і хрысцінах. Добра памятаю, што мы, малыя, спецыяльна хадзілі на ўсе вясковыя вяселлі і хрысціны, найперш, каб паслухаць прыгожыя песні, якія і нас краналі за душу.

Песні любілі і ў нашым доме, дзякуючы дзвюм выдатным пявунням — маёй маці — украінцы Анастасіі Маркаўне, пра лёс якой я асобна раскажу ніжэй, і беларусцы — бацькавай пляменніцы Людміле. Дарэчы, Міла (ці, як мы яе часта звалі, Мілка) была якраз дачкой таго самага бацькавага старэйшага брата Івана, які насамрэч прапаў без вестак у першыя дні вайны. Мой бацька ўзяў яе да сябе пасля вайны на выхаванне, і Міла жыла ў нашым доме ажно да свайго шлюбу з хлопцам з нашай вёскі. Вынікам таго шлюбу стала трое дзяцей — сыны Юрый і Яўген і дачка Валянціна, якія выраслі асобамі і добрымі людзьмі. Дарэчы, яны — адзіныя з ўсіх стрыечных пляменнікаў, з якімі я і сёння падтрымліваю цудоўныя сваяцкія адносіны.

Але вернемся да нашых дамашніх застолляў. Часта выдатна спяваў за сталом, майстэрскі акампануючы сабе на балалайцы, бацька. Але галоўнымі “забойшчыкамі” былі мая матуля і Міла. У выніку на стыку дзвюх блізкіх культур — украінскай і беларускай (быў немалы ўнёсак і культуры рускай) у іх выкананні нараджаліся сапраўдныя вакальныя шэдэўры. Пявунні, не маючы ніякой музычнай адукацыі, вельмі прафесійна і незвычайна прыгожа спявалі “на два галасы”, лёгка мяняючы чарговасць партый. Нават і сёння сціскаецца сэрца, калі згадваю пра іх незвычайную энергетыку!

Як жа шкада, што час нельга павярнуць назад і зрабіць адпаведны сённяшнім магчымасцям запіс тых, як я сёння разумею, унікальных твораў. У 50-я гады — у нас такой тэхнікі не было і ў паміне. Дзякуй Богу, праз некалькі дзесяцігоддзяў, калі падрасла мая дачушка Юлія, то матуля, як эстафету, паспела перадаць ёй шмат з тых унікальных песень, якія спяваліся ў нашай хаце ў канцы 50-х. Думаю, што гэтая спадчына ў выніку моцна паўплывала на лёсаносны творчы выбар маёй дачкі. Яна, не маючы адмысловай музычнай адукацыі, дзякуючы свайму таленту, змагла падняцца на вялікую сцэну і, працуючы ў такіх вядомых беларускіх музычных калектывах, як “Неруш”, “Свята”, “Харошкі”, паспяхова спецыялізавалася якраз на фальклоры. Ды і я ў маладыя гады аддаў належнае песні, пачаў спяваць на сцэне яшчэ ў піянерскім лагеры, затым працягваў выступаць у школе. А ў сярэдзіне 70-х, працуючы ў адным з мінскіх навукова-даследчых інстытутаў, нават быў салістам інстытуцкага вакальна-інструментальнага ансамбля (ВІА) пад назваю “Скамарохі”.

Ніколі не забыць тое чароўнае хваляванне, якое заўсёды апаноўвала, калі выхо­дзіў на сцэну і бачыў перад сабою паўнюткі зал і сотні вачэй слухачоў, калі адчуваў, што песня твая іх кранае. Я любіў спяваць розныя песні, але асабліва падабалася выконваць іх на роднай беларускай мове. Тады ў ва мне быццам бы праяўлялася энергія тых даўнейшых вясковых застолляў, дзе чуліся такія дзівосныя песні.

Пад знакам харызмы

Нарэшце ў нашых згаданых дамашніх застоллях надыходзіў момант, калі спевы спыняліся і пачынаўся, ізноў як своеасаблівы рытуал, аповед майго бацькі «пра вайну». Трэба сказаць, што гэты аповед заўсёды меў проста неймаверны поспех у слухачоў. Усе нашы госці — ад малога да вялікага, а гэта было часам да двух дзясяткаў чалавек з заміраннем слухалі апавядальніка. У такое сёння цяжка паверыць, але ўвесь гэты час (бывала што і цягам некалькіх га­дзін), калі бацька гаварыў ужо на добрым падпітку за сталом, дзе было да траціны малых дзяцей, панавала мёртвая цішыня.

Патлумачыць гэты феномен можна некалькімі фактарамі. Па-першае, бацька, па-майстэрску валодаючы словам, ад прыроды меў цудоўны творчы дар апавядальніка. Як я сёння магу меркаваць, стылістыка ягоных аповедаў па сваёй змястоўнасці, вобразнасці і займальнасці была блізкай да сапраўдных мастацкіх твораў. Перакананы, што калі б не вайна, то лёс у бацькі склаўся б па-іншаму і ён, маючы такі выбітны творчы талент, меў бы ўсе шансы стаць вельмі нядрэнным беларускім пісьменнікам. У мяне няма сумненняў, што яго творчыя здольнасці значна пераўзыходзілі мае.

Па-другое, бацька меў проста фантастычную памяць. Ізноў слова «фантастычная» зусім не перабольшанне. Мяркуйце самі. Гэта менавіта бацька, дэкламуючы мне па памяці дзясяткі беларускіх вершаў, якія засталіся ў ягонай памяці з часоў вывучэння іх у школе, яшчэ малога прыахвоціў мяне да роднае мовы, бо роднай мовай матулі, зразумела, была ўкраінская. Яна таксама актыўна прывучала мяне да кніг, купляючы іх у кожную сваю паездку ў райцэнтр, але беларускай мовы не ведала. І тут на першы план выходзіў бацька. Ён ахвотна чытаў мне беларускія вершы, а паколькі рабіў гэта не раз, то нямала з іх і я тады завучыў на памяць і паспяхова выступаў з імі перад гасцямі, выкарыстоўваючы замест сцэны звычайны зэдлік. Я і цяпер памятаю некаторыя з тых вершаў: “Ручэй” і “Доля батрачкі” Я. Коласа, “Я — сялянская карова”, “Вечарынка ў калгасе”
К. Крапівы і г. д. Апрача вершаў, бацька расказваў па памяці ўрыўкі апавяданняў, што таксама запомніліся яму з часоў навучання ў школе. Ды што апавяданні!

Напачатку 60-х бацька неяк паехаў па працы ў камандзіроўку ў адзін з гарадкоў Беларусі, дзе, каб скаратаць вольныя вечары, засвойваў фонды мясцовай бібліятэкі. Там яму натрапіўся адзін вельмі займальны прыгодніцкі раман, прычым даволі вялікі па аб’ёме, які ён проста “праглынуў” за некалькі вечароў. Па вяртанні дадому падчас нейкіх бягучых гаспадарчых спраў распавёў мне ўвесь той вялікі раман па памяці!

Была ў бацьку і нейкая энергетычная магія, як сёння кажуць, харызма, якая імгненна заварожвала прысутных пры ўсялякім яго з’яўленні на людзях.

Менавіта талент слова дапамагаў майму бацьку паспяхова займацца яшчэ адной вельмі патрэбнай тагачасным вяскоўцам канца 50-х—пачатку 60-х гг. мінулага стагоддзя справай. Пасля таго як ён пасяліўся ў вёсцы Рупейкі, на Ваўкавышчыне, неўзабаве стаў для ўсёй акругі своеасаблівым «юрыстам-адвакатам».

Дарэчы, ужо значна пазней, у пацверджанне фактаў многіх бацькавых аповедаў пра падзеі вайны, у якіх ён браў удзел, мне пашчасціла знайсці і некаторую інфармацыю ў дакументах архіваў і пачуць тое-сёе ад некаторых людзей. Пра жыццёвыя калізіі дзяцінства і маладосці майго бацькі я, да прыкладу, даведаўся ад некаторых ягоных землякоў (для яго малой радзімай была Капыльшчына). Некалькі наступных частак гэтай кнігі будуць грунтавацца менавіта на іх аповедах.

Частка 3. ЗЯМЛЯК КУЗЬМЫ ЧОРНАГА

Равеснік рэвалюцыі

Калі казаць пра бацькава дзяцінства, то ў ім мела месца ўсё тая ж, да болю знаёмая з твораў класікаў, сумная гісторыя пра наведванне школкі толькі ў цеплую пару года, калі можна было абысціся без абутку, аб працяглых зімова-веснавых вакацыях з-за немагчымасці абысціся без яго. Бацька быў на год старэйшы за Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю, і ягоная адукацыя прыпадала акурат на вядомы перыяд беларусізацыі ў нашай краіне ў 20-х гадах. Таму ўся яна, зразумела, была беларускамоўнай, за выключэннем, хіба што, урокаў рускай мовы. Тым не менш, бацьку ўдалося скончыць 6 класаў мясцовай школкі і атрымаць там некаторыя веды.

Бацька мой — блізкі зямляк беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага. Вёска Комсічы, у якой бацька нарадзіўся, месціцца непадалёк ад Цімкавіч — месца дзяцінства нашага знакамітага класіка. Паводле архіўных дакументаў Комсічы яшчэ напачатку ХХ стагоддзя былі зусім немалым паселішчам. Да прыкладу, у 1917 годзе тут пражывала больш за 500 жыхароў, а на момант стварэння калгаса напачатку 30-х гадоў прыпадае найвышэйшая колькасць жыхароў за ўсю гісторыю вёскі — каля 600. Ды яшчэ і на маёй памяці — канец 50-х—пачатак 70-х гадоў ХХ стагоддзя — Комсічы трымаліся, маючы больш за сотню жыхароў. А вось на сённяшні дзень ад вёскі засталося ўсяго некалькі хат.

Навідавоку няўхільнае выраджэнне бацькавай малой радзімы. Зрэшты тое выраджэнне, як распавядалі мне ў свой час старажылы Комсіч, пачалося даўно, акурат з моманту найвышэйшага ўздыму гэтай вёскі напачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Якраз тады, калі тут арганізаваўся калгас з паэтычнай назвай “Май” была “нейтралізавана” мясцовая Святабагародзічная царква — прыгожая драўляная святыня, якая духоўна апекавала гэтыя мясціны. Падзея адбылася з немалымі прыгодамі і, як ні сумна прызнаць, самы непасрэдны ўдзел у ёй браў і мой, тады яшчэ ў падлеткавым узросце, будучы бацька.

 

Абезгалоўлены храм

Прысуд комсіцкай царкве быў вынесены мясцовым бальшавіцкім начальствам. Царкву мусілі не толькі зачыніць, але і па актыўнай ініцыятыве нейкага “пільнага” апалагета новага ладу яшчэ і “розоружить”, то бок скінуць з яе макаўкі крыж. Ён годна ўзвышаўся над аколіцай ужо больш за сотню гадоў і даўно калоў вочы згаданаму начальству. І вось з такою адказнаю мэтаю ў адзін з восеньскіх дзён у гэтую вёску наведаўся ўласнаю персонаю валасны начальнік ГПУ. На неардынарную падзею сабраўся вялікі натоўп месцічаў.

Але скінуць крыж аказалася няпроста. Прынамсі, ніхто з мясцовых актывістаў не быў на тое здольны. Бо некаму трэба было ўзабрацца на макаўку і зачапіць крыж вяроўкай. Актывісты доўга раіліся, як выйсці са становішча. Нехта нават прапанаваў папрасіць вайскоўцаў падвезці гармату і пальнуць з яе па крыжы. Але ад гэтага адмовіліся, бо, па-першае, непадалёку праходзіла мяжа с Польшчаю і гарматны стрэл мог моцна сапсаваць міжнародныя стасункі.

Натоўп ў роздуме стаяў, дружна задраўшы голавы ўверх, усведамляючы, што задача амаль што невырашальная — залезці на макаўку царквы не ўяўлялася ніякой магчымасці. Здавалася, што сам Гасподзь бараніў гэтым комсіцкую царкву ад прыніжэння, а мясцовых людзей — ад вялікага граху. Пачухаўшы патыліцы, памяркоўныя беларусы ўжо збіраліся разыходзіцца, але тут нехта раптам успомніў, што ўлетку на макаўку царквы на спрэчку паспяхова ўзбіраўся адзін з мясцовых падлеткаў.

Героя таго ўзыходжання, то бок, будучага майго бацьку, хутка знайшлі і падвялі да кіраўніка “аперацыі па ліквідацыі” — начальніка мясцовай ГПУ. Начальнік добразычліва спытаў у хлапчука — ці не ён той герой, што насмеліўся ўзабрацца ўлетку на макаўку царквы? А калі падлетак пацвердзіў гэты факт, то начальнік задаў другое пытанне: ці не змог бы ён той манеўр паўтарыць?. Праўда, на гэты раз задача была куды больш складанай — узбірацца трэба было з вяроўкай на поясе, і ў дадатак да ўсяго пасля нядаўняга дажджу сцены царквы былі яшчэ вільготнымі.

12-ці гадовы Сымонка, так звалі хлапчука, нейкі час вагаўся. Зразумела, яго цешыла, што важны начальнік не загадвае, а перад усім народам просіць яго — зусім яшчэ не дарослага, і ўсё ж быццам нейкая сіла ў тую хвіліну перашкаджала хлопчыку даць згоду, і ён пэўны час вагаўся. Значна пазней, бадай, толькі ў самым канцы жыцця ён зразумеў, што вагаўся ў тое імгненне паміж асцярогаю свайго зычлівага анёла-ахоўніка і спакусай на адзін з самых вялікіх, хоць і міжвольных, грахоў ў сваім жыцці.

І ўсё ж устаяць у той момант падлетку было практычна немагчыма — упершыню ў сваім жыцці ён апынуўся ў цэнтры ўвагі не сваёй купкі аднагодкаў, а ўсёй вёскі. Спакуса была неверагодная, бо на яго ў той момант з чаканнем глядзела амаль уся вясковая грамада. Апроч хіба што роднай Сымонкавай маці Кацярыны Кірэеўны, ды яшчэ некалькіх вяскоўцаў, якія катэгарычна адмовіліся глядзець на “сатанінскае відовішча”.

Эх, каб ведала Кацярына Кірэеўна, то, напэўна, пайшла б і ўтрымала сына ад граху, які потым будзе пераследаваць яго праз усё жыццё!.. Што да бацькі Сымонкі Хведара Васільевіча, то ён пахмурна стаяў непадалёку ў натоўпе, не рашаючыся запярэчыць начальству. Разумеў, што такія пярэчанні маглі скончыцца для яго дрэнна.

Словам, хлопчык-такі згадзіўся. Яму прывязалі на пояс вяроўку і Сымонка палез, зразумела, без усялякіх прыстасаванняў і страхоўкі, па мокрых сценках царквы ў накірунку да крыжа. Як вынік і другое ўзыходжанне Сымонкі на макаўку было паспяховым — ён на вачах усяго натоўпу лоўкаю змяюкаю ўзабраўся да крыжа, пачапіў на яго вяроўку і асцярожна спусціўся ўніз. Начальнік ГПУ як даросламу паціснуў яму руку: “Дзякуй, таварыш! Ты нам вельмі дапамог!” На нейкі час Сымонка стаў сапраўдным героем у вачах аднавяскоўцаў, і асабліва сваіх равеснікаў, — як жа, сам грозны начальнік ГПУ, якога смяротна баялася ўся акруга, з ім парукаўся!

Ну а далей ўсё было, як кажуць, справай тэхнікі. За тую вяроўку учапіліся дзясяткі чалавечых рук, і праз колькі імгненняў крыж з нейкім дзіўным, амаль чалавечым, стогнам рухнуў долу, ледзь не прыбіўшы грознага ГПУ-шнага начальніка, які, смакуючы блізкі трыумф, крыху заўчасна наблізіўся да месца будучага яго падзення. Нейкая частка натоўпу адзначыла падзенне крыжу крыкамі “ура”, але пераважная большасць стаяла ў цяжкім, ледзь не смяротным, маўчанні — у нейкай роспачнай бездапаможнасці перад страшнай сілай, якая з’явілася на іх землях, брутальна перайначваючы іх лад жыцця. І вось цяпер гэтая сіла рукамі малога Сымонкі без малых сумненняў пасягнула на іх святыню. Яны яшчэ не ведалі, што гэта толькі пачатак, што літаральна праз год гэтая ж сіла пасягне на галоўныя ў іх жыцці святыні матэрыяльныя — зямлю і маёмасць.

Зрынуты крыж пагрузілі на вазок і некуды хутка павезлі. І ён, як і крыж Еўфрасінні, як і дзясяткі тысяч іншых крыжоў, беззваротна знік у віхурах часу. У выніку вёска Комсічы назаўсёды пазбавілася святой апекі і абароны ад усялякіх напасцяў.

Што да галоўнага героя падзеі — Сымонкі — то, вядома ж, ён мала разумеў тады, што рабіў — галоўную адказнасць неслі дарослыя дзядзькі, што падштурхнулі яго на такую цёмную справу. Нездарма, калі дома маці даведалася пра ягоны “подзвіг”, то страціла прытомнасць — такім вялікім быў страх за будучыню малодшанькага. Яна ўсім сваім мацярынскім сэрцам адчула ў той момант, які цяжкі грэх усклаў ён на сябе на ўсе астатнія гады свайго жыцця.

І насамрэч, ўвесь далейшы лёс Сымонкі прайшоў пад цяжкім знакам таго фатальнага ўзыходжання…

 

Утаймаванне «Чарцілы»

Калі напачатку 30-х гадоў у Комсічах пачаў функцыянаваць калгас “Май”, там неўзабаве за нейкія правіны знялі мясцовага брыгадзіра. І яго пасаду зусім нечакана для ўсіх прапанавалі заняць майму будучаму бацьку, тады 16-гадоваму юнаку. Важкім аргументам было тое, што ён меў ажно 6 класаў адукацыі (а гэта было тады для вёскі рэдкасцю) ды і быў даволі рашучым па характары, як сёння кажуць, здольным на ўчынак. Мяркуючы па ўсім, мясцовыя ўлады не забыліся і пра яго антырэлігійныя «заслугі». Такая тады была палітыка! Для выканання адказнага абавязку брыгадзіра Сымонку нават выдзелілі персанальнага каня.

Дарэчы, як сеў тады мой бацька на каня, дык, вобразна кажучы, амаль 10 гадоў — ледзь не да самай Вялікай Айчыннай — і не злазіў з яго. Спачатку гэта была згаданая, даволі нялёгкая, праца калгаснага «цівуна», а з 1936 года па 1940 — служба ў кавалерыі Чырвонай арміі.

Асноўнай задачай юнага брыгадзіра было «арганізоўваць» сваіх, дасюль моцна сапсаваных «індывідуальным» гаспадараннем, аднавяскоўцаў на здзяйсненне цяпер ужо калектыўных працоўных подзвігаў. Зрэшты, па ўспамінах бацькі, ён ніколі не прыбягаў у дачыненні да іх да нейкага прымусу, гвалту, наадварот, імкнуўся заўсёды дамаўляцца. Як яму, тады яшчэ зусім зялёнаму, гэта ўдавалася, адзін Бог ведае! Але ў выніку яго брыгада па сваіх паказчыках хутка стала адной з лепшых ў калгасе. І Сымонку, як перадавіка калгаснай справы, аднойчы нават накіравалі ў сталіцу Беларусі на злёт перадавікоў калгасаў.

Але мой будучы бацька быў вядомы ў сваёй вёсцы не толькі брыгадзірствам. Як распавялі мне ў свой час ягоныя землякі, напачатку і ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў у Комсічах, бадай, ці не самым хвацкім і баявым хлопцам. У спрэчных момантах, калі сітуацыя выходзіла з-пад кантролю, з Сымонкам не хацелі звязвацца нават старэйшыя і фізічна больш моцныя хлопцы-аднавяскоўцы. Бо вынік усялякага двубою быў прадвызначаны — Сымонка, выключна адораны ад прыроды спрытам і сілай, заўсёды апынаўся зверху.

Аднойчы тое лідэрства выявілася даволі выразна і магло каштаваць майму будучаму бацьку даволі дорага — прынамсі не адзін год волі. Гэты эпізод, як і эпізод з царквой, былі аднымі з тых фактаў бацькавага жыцця, якімі ён лічыў за лепшае перад намі, сваімі дзецьмі, не хваліцца.

Неяк у Комсічы наведаўся гурт чужакоў на чале са здаравенным — амаль двухметровага росту — боўдзілам па мянушцы Чарціла, вядомым усёй акрузе сваім жорсткім бандыцкім норавам. Той Чарціла са сваімі хаўруснікамі літаральна затэрарызаваў усе навакольныя вёскі, рэгулярна наведваючыся ў іх для «усталявання парадку». Чарцілаў “парадак” выяўляўся найперш у здзеку з людзей і іх банальным рабаванні. Ён абклаў тады ўсе навакольныя вёскі своеасаблівай данінай. Аб прыгодах Чарцілы выдатна ведала мясцовая міліцыя, але чамусьці глядзела на ўсе ягоныя выкрутасы скрозь пальцы. Гаварылі, што яго родны дзядзька быццам бы займаў высокую кіруючую пасаду ў Мінску, і ўжо даўно абяцаў забраць туды Чарцілу, прычым на працу не абы куды, а ў міліцыю.

І вось аднойчы Чарціла вырашыў наведацца ў Комсічы. Акурат тым надвячоркам ў Комсічах ладзіліся танцы, якія, як звычайна, збіраліся ў хаце аднаго з заможных мясцовых сялян. Дарэчы, прыняць танцы ў сваім доме лічылася тады ў Комсічах за немалы гонар. Моладзь, як звычайна, дружна пацягнулася да месца будучай забавы. Чарціла паводзіў сябе на танцах вельмі нахабна. Падчас танцавальнай вечарынкі ён падыходзіў да танцуючых пар і, ні слова ні кажучы, адкідваў убок, нібы якое-небудзь кацяня, мясцовага хлопца, а пасля, як ні ў чым ні бывала, працягваў танчыць з яго дзяўчынай. Зразумела, яна баялася нават вочы падняць на свайго новага кавалера. Прыніжаныя месцічы адступалі, але цярпелі — надта ж няроўнымі здаваліся ім сілы.

Дайшла чарга і да майго бацькі (на той час яму было каля 17 гадоў), які танчыў са сваёй дзяўчынай. А паколькі масы целаў Чарцілы і Сымонкі былі несупастаўныя, то і апошні не пазбег удзелу сваіх маладых аднавяскоўцаў. Яго дзяўчына, якая была змушана працягваць танец з боўдзілам, трэслася як асінавы ліст, але нават заплакаць баялася…

Ніхто і не заўважыў, як Сымонка знік з месца танцаў, а потым зноў з’явіўся і рашуча накіраваўся ў бок Чарцілы. Той няспешліва адхіліў ад сябе дзяўчыну і пачаў марудна паварочвацца да Сымона, ростам ледзь не на дзве галавы ніжэйшага за яго. Усе навокал ахнулі, мяркуючы, што для юнага аднавяскоўца надышлі апошнія хвіліны жыцця. І тут здарылася нешта нечаканае — раптам Чарціла, як падкошаны, цяжка рухнуў на падлогу. Усё адбылося так хутка, што ніхто толкам нічога не зразумеў!

А здарылася наступнае… Пасля публічнага фіяска ўзрушаны да глыбіні душы Сымонка пабег дадому, балазе гэта было па суседству, узяў там маленькую, але даволі цяжкую, гірку ад бытавых вагаў і, прывязаўшы яе на гумку да кісці рукі, схаваў у рукаве кашулі. І ў танцавальнай хаце, у момант, калі Чарціла пачаў да яго паварочвацца, літаральна выстраліў гэтай гіркай гіганту акурат у сярэдзіну ілба. Удар быў, відаць, настолькі нечаканым для Чарцілы і моцным, што той зваліўся долу як сноп, нават не войкнуўшы. Ён, мусіць, на нейкі час страціў прытом­насць і ўсім прысутным падалося, што ненавісны на ўсю акругу бандзюк знайшоў нарэшце свой канец. Але Чарціла зашавяліўся, і яго сябрукі, падхапіўшы правадыра пад рукі, пацягнулі яго да бліжэйшай лаўкі, дзе і пасадзілі. Комсіцкі люд з жахам чакаў развязкі.

Але развязка гэтай падзеі была таксама зусім нечаканай. Крыху пасядзеўшы на лаўцы, боўдзіла ачомаўся, неўзабаве цяжка падняўся і, ні слова не кажучы, паклыбаў прэч з хаты разам з усёй сваёй камандай. І аказалася, што не толькі з хаты, але і ўвогуле з іх вёскі.

Ці трэба казаць, як былі ўзрушаны Комсічы той падзеяй. Што цікава, у адносінах да Сымона вёска падзялілася на два лагеры. Адны глядзелі на яго як на героя, які выратаваў вёску ад жорсткага гвалтаўніка, іншыя пры сустрэчах проста пазбягалі хлопца, баючыся сябе скампраметаваць на выпадак вяртання Чарцілы. Многія і насамрэч чакалі, што праз які час Сымону давядзецца расплачвацца за адчайны ўчынак. Але Чарціла так і не наведаўся больш у Комсічы. Не прыехала разбірацца з тым здарэннем і міліцыя, хоць, безумоўна, пра ўсё добра ведала. Казалі, што быццам бы той самы важны сваяк урэшце-такі забраў жорсткага боўдзілу на працу ў сталіцу, прычым, як сёння сказалі б, якраз у «сілавыя структуры». Так гэта было ці не так, сказаць цяжка, у любым выпадку Чарціла больш не з’явіўся на бацькавай малой радзіме.

Ратунак у падпечку

І тым не менш, у выніку згаданых падзей з Чарцілам аўтарытэт Сымонкі ў вёсцы вырас, замацавалася і ягонае нефармальнае лідэрства сярод мясцовай моладзі. Самае цікавае, што два старэйшыя браты Сымона (Іван — на 11 гадоў, Уладзімір — на 7), таксама як і ўсе, прызнавалі яго.

Пра трагічны лёс дзядзькі Івана (у якога, дарэчы, засталіся сіратамі пяцёра дзяцей), я ўжо распавёў вышэй. Усе яго дзеці — Ганна, Зінаіда, Міла, Тамара і Іван — хоць і без бацькі, але выраслі і нармальна ўладкаваліся ў жыцці, усе мелі сем’і і па некалькі дзяцей. Другому дзядзьку — Валодзю, як і майму бацьку, таксама пашчасціла ацалець у віхурах страшнай вайны. Усе 4 гады ён быў на фронце і пражыў пасля перамогі яшчэ каля чвэрці веку, вывеўшы ў свет дачку Марыю і двух сыноў — Уладзіміра і Івана. Апошні, дарэчы, быў вельмі каларытнай асобай і за свой розум і круглыя, як ва ўсесаюзнага старасты, акуляры насіў у вёсцы мянушку Калінін.

