Версия для печати
Среда, 19 Октября 2022 10:52

Гутарым з Тамарай Іванаўнай Карнацэвіч, якая з'яўляецца захавальнікам традыцыі выпякання вясельнага каравая на Ваўкавышчыне

На стале на вялікім падносе выкладзены яркія ружы, сціплыя рамонкі, пара хупавых лебедзяў ды два заручальныя пярсцёнкі — сушацца і чакаюць сваёй гадзіны. Вельмі хутка яны ўпрыгожаць галоўны вясельны атрыбут — вялікі шмат’ярусны каравай, сімвал дабрабыту і шчасця ў маладой сям’і. А пакуль што гаспадыня рашчыняе цеста. Так, як гэта рабілі яе матуля і бабуля.

Тамара Іванаўна Карнацэвіч — захавальнік традыцыі выпякання вясельнага каравая на Ваўкавышчыне, якая занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Яна не раз была адзначана за асабісты ўклад у захаванне і развіцце беларускай традыцыйнай культуры, стала гераіняй перадачы “Жывая культура” і артыкула выдання “Вандроўка да хлеба”, якое з’яўляецца сёмым выпускам серыі “Культурная спадчына Беларусі”. Яна — каравайніца ў трэцім пакаленні, шмат гадоў выпякае вясельныя караваі па народным рэцэпце.

— Мая мама некалі пякла смачныя булкі і караваі, а яе навучыла мая бабуля, якая была ў пана кухаркаю. Сям’я бабулі жыла тады ў Бераставіцкім раёне. Дзед Васіль працаваў у пана эканомам, быў вельмі добрым чалавекам, у вёсцы яго ўсе паважалі. Калі з Расіі да нас людзі ўцякалі ад голаду, ён васьмі сем’ям даў прытулак у сваёй хаце, і кожны ранак даваў кожнай сям’і па місцы мукі са сваіх запасаў, каб зацерку маглі сабе прыгатаваць на абед. Пан таксама яго паважаў, нават даў яму частку сваёй зямлі. Ну, а пазней яны пераехалі пад Ваўкавыск, на хутар Лозы. Тут я і нарадзілася.

Тамара Іванаўна паказвае фотаздымак, на якім адлюстравана вялікая сям’я:

— Гэта мае бацькі, браты і сёстры. Тут няма старэйшага брата, ён у арміі, і самага малодшага — ён яшчэ “ў праекце”. А ўсяго нас было дзесяцёра, пяць хлопчыкаў і пяць дзяўчынак. Старэйшыя даглядалі малодшых. Жылі дружна, весела. У 19 год я выйшла замуж за ваеннага, тады ў Ваўкавыску была вайсковая часць, многія дзяўчаты за ваенных выходзілі…

Маладая сям’я пераехала на радзіму мужа, пад Баранавічы, праз два гады вярнулася, пасялілася ў Новай Ятвязі. Тамара Іванаўна працавала спачатку паштальёнам, потым некаторы час на заводзе, а затым пайшла на ферму даяркаю. Хоць праца гэта і была не з лёгкіх, менавіта яна прыйшлася найбольш па душы. Як і ўсе вяскоўцы, сям’я трымала і сваю гаспадарку, і вялікі агарод. Тамара Іванаўна заўсёды сама рабіла і масла, і тварог. І хлеб пякла свой, дамашні, як навучыла яе матуля.

karnatcevich-3

А першы каравай яна спякла на вяселле пляменніцы, было гэта ў 1998 годзе. Вялікі каравай, аздоблены “шышкамі” і “шпарагай” — галінкай аспарагуса, якой традыцыйна ўпрыгожвалі і каравай, і вянок нявесты.

З таго часу Тамара Іванаўна спякла не адну сотню караваяў. Вялікіх і малых, традыцыйных і больш сучасных. Вельмі шмат замоў было ў пачатку двухтысячных гадоў, пякла кожныя выхадныя. Складаныя, багата аздобленыя вырабы, сапраўдныя творы мастацтва. Цяпер часцей замаўляюць невялікія, сустракаць маладых. А вось вялікі шматпавярховы каравай зараз убачыш далёка не на кожным вясельным стале.

Дарэчы, не ўсе ведаюць, што вясельныя караваі бываюць розныя.

