Мова родная — найлепшая - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 27 Марта 2022 16:12

Мова родная — найлепшая

Прачытала артыкул Наталлі Грыб пра родную мову “Наша, родная, народная”, і я цалкам з ёю згодная. А яшчэ я ўпэўнена, што не размаўляе моладзь і не размаўляюць на роднай мове нашы навучэнцы гімназіі таму, што не хочуць чытаць творы, нават праграмныя, на роднай мове. Вось таму і не ўмеюць гаварыць на роднай мове.

Нядаўна ў бібліятэку прыйшлі вучні дзясятых класаў і папрасілі кнігу беларускага пісьменніка У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, але на рускай мове. Я ім тлумачу, што пераклад — гэта зусім не тое, што напісана пісьменнікам у арыгінале, і расказваю, які гэта цудоўны твор. Думаю, што мая рэклама дапамагла, гэты твор дзесяцікласнікі ўзялі на роднай мове. І такое здараецца часта. Але ўсё ж шкада, што карэнныя жыхары нашай краіны не любяць сваю мову. А хочацца, каб яны размаўлялі на беларускай мове — мове нашай нацыі. Другія народы пранікнуцца павагай да Беларусі, калі менавіта мы будзем несці гэты дар — сваю беларускасць.

Вялікія асветнікі Беларусі: Сімяон Полацкі, Францыск Скарына і іншыя, валодалі некалькімі замежнымі мовамі, але гэта не перашкаджала ім змагацца  за сваю мову і развіваць, адраджаць беларускую культуру. Для таго, каб змяніць сваё стаўленне да роднай мовы я, як бібліятэкар, параіла б пачытаць творы знакамітых  беларускіх пісьменнікаў: Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і іншых. Вядома, нельга сілай прымусіць чалавека гаварыць на роднай мове, але павінен кожны ведаць, што са знікненнем роднай мовы знікае і народ! Прыемна, што ёсць дарослыя людзі, якія размаўляюць на сваёй роднай мове — гэта, між іншымі, нашы настаўнікі беларускай мовы. Ёсць у мяне знаёмыя і сяброўкі, якія таксама размаўляюць толькі на роднай мове, і мне гэта вельмі падабаецца. А таксама вельмі прыгожа размаўляе толькі на роднай мове Вячаслаў Корбут, укладальнік альманаха “Літаратурны экватар”, у якім друкуюць мае творы на беларускай мове.

Наша мова вельмі мілагучная, меладычная, мяккая, пявучая і выразная.  Што мы пакінем сваім нашчадкам, калі не захаваем сваю мову? Нашы продкі ўсё жыццё змагаліся за сваю Радзіму, за сваю мову. Чаму тады нам яна так была патрэбна, а цяпер нашай моладзі — не? А якія ёсць у беларускай мове прыгожыя словы: журавіны, калі ласка, матуля, калыска. Яны так прыгожа гучаць, што адгукаюцца ў сэрцы. Калі я любуюся прыгажосцю нашай прыроды, у мяне толькі на беларускай мове складаюцца лірычныя радкі ці замалёўкі.

***

Усю зямлю пакрыў бялюткі і свяжуткі снег. Пачалася завіруха, і калючы снег вецер нясе прама ў твар. А без шаліка снег коле ў шыю, нібы хто за каўнер нешта калючае закінуў. Чалавеку ў такую непагоду трэба сядзець дома і не падарожнічаць. У такую завіруху можна збіцца з дарогі і  не ўбачыць агню, прайсці блізка і не заўважыць сваю вёску. А так хочацца пагрэцца і перачакаць такую злую і халодную завіруху.

***

Прыйшла вясна, і пачаў раставаць снег, які раптоўна зрабіўся мяккім і нават брудным. А з-пад яго выцякаюць ручайкі. Яны плывуць і нібы спяваюць песню вясны, так прыгожа яны журчаць. Яшчэ ляжыць снег на зямлі, а з-пад яго ўжо выглядвае маладзенькая траўка. Шумяць бярозкі з маленькай і такой бліскучай лістотай. Яны стаяць такія далікатныя, з бялюткай, як сукенка нявесты, карой толькі фата не белая, а зялёненькая.

***

Як хораша летам прайсці па лясных сцежках, і не бяда, што няма грыбоў. Можна нічога не збіраць, не рваць кветак, а толькі любавацца навокал прыгажосцю лесу. Бывае, што гэтай сцежкі і не відно нават, яна зарасла рознымі ляснымі лекавымі  зёлкамі, якія ад ветру хіляцца ў розныя бакі, і ад гэтага паднімаецца ад іх такі духмяны водар, аж круціцца галава. А калі выйдзеш з лесу, патрапляеш у жытняе поле, якое так цудоўна пахне хлебам. Яно здалёк здаецца жывым. Пераліваецца жыта рознымі колерамі, калі хіліцца то ў адзін, то ў другі бок, нібы жывая істота. Усё неба пакрытае хмарамі, але не страшна, нават калі раптам палье дожджык, пасля яго так лёгка дыхаецца.

***

Пачалі дуць халодныя вятры. Апала такая прыгожая лістота, ці то ад ветру, ці то ад частых і халодных дажджоў. Так хочацца, каб гэтае прыгожае восеньскае ўбранства засталося надаўжэй. Але лісце, пакруціўшыся, пачынае падаць. Яно падае і падае на зямлю, нібы залатыя зоркі. Прыемна, вядома, шаляс-
ціць жоўты дыван на зямлі, калі па ім прайсціся і прыслухацца. І пад гэтае шэлясценне так цікава думаецца, і хочацца марыць пра нешта  добрае. Але, гледзячы на гэты цудоўны дыван, так хочацца, каб гэтая лістота вярнулася назад на дрэвы для таго, каб парада-
ваць нас яшчэ сваім яркім жоўтым колерам.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК, загадчык бібліятэкі ДУА “Гімназія № 1 г. Ваўкавыска”

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1652 раз Печать