Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 15 Июля 2021 15:51

Удзячнасць павінна быць актыўнай

Автор

Зямля Бацькаўшчыны дагэтуль захоўвае сляды Вялікай Айчыннай. Як часта і ў ХХІ стагоддзі знаходзяць у ёй злосна-смяротны груз — снарады, міны. I з якой асцярожнасцю маладыя салдаты перадаюць іх з рук у рукі, перш чым абясшкодзіць. Гэтак жа беражліва, толькі ўжо з сэрца ў сэрца, перадаецца іншы цяжар — Памяць. Ад чалавека да чалавека. 3 года ў год. 3 дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе... На жаль, сведкаў тых падзей з кожным годам становіцца ўсе менш і менш.

У Год народнага адзінства хочацца яшчэ і яшчэ раз канстатаваць: памяць — гэта тое стрыжнявое, што нас, беларусаў, аб’ядноўвала многія стагоддзі і працягвае злучаць нашы сэрцы і душы сёння. Я перакананы, што мы ўсе разам павінны змагацца з беспамяцтвам, з гістарычнай амнезіяй. Нам разам трэба працягваць штодзённа выпрацоўваць устойлівы імунітэт нацыі, які дапаможа прадухіляць скажоныя погляды, міфы, фэйкі пра Вялікую Айчынную. Нельга, каб прыніжалася веліч по-
дзвігу народа. Мы павінны расказваць сваім дзецям і ўнукам пра мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, аб партызанскім і падпольным руху на Беларусі, чацвёртым па велічыні ў Еўропе лагеры смерці “Трасцянец”, дзіцячым канцэнтрацыйным лагеры ў вёсцы Чырвоны Бераг. Мы ніколі не павінны забываць пра беларускія хатыні, Халакост, іншыя злачынствы фашыстаў.

Беларусы толькі ў апошні час шмат зрабілі для захавання памяці пра вайну.  Гэта праекты і акцыі: “Кветкі Вялікай Перамогі” БРСМ, “Беларусь памятае”, “Лёсы, складзеныя ў трохкутнік” Беларускага тэлеграфнага агенцтва і Беларускага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: ўспомнім усіх!” НАНБ. За апошнія гады створаны абагульнены банк даных “Мемарыял” (прысвечаны абаронцам Айчыны, якія загінулі і прапалі без вестак), банк дакументаў “По-дзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”, база даных “Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941—1944 гадах”. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 109 ад 24 сакавіка 2016 г. “Аб увекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр войнаў” вядзецца аўтаматызаваны банк даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”. Вядуць працу і ўдзельнікі пошукавых клубаў, якія дзейнічаюць у розных рэгіёнах Беларусі, не даючы сысці ў нябыт героям. У 2020 г. да 75-годдзя Вялікай Перамогі Нацыянальны гістарычны музей сумесна з Камітэтам па маёмасці і Навігацыйна-тапаграфічным упраўленнем Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі арганізаваў унікальны выставачны праект “#дакладнасць. Свет ваенных тапографаў”, які красамоўна дэманструе нам уклад ваенных тапографаў, картографаў і геадэзістаў у Перамогу. Беларускі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны актыўна ўдзельнічае ў праекце “Тэрыторыя Перамогі”, які рэалізуецца разам з Музеем Перамогі
ў Маскве.

Беларускі фонд міру ініцыяваў і ўнёс істотны ўклад у стварэнне Мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму “Урочышча Пескі” ў Полацку на месцы масавага пахавання, дзе размяшчаўся нямецкі лагер для савецкіх ваеннапалонных “дулаг-125”. Там усталяваны памятны знак і крыж, камень з таблічкай пра месца пахавання, гранітная мемарыяльная сцяна з прозвішчамі загінуўшых. Беларускія музеі старанна захоўваюць памяць аб героях. Раю бацькам разам з дзецьмі абавязкова наведаць гэтыя музеі!

Магутнай сілай і энергіяй валодаюць такія выдатныя творы і знакавыя месцы памяці, як Манумент Перамогі ў Мінску, архітэктурна-скульптурны комплекс “Мінск — горад-герой”, Мемарыяльныя комплексы “Курган Славы” (Смалявіцкі раён), “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь” (Лагойскі раён), “Прарыў” (Ушацкі раён), “Буйніцкае поле” (Магілёў), “Кацюша” (Орша), “Памяць” (Добруш), “Дзецям-ахвярам вайны” (Жлобінскі раён), “Азарычы” (Калінкавіцкі раён), мемарыяльны ансамбль у гонар воінаў Беларускай пагранічнай акругі (Гродна), мемарыяльны комплекс, прысвечаны аперацыі “Баграціён” (Светлагорскі раён), мемарыял “Яма”, прысвечаны ахвярам Халакосту (Мінск). Знакавымі падзеямі сталі стварэнне мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” у Мінску на месцы былога лагера смерці, экспазіцыі “Музей вайны — тэрыторыя міру” ў “Брэсцкай крэпасці-героі”, мемарыяльнага комплексу “Ала” ў Светлагорскім раёне на месцы вёскі, спаленай фашыстамі разам з жыхарамі.

Пра вайну нам распавядаюць і кнігі. Беларуская літаратура багатая на творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай. Ёсць шмат пісьменнікаў, маладосць якіх прыпала на час той жудаснай трагедыі. У Трасцянцы гітлераўцы спалілі жонку і сына пісьменніка Міхася Лынькова, жонку і пяцігадовага сына паэта Уладзіміра Хадыкі... 3 болем піша пра канцлагер у Трасцянцы паэт Максім Танк.

Сёння па мірным жыцці крочаць новыя пакаленні моладзі. Для многіх вайна дзесьці там, у мінулым, калі іх яшчэ не было на свеце. Падзеі вайны сталі мінулым, аднак усё ж не настолькі далёкім, бо яшчэ жывуць сярод нас ветэраны.

Я перакананы, што ў Беларусі ніколі не знікне памяць пра палеглых на палях вайны салдат, пра іх трагічны лёс: вайна нясе страты, нішчыць маладосць і каханне, красу жыцця, чалавечае шчасце. Памяць павінна быць актыўнай. Тады яна не пакідае сучаснікаў абыякавымі, бяздзейнымі, пасіўнымі. З пакалення ў пакаленне мы ўсе разам павінны перадаваць эстафету гэтай памяці.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Прочитано 149 раз Печать