Вторник, 03 Июля 2018 11:09

Мы — часцінкі сваёй роднай зямлі. Як нашы юныя землякi сваімі перамогамі славяць беларускую мову

Автор
Нядаўна выпадкова наткнулася на меркаванне дырэктара філіяла «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандра Лукашанца наконт лёсу беларускай мовы.

— Яшчэ рана “плакаць”, што беларуская мова памірае, — лічыць ён, — бо сёння гэта адна з буйнейшых моў свету, высокаразвітая літаратурная мова, якая здольна паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Яна можа свабодна і бесперашкодна выкарыстоўвацца ў любых сферах зносін — ад побытавай да сферы высокіх навуковых тэхналогій. Слоўнікавы склад беларускай мовы, яе правапісныя нормы дазваляюць выкарыстоўваць пісьмовую і вусную мову ва ўсіх без выключэння сферах, што і прадугледжвае яе высокі заканадаўчы статус дзяржаўнай мовы нашай краіны.

Не згадзіцца з гэтым, пераканана, нельга. Поспехі нашых юных землякоў, якія сваімі перамогамі славяць родную мову — найлепшае таму сцвярджэнне. Сёлета першай на абласным і трэцяй на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па беларускай мове стала вучаніца 9 класа Рэплеўскага навучальна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-сярэдняя школа Алеся Раманчук. Любімаму прадмету дзяўчыну вучыць Тамара Анатольеўна Жук. У іх абедзвюх я пацікавілася, адкуль такая жывая любоў і вернасць да роднай мовы.

Тамара Анатольеўна ЖУК:

— Пытанне, чаму я стала настаўніцай беларускай мовы, задаецца не першы раз. Адказ ёсць: я — працяг свайго бацькі, настаўніка беларускай мовы, у мяне былі ўлюбёныя ў сваю мову настаўнікі, любімыя пісьменнікі. Усё? Не…

Чамусьці мне ўспамінаецца мая бабуля. Ціхімі вечарамі, калі ўсе справы былі зроблены, яна садзілася і распавядала нам пра сваё жыццё. Успаміны вярталі яе ў маладосць, вялі нялёгкімі жыццёвымі сцежкамі. Мы ўважліва слухалі. Чаму? Гаварыла яна на сваёй роднай мове, такой зразумелай і блізкай нам, вясковым дзецям. А якімі пазнавальнымі былі яе “паходы” па зёлкі! Якім смачным і пахучым была гарбата, завараная на іх! І толькі цяпер я разумею, што тым самым яна далучала нас да вытокаў роду, да мовы, да Бацькаўшчыны. Як гэта важна — мець свае карані, размаўляць на мове сваіх продкаў, якая звязала нас моцна і назаўсёды. Таму, напэўна, і жыве ў маёй душы любоў і замілаванасць да яе.

У кожным слове, якое збярог мой народ, ёсць нешта таямнічае, цікавае. Слова вядзе нас у далёкае мінулае. У слове бачыцца сам чалавек, яго душа, яго характар, думкі, мары, захапленні, занятак, яго радасці і няўдачы, пякучы боль і адчай. І ўспамінаецца дарагі Уладзімір Караткевіч: “Наша мова вечная, бо ўся яна, як наш характар”.

Сваім вучням я заўсёды гавару: “Каб палюбіць, трэба душой спазнаць”. Якімі ж дарагімі сталі для мяне словы маёй вучаніцы Алесі Раманчук: “Я люблю сваю мову, бо я часцінка сваёй роднай зямлі”.

У кожнага ёсць свая маленькая радзіма, куток, дзе пачыналася жыццёвая дарога. Вярнуцца і зберагчы яе можна толькі тады, калі адчуеш сэрцам: я патрэбен там. Тым, хто лічыць сябе беларусам, але цураецца сваёй мовы, хачу сказаць: уратаваць нашу родную мову можна толькі адным — гаварыць i пісаць на ёй — i яна будзе жыць! А разам з ёй — i мы.

Алеся РАМАНЧУК:

— Наша родная мова... Жывая, мiлагучная, непаўторная... Мова, якую збераглi як самы дарагi скарб нашы слаўныя продкi. Што можа быць больш высакародным, чым захаваць праз усё жыццё матчыну мову!

Але, калі прызнацца сумленна, то да роднай мовы ў той час, калі па прапанове маёй першай настаўніцы згадзілася паспытаць сябе ў алімпіядным руху па гэтым прадмеце, я ставілася абсалютна нейтральна. Першапачаткова нават не магла ўявіць, што палюблю беларускую мову. Палюблю моцна і назаўсёды.

Шкада, але ў наш час мала хто можа пахваліцца, што ведае родную мову. Некаторыя нават цураюцца яе. А вось я лічу, што мы як грамадзяне Беларусі ведаць яе павінны абавязкова. І не толькі ведаць, але і карыстацца ў паўсядзённым жыцці. Мы павінны захоўваць нацыянальныя традыцыі, які складаліся доўгія стагоддзі, каб перадаць іх нашчадкам. Мы абавязаны зберагчы мову выдатных, непаўторных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Бо калі новае пакаленне ўжо не зможа прачытаць іх творы на мове арыгінала, гэта будзе найвялікшая культурнай стратай для нашай краіны. Мы павінны быць сапраўднымі беларусамі і ганарыцца гэтым.

Нездарма кажуць, што народ існуе, пакуль існуе яго мова.

Прочитано 1371 раз Печать