Што да старэйшай Марыі, то калі ў 1966 годзе я ў 14 гадовым узросце ўпершыню наведаў сталіцу, менавіта Марыя, разам са сваім мужам Васілём, прытулілі мяне на цэлых два тыдні ў сваім маленькім пакойчыку, што месціўся ў кватэры на дзве сям’і з агульнай кухняй на Грушаўцы.

І было мне, дарэчы, у той камуналцы на Грушаўцы, дзе заўсёды страшэнна дымеў самы сапраўдны керагаз, утульна і цёпла. Як кажуць, “у цеснаце, ды не ў крыўдзе…” Болей за тое, менавіта тады я, ужо будучы зацятым футбольным балельшчыкам, упершыню ў жыцці змог паглядзець па тэлевізары, які меўся ў пакоі суседа, трансляцыю футбольных матчаў чэмпіянату свету 1966 года ў Англіі. О, якую асалоду я тады атрымаў! Нават сёння памятаю прозвішчы ўсіх герояў таго чэмпіянату, асабліва з легендарнай каманды СССР, сярод якіх не апошняе месца займаў мінскі дынамавец Эдуард Малафееў!

Па бацькавай лініі быў у мяне яшчэ адзін стрыечны брат Яўген — сын старэйшай бацькавай сястры Кацярыны. Жэня — вельмі добры і абаяльны чалавек — разам з жонкай Нінай больш за 20 гадоў адпрацаваў у гарачай Туркменіі і, не прыдбаўшы там вялікіх матэрыяльных даброт, вярнуўся на радзіму, дзе пражыў пасля гэтага не вельмі шмат часу…

Амаль з усімі маімі стрыечнымі братамі і сёстрамі я да канца іх жыцця падтрымліваў добрыя сваяцкія адносіны. Мы рэгулярна сустракаліся на ўсіх самых значных падзеях нашага жыцця — і радасных, і сумных. Апошні раз мне ўдалося сабраць сваякоў, што жылі тады ў сталіцы, на сваё 40-годдзе. Усе яшчэ былі жывыя і здаровыя. Памятаю, што тым вечарам мы шмат спявалі, і ўвогуле юбілей атрымаўся на славу, было вельмі весела і цёпла. Мы — усе нашчадкі Гібковага кораня — нібы адчувалі тым вечарам, што сабраліся ў такім складзе ў апошні раз.

На вялікі жаль, сёння ўжо нікога з маіх дарагіх стрыечных братоў і сясцёр няма на свеце, прычым не толькі па бацькавай, так і па мацярынскай лініі. Праўда, засталіся іх дзеці і ўнукі, але гэта ўжо зусім іншыя людзі, з іншымі прыярытэтамі, для якіх, за рэдкім выключэннем, сваяцкія адносіны ўжо не маюць такога значэння, як для бацькоў.


«На границе тучи ходят хмуро…»

Бравы чырвоны вершнік

Калі майго будучага бацьку ўлетку 1936 года прызывалі служыць у Чырвоную армію, сумненняў у прызыўной камісіі куды накіраваць яго служыць не было аніякіх — яго прызначылі на службу ў вельмі папулярны тады від войскаў — можна сказаць, тагачасны спецназ — кавалерыю. Туды, дарэчы, абы каго не бралі — адбіралі лепшых, найбольш спрытных і фізічна падрыхтаваных.

У Чырвонай кавалерыі, як ні ў якім іншым родзе войскаў, надавалі ўвагу спецпадрыхтоўцы. Па ўспамінах бацькі, яна нечым нагадвала тую, што сёння праводзіцца ў войсках спецпрызначэння. Розніца была ў тым, што пераважная частка навучання праходзіла верхам на кані. Апрача адмысловай ваеннай падрыхтоўкі, прыярытэтнай для кавалерыі — стральбы з карабіна і пісталета і валодання шашкай, байцоў сур’ёзна вучылі спецыфічным і складаным прыёмам — джыгітоўцы, вальтэжыроўцы і акрабатыцы. Па ўспамінах бацькі, асабіста вялікіх цяжкасцей пры навучанні гэтым прыёмам, ён не адчуваў, бо быў шчодра адораны ад прыроды як спрытам, так і сілай.

“Не то, что нынешнее племя…”

Паколькі размова пайшла пра сілу, то тут мушу зрабіць адмысловае адступленне. У наяўнасці гэтай сілы ў бацькі я не раз пераконваўся яшчэ ў дзяцінстве. Аднойчы ён на маіх вачах разагнаў з дзясятак маладых хлопцаў з нашай вёскі, якія нападпітку забурыліся адвячоркам на калгасную ферму (наша сядзіба-хутар месцілася непадалёку ад яе) і спрабавалі пазабаўляцца з маладымі даяркамі. Бацька, пачуўшы енк дзяўчат, падышоў да кароўніка і зрабіў аматарам прыгод заўвагу. Заўвага тым не спадабалася, і яны ўсім гуртам кінуліся на яго. Скончылася тым, што ўвесь гэты дружны калектыў уцякаў з фермы не чуючы пад сабой ног! Мясцовы ўчастковы, які потым прыязджаў разбірацца ў здарэнні, прызнаў, што дзеянні бацькі былі цалкам правамоцнымі, а вось у дачыненні да “пацярпелага” боку была нават узбуджаная справа.