— Адзін каравай — маладых сустракаць. Вось такі, з “шышкамі” і сальнічкаю, — паказвае Тамара Іванаўна фотаздымкі сваіх вырабаў, якіх у яе — цэлае “партфоліа”. — Другі маладыя бяруць у царкву, калі едуць вянчацца. Я вось такія раблю — у выглядзе кошычка з кветкамі. Ну, а самы вялікі каравай — той, што стаіць каля маладых на стале і што раздаюць пасля ўсім гасцям. Звычайны робіцца шматпавярховым, багата аздабляецца. Гэта — не проста вясельны пірог. Калі маладая прыязджала да маладога, за ёю сваха абавязкова несла каравай, і па ім складвалася ўражанне пра нявесту і яе сям’ю. Багаты каравай — багатая нявеста. Таму ўсе імкнуліся, каб ён быў вялікі і прыгожы.

karnatcevich-5

Традыцыйным аздабленнем ваўкавыскага вясельнага каравая з’яўляюцца кветкі, калоссе і “шышкі” з цеста. Пазней сталі ўжывацца ўпрыгожанні з цукровай пудры: заручальныя пярсцёнкі і розныя фігуркі. А вось рэцэпт цеста для каравая застаецца нязменным і дагэтуль.

— На 1 кг мукі я бяру 100 г маргарыну, 1—2 сталовыя лыжкі алею, 100 г дрожджаў, 300 мл малака, 2 яйкі, 300 г цукру и 1—1,5 г ваніліну, — расказвае Тамара Іванаўна. — У цёплае малако дадаю дрожджы, насыпаю трэцюю частку мукі, замешваю цеста і пакідаю на гадзіну. Затым дабаўляю алей, маргарын, яйкі і соль. Цеста добра вымешваю, каб адліпала ад рук, і пакідаю, каб падышло, на тры гадзіны. Выкладваю ў формы, добра змазаныя тлушчам і пасыпаныя мукой, выпякаю прыкладна 1,5 гадзіны.

Дарэчы, увагу на сябе звяртае незвычайная форма каравая, якая нагадвае грыбок з плоскай “шляпкай”. Аказваецца, такая форма абумоўлена посудам, у якім каравай выпякаецца.

— Каравай абавязкова павінен быць высокім, а з усяго посуду, які быў у гаспадыні “пад рукой”, для гэтага лепш за ўсё падыходзіла глыбокая каструля. У працэсе выпякання цеста падыходзіць і крыху вылазіць па-за формы — атрымліваецца “шляпка”.

Акрамя пералічаных інгрэдыентаў ёсць яшчэ некалькі абавязковых складнікоў: цішыня і добры настрой. Дражджавое цеста капрызнае — усе гаспадыні гэта ведаюць, а сапсаваць каравай — значыць, падвесці маладых. Таму работу Тамара Іванаўна заўсёды пачынае з малітвы, просячы Божага благаслаўлення і дапамогі.

Упрыгожваецца каравай заўсёды на другі дзень. Часткі-“паверхі” змазваюцца цукровай пудрай, збітай з бялкамі, і складаюцца адзін на адзін. А ўжо затым сваё месца займаюць кветкі, каласкі і “шышкі”.

—“Шышкі”, або яшчэ некаторыя называюць “гускі”, рабілі не толькі, каб каравай аздабляць. Нявеста або сваха раздавалі іх гасцям, якія збіраліся праводзіць маладых. Звычайна дзеці ўжо загадзя чакалі каля дома, калі будуць “гускі”. Некаторыя гаспадыні рабілі іх з цеста на вадзе, яны тады даўжэй захоўваюцца, але не вельмі смачныя. Я раблю з таго самага цеста, што і каравай, каб былі смачнейшыя.

У пачатку двухтысячных у “каравайную моду” ўвайшлі ўпрыгожанні з цукровай пудры. На шматпавярховых караваях таго часу можна было ўбачыць усё вяселле: фігуркі маладых, сватоў і сведак, музыкантаў і гасцей. Таксама ўжываліся разнастайныя кветкі, птушкі, заручальныя пярсцёнкі… Каравайніцы спаборнічалі ў майстэрстве вырабу фігурак з рознакаляровага цукровага цеста.

— Цукар мелем у кавамолцы, жэлацін замочваем і распускаем. На чайную лыжку жэлаціну бяром 2 сталовыя лыжкі пудры, дадаем, калі трэба, харчовы фарбавальнік і замешваем цеста, каб было, як пластылін. З гэтага “пластыліну” лепім фігуркі і кветкі. Для рамонкаў, напрыклад, раскатваем яго і вырэзваем коркам ад малака кружочкі, робім чатыры надрэзы “на крыжык”, а пасля кожную частку яшчэ раз надрэзваем пасярэдзіне. А для ружы спачатку робім бутонік, а пасля на жэлацін прыклейваем пялёсткі, тры маленькіх і чатыры большых… Здаецца, усё проста. Але спачатку гэтыя пялёсткі ў мяне ніяк не хацелі прыклейвацца. Дачка Вольга дапамагала, прыязджала на выхадныя і ляпіла мне гэтыя ружачкі…

karnatcevich-4

Дапамагала каравайніцы і ўнучка Алеся. З дзяцінства дзяўчынка праяўляла цікавасць да бабулінай работы.

— Колькі сябе памятаю, заўсёды, як мы прыязджалі да бабулі, усе сталы ў хаце былі застаўлены караваямі і падносамі з упрыгожаннямі, — успамