Суббота, 27 Февраля 2021 19:04

Слаўная хата не кутамі — гасціннасцю

Беларусы заўсёды любілі і ўмелі прымаць гасцей. Больш таго, у нас  выпрацавалася на працягу стагоддзяў сталая і салідная традыцыя гасціннасці і гасцявання. Нават неспадзяванага госця нашы продкі лічылі дарагім, жаданым, амаль пасланнікам Бога. Нежаданага госця, пра якога сёння скажуць — чорт прынёс! — наогул не магло быць. Дрэнна, што некаторыя суайчыннікі сёння нават суседа не хочуць ведаць…

Нашы ж папярэднікі былі перакананы, што Бог можа асудзіць гаспадара і гаспадыню, якія зачынілі дзверы перад вандроўнікам, не дапамаглі чалавеку, чужому і незнаёмаму, кавалкам хлеба ў цяжкую хвіліну. Яны вучылі дзетак, што шанаваць трэба ўсіх — сваіх і чужых, суседзяў, прыезджых і тых, хто прыйшлі пехатою. Праявіць гасціннасць, падаць міласціну — гэта быў духоўны канон, патрэба душы і сэрца. Дарэчы, слова “гасцінец” у беларускай мове і ўжываецца ў двух значэннях: як падарунак і як вялікая дарога (шлях).

Важна і тое, што ў старадаўнія часы менавіта праз падарожных пашыраліся камунікацыі з іншымі вёскамі, мястэчкамі, гарадамі. Можна было пачуць шмат  навін, падзяліцца вопытам гаспадарання. Гаспадыні пераймалі новыя ўзоры крояў і вышыўкі, гаспадары — прыёмы севу і збору ўраджаю.

Цікава, што пра хуткіх гасцей паведамлялі ў павер’ях кот, сабака, сарока, певень і павук. Кот хвост задзярэ ды ліжацца — госці будуць. Хвост на покуць пакладзе — госці будуць. Кот мыецца — да гасцей. Сабака брэша — госці ўжо на парозе. Сарока застракатала — чакай гасцей у хату (дарэчы, сарока ў народзе, як і ў прыродзе-матухне, лічылася асноўнай дастаўшчыцай навін). Павук, што  спускаецца па павуцінні ў хаце, прадвяшчае гасцей. Певень праспявае на варотах ці веснічках — чакай госця. Куды ён галаву павярне — адтуль і госці.

Нашы продкі гасцей заўсёды сустракалі шыкоўна, з шырокай душою. Менавіта гасціннасць — цудоўная рыса майго народа, якая відавочна дэманструе не толькі гатоўнасць падзяліцца апошнім, але і аддаць гасцям часцінку сваёй душы і сэрца. Клапаціліся і пра сам прыём, і пра сардэчнасць сустрэчы, і пра стравы.

Гасцям былі рады. Дарэчы, пачэсная традыцыя сустракаць хлебам-соллю дайшла і да нашых дзён. Хлеб — гэта дабрабыт, дастатак, а соль — унікальны абярэг. Лічылася, што такім абрадам гаспадары жадаюць гасцям шчасця, дабра і міру, просяць Бога, каб абараніў усіх добрых зямлян.

Абед пачыналі з пірагоў. У пачэсны кут саджалі гасцей, што падкрэслівала — яны жаданыя заўсёды ў гэтай хаце! Тут віселі абразы, ляжалі малітоўныя кнігі, Біблія. Тут благаслаўлялі маладых, маліліся. Стол у пачэсным куце — не проста стол, а сімвал дабрабыту, устойлівасці, гармоніі, моцнай сям’і. А так звычайна на гэтым месцы сядзеў гаспадар.

Развітваючыся, гасцям жадалі добрай дарогі, давалі падарункі. Госці ў сваю чаргу абавязкова запрашалі гаспадароў да сябе.

Многія сучасныя госці з розных краін ўжо змаглі наведаць нашу Бацькаўшчыну, многіх мы прымалi на чэмпіянаце свету па хакеі-2014. Гасцей мы не перастаём чакаць і зараз, каб пазнаёміць з нашай шчодрай і гасціннай Беларуссю, з яе прыродай-матухнай.

Мы жывём у цэнтры Еўропы. Мо, таму нашы продкі спрадвек ўмелі гасцей прыняць, сябе паказаць. Іншымі словамі, гасціннасць майго народа — у крыві, у генах. Таму мне горка падчас чуць, калі маіх суайчыннікаў пачынаюць зне-
слаўляць, абражаць, крыўдзіць, прыпісваючы нам надуманыя дрэнныя рысы характару.

Беларусаў як нацыю і ведаюць у свеце найперш як дбайных працаўнікоў, сумленных сейбітаў (беларусы нягле-дзячы на катаклізмы заўсёды сеялі хлеб!), як гераічны народ, які першым прыняў на сябе полымя Вялікай Айчыннай.

Цудоўна, што ў сінявокай Беларусі рэалізуецца шмат турыстычных праектаў. Дарэчы, эпітэт “сінявокая” упершыню ўжыў украінскі паэт Уладзімір Сасюра, які любіў нашу Айчыну, неаднойчы прыязджаў да нас.

Мы заўсёды рады паказаць унікальнасць, загадкавасць і таямнічасць нашай зямлі-матухны іншаземцам. І яны адкрываюць для сябе прыгожую, гасцінную, ветлівую краіну, якой ёсць што паказаць. І самі мы, беларусы, любім падарожнічаць па Бацькаўшчыне: наведваем векавую Белавежскую пушчу,  адпачываем на Браслаўскіх азёрах і Нарачы, захапляемся веліччу архітэктуры Мірскага і Нясвіжскага замкаў, прыгажосцю і ўнікальнасцю Камянецкай вежы, Каложскай і Спаса-Еўфрасіннеўскай цэркваў. Зімой любім катацца на лыжах у Сілічах і Раўбічах, заўсёды запрашаем далучыцца на спартыўных мерапрыемствах нашых сяброў з іншых краін. Сёння кожны ў Інтэрнэце можа пазнаёміцца з архітэктурнымі і культурнымі помнікамі нашай краіны, дарогамі, гасцініцамі (а якая ж гасцініца без гасцей!), нацыянальнай кухняй. У нашых рэстаранах таксама гатуюцца нацыянальныя блюды.

Пра гасціннасць беларусаў ведае увесь цывілізаваны свет, уся планета Зямля!  Менавіта таму рознымі гасцінцамі да нас едуць, ляцяць замежныя турысты. Зразумела, пандэмія ўнесла свае папраўкі, аднак з часам усё вернецца на кругі свае. Таму нельга забываць даўнія традыцыі. Ад таго, як мы будзем прымаць гасцей, будзе залежыць імідж Беларусі. І так хочацца, каб наша сінявокая краiна працягвала і ў XXI стагоддзі заставацца самай гасціннай у свеце, каб прыязджала ўсё больш гасцей, каб больш станавілася рознага кшталту міжнародных імпрэз.

Мне часта ўзгадваюцца цудоўныя радкi з верша Ніны Аксёнчык “Беларуская гасціннасць”:

Недарэмна вёска наша цэніцца:

Шчырасцю — гасцінны беларус.

На парозе толькі госць павернецца —

Ільняны разгортваем абрус…

Каб не здрадзіць бацькаўскаму следу,

Беларусь у сэрцы берагчы,

Па гасціннасць я ў вёску еду —

Хата зоркай свеціць мне ўначы.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Прочитано 104 раз Печать