Але асабліва мяне ўразіў адзін эпізод, які адбыўся, калі я вярнуўся з тэрміновай вайсковай службы дадому. Бацька працаваў тады на калгаснай ферме загадчыкам млына. І неяк аднойчы, змалоўшы там атрыманае на зарплату зерне, ён папрасіў мяне дапамагчы прынесці муку дахаты. Але, калі я рашуча ўхапіўся за верх аднаго з мяхоў, то з цяжкасцю змог скрануць яго з месца! І вось пажылы бацька, якому тады было каля 60 гадоў, які быў ніжэйшы за мяне на паўгалавы, лёгка прыпадняў цяжэзны мех і без напружання перакінуў яго бліжэй да ганку! Я не агаварыўся — не перасунуў, а менавіта перакінуў. Калі ён праз хвіліну ўладкаваў мне той мех на плечы, і я зрабіў свае першыя крокі, мяне літаральна «заштарміла». Як я яго данёс, аднаму Богу вядома!

У Забайкаллі

Але вернемся ў 1936 год, калі бацьку прызвалі на службу ў Чырвоную кавалерыю…

Служыць яму давялося за многія тысячы кіламетраў ад Беларусі ў Забайкальскай ваеннай акрузе, дзе ўзімку маразы і ўлетку спякота стабільна дасягалі за 40 градусаў па Цэльсію. Як бацька згадваў, калі ўзімку выносілі з казармы і вылівалі ваду з вядра — на зямлю падаў лёд.

У кавалерыйскім палку за Сымонам адразу замацавалі персанальнага каня, дакладней пародзістую прыгожую кабылу па мянушцы Асатрына. Гэта была, па словах бацькі, выключна разумная, нават мудрая жывёліна нейкай вядомай пароды (на жаль я забыў якой), якая разумела свайго гаспадара з паўслова. Яна потым не аднойчы ў складаных сітуацыях, дэманструючы прыклады адданасці і любові, выратоўвала яму жыццё.

З Асатрынай бацька служыў два гады, ажно да ваеннага канфлікту з Японіяй ля возера Хасан у 1938 годзе.

Неўзабаве бацьку, як аднаго з лепшых у эскадроне, накіравалі ў школу малодшых камандзіраў. Пасля яе заканчэння ён быў прызначаны намеснікам камандзіра ўзвода. Пасада была адказная, бо ўсе надзённыя праблемы байцоў вырашаў не столькі камандзір узвода, а якраз ягоны намеснік, які жыў з імі ў адной казарме, дзяліў хлеб і ўсе радасці і праблемы, якіх не бракавала. Бо служба ў Забайкаллі, паўтаруся, была вельмі суровай.

На Хасане

У 1938 годзе падчас згаданага савецка-японскага пагранічнага канфлікту на Хасане кавалерыйскі полк, у якім служыў бацька, адным з першых кінулі для «спынення правакацыі японскай ваеншчыны». Полк рашуча атакаваў самураяў сходу, на вялікай хуткасці. Словам, у лепшых традыцыях Грамадзянскай вайны, то бок без падтрымкі авіяцыі і танкаў, што нават па тагачасным статуце Чырвонай арміі ўжо было абавязковым. Атака была суперэфектнай, але малаэфектыўнай. Усё атрымалася акурат як у вядомай песні «Тры танкісты», толькі са знакам наадварот. «Наземь» «под напором стали и огня» паляцелі не самураі, а чырвоныя вершнікі, у тым ліку і мой бацька. Ад выбуху снарада на месцы загінула верная Асатрына, якая падчас узрыву ўзнялася на дыбы і тым самым прыняла на сябе галоўныя асколкі ад узарванага снарада, тым самым, па сутнасці ў апошні раз выратаваўшы бацьку жыццё. Ён абышоўся некалькімі няцяжкімі асколачнымі ранамі ног, і гэта было першае бацькава баявое раненне.

Нейкі час бацька лячыўся ў шпіталі, а потым ізноў вярнуўся на службу ў свой полк, моцна абноўлены пасля падзей на Хасане.

Вяртанне на радзіму

У звязку з тагачасным напружаным становішчам на межах Далёкага Ўсходу СССР замест двух гадоў бацьку давялося адслужыць у суровым Забайкаллі ажно чатыры. Неўзабаве адбыўся яшчэ адзін сур’ёзны канфлікт з японцамі — на Халхін-Голе. Бацькаў полк быў таксама накіраваны да месца баёў, але не адразу, таму гэтым разам да галоўных падзей не паспеў. Круты да немагчымасці генерал Жукаў ужо паспеў з японцамі разабрацца.

Праходзячы службу ў далёкім Забайкаллі, бацька вельмі сумаваў па роднай Беларусі. Тады яму здавалася, што пабачыць Радзіму давядзецца няхутка, бо ў тыя напружаныя часы, калі канфлікты з японцамі чаргаваліся адзін за адным, нікога не дэмабілізоўвалі. Але раптам напачатку 1940 года ў іхным злучэнні аб’явілі, што яно перафарміроўваецца з кавалерыйскага ў мотастралковае. Крыху пазней злучэнне атрымала загад камандавання Чырвонай арміі на перадыслакацыю ў Заходнюю ваенную акругу СССР, то бок у Беларусь. Ці трэба казаць, як узрадаваўся гэтаму мой бацька-беларус, які цяпер атрымліваў магчымасць служыць непадалёк ад сваіх родных і блізкіх!

Прычына тае перадыслакацыі была відавочнай — у Еўропе ўжо ва ўсю бушавала полымя другой сусветнай вайны і савецкае кіраўніцтва, разумеючы непазбежнасць будучага канфлікту з немцамі, хоць і заключыла з імі дамову аб ненападзенні, але пачало актыўна ўмацоўваць сваю заходнюю мяжу. Працэс перакідвання вялізнай масы войск і тэхнікі з Далёкага Ўсходу ў Заходнюю Беларусь цягнуўся не адзін месяц і, напэўна, сам па сабе варты ўвагі гісторыкаў-даследчыкаў.

