Воскресенье, 20 Января 2019 09:21

Патрыятызм выхоўваем з садка

Як вядома, 2018 год быў першым у трылогіі малой радзімы. У кожнага чалавека яна свая — вёска, вуліца, дом, дзе ён нарадзіўся. А мноства такіх маленькіх родных вугалкоў і складае нашу агульную Радзіму — Рэспубліку Беларусь. І нам трэба старацца, каб яна штогод мацнела, прыгажэла, квітнела.

І вялікая роля ў гэтым адводзіцца патрыятычнаму выхаванню — ужо з дашкольнага ўзросту.

У дашкольных групах Субацкага дзіцячага сада-сярэдняй школы праводзяцца тэматычныя тыдні “Прырода Беларусі”, “Беларуская цацка”, “Наш дзіцячы сад”, “Сям’я”, “Мая Радзіма — Беларусь”, заняткі бацькоўскага клуба, экскурсіі, развучваюцца народныя гульні. Любяць дзеці слухаць літаратурныя творы на беларускай мове. Думку Ніла Гілевіча “Я — беларус, і я шчаслівы, што маю гэтае імя” мы стараемся данесці да сваіх выхаванцаў і ў час заняткаў, і па-за імі. І дапамагаюць нам у гэтым вугалкі патрыятычнага выхавання, якія створаны ў кожнай дашкольнай групе. Іх агляд паказаў, што патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў дае свае цудоўныя вынікі.

Месца ў гэтых вугалках знаходзіцца і для метадычных, краязнаўчых і літаратурных матэрыялаў, народных і дыдактычных гульняў, цацак, посуда, адзення, ручнікоў, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кожная група па-свойму прадставіла іх старонкі. Прыемна адзначыць, што дзеці ведаюць народныя традыцыі, беларускія вершы і песні. Усе былі ў захапленні ад песні “Беларусачка”, якую выканала выхаванка другой малодшай групы Соня Рагацэвіч разам са сваёю мамаю. Вугалок менавіта гэтай групы журы і прызнала пераможцам. Другое месца  прысуджана групе інтэграванага навучання і выхавання, трэцяе раздзялілі старшая і першая малодшая групы.

У навагоднім звароце да беларускага народа Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў 2019 годзе трылогія Года малой радзімы будзе працягвацца, а гэта значыць, што мы будзем і далей рабіць усё, каб наша Беларусь заўсёды жыла, квітнеючы, у міры і згодзе, а кожнаму беларусу хацелася ведаць свае вытокі і звяртацца да іх.

Яніна ВІТУС, выхавальнік дашкольнай адукацыі.

Прочитано 887 раз Печать