Пасля прыбыцця ў Беларусь — месца дыслакацыі злучэння аказалася на заходніх межах Гро­дзеншчыны — бацьку ў маі 1940 года адправілі на курсы малодшых лейтэнантаў — тагачасных афіцэраў. І ўжо ў кастрычніку таго ж года ён, атрымаўшы першае афіцэрскае званне, быў прызначаны камандзірам кулямётнага ўзвода 700 стралковага палка 204 асобай стралковай механізаванай дывізіі, якая размяшчалася ў раёне горада Ваўкавыска.

На Ваўкавышчыне для майго бацькі пачалася зусім іншая, чым у Забайкаллі, служба. Яна была таксама напружанай, але і вельмі цікавай, бо даводзілася асвойваць новую тэхніку, якая актыўна пачала паступаць на ўзбраенне Чыр­вонай арміі. Не ведаў бацька, што менавіта пад Ваўкавыскам, дзе ягоны 700 полк прыняў свой першы бой 22 чэрвеня 1941 года, праз чатыры гады асядзе ён, ураджэнец Капыльшчыны, на пастаяннае месца жыхарства. Быццам бы нейкая сіла ўладна наканавала яму потым застацца назаўсёды якраз у тым месцы, дзе ён у 1941 годзе перажыў самыя драматычныя імгненні свайго жыцця…

Прадчуванне вайны

Па ўспамінах бацькі, у тым памятным чэрвені 1941 года, хоць і была на душы нейкая незразумелая трывога, але знешне ўсё навокал было неяк да нерэальнасці мірна, спакойна, у размовах між сабой людзі абмяркоўвалі планы далейшага жыцця на дзень, тыдзень, месяц, год... Усе яшчэ былі жывыя і здаровыя, акурат як у вядомай песні, выкананай Кабзонам: «Год сорок первый, начало июня. Все ещё живы, все ещё живы, все!..».

Пра вайну хоць і шмат у тыя дні гаварылі, але ніхто не хацеў верыць, што яна ўжо стаіць за дзвярыма іх дома, можна сказаць, зазірае ў замочную адтуліну. Ні­хто не ведаў, што насамрэч чакае іх і ўсю вялікую краіну ў бліжэйшыя годы.

І вайскоўцы, і цывільныя, па ўспамінах бацькі, зусім нежартоўна абмяркоўвалі між сабой, дзе будуць нашы часці праз тыдзень вайны — у Варшаве ці, мо, у самім Берліне, да якога, як не­хта палічыў, было ўсяго 800 км... Зразумела, ніхто з іх нават і падумаць тады не мог, што савецкія воіны да Берліна будуць ісці не тыдзень (7 дзён), а 1400 дзён, ці 4 гады! І не ў 800 км аказаўся той шлях, а ў дзясяткі тысяч кіламетраў, на якім застануцца ляжаць 27 мільёнаў самых лепшых, самых элітных людзей вялізнай краіны.

Першыя баі

Горад Ваўкавыск немцы пачалі бамбіць не так, як у вядомай песні — «ровно в 4 часа», а на 45 хвілін раней — у 3 гадзіны 15 хвілін раніцы. Прачнуліся байцы і камандзіры ад страшэнных выбухаў авіябомбаў (зразумела, што прачнуцца пашанцавала не ўсім). Асабліва шчыльна немцы бамбілі размяшчэнні вайсковых часцей, аэрадромы, месцазнахо­джанне якіх выдатна ведалі. Іх разведка рыхтавалася да ўдару вельмі грунтоўна. Таму і былі такімі вялізнымі страты ў Чывонай арміі ўжо ў першыя хвіліны вайны, не зважаючы на мужнасць і гераізм многх нашых воінаў.

204 дывізія пад камандаваннем палкоўніка Пірава ў складзе 11-га механізаванага корпуса генерала Маставенка па загадзе камандавання з першых гадзін вайны ўступіла ў жорсткія памежныя баі на гродзенскім кірунку. Крыху пазней яна заняла абарону на поўдзень ад горада Гродна, прыкрываючы Масты, на якія быў скіраваны клін адной з танкавых дывізій. Але ў выніку нечаканага ўдару 3-й і 2-й танкавых груп немцаў па флангах беластоцкай групоўкі савецкіх войскаў 204 дывізія палкоўніка Пірава патрапіла ў так званы Беластоцкі кацёл.

Што да непасрэдна 700 палка маёра Сіповіча, дзе служыў мой бацька, то паводле ягоных словаў, у выніку некалькіх баёў большасць байцоў палка загінула, нямала патрапіла ў палон.

Што да бацькі, то яму, параненаму ў нагу, пашчасціла выпаўзці з поля бою да бліжэйшай вёскі Жорнаўка, што ў 15 км ад Ваўкавыска, каля якой яго падабралі і прытулілі мясцовыя жыхары. Паводле ўсіх маіх роспытаў у землякоў, хутчэй за ўсё прозвішча людзей, якія тады выратавалі бацьку, было Пазнякі. Гэтыя людзі дапамагалі яму тады чым маглі, хоць рэальна рызыкавалі жыццём.

Паступова рана на назе загойвалася. Бацька сур’ёзна планаваў, устаўшы на ногі, адправіцца на ўсход да сваіх, не падазраючы, наколькі тыя свае былі ўжо далёка. Ён ужо пачаў пакрысе хадзіць, нават стаў чым мог дапамагаць па гаспадарцы сваім выратавальнікам.

Прочитано 2266 раз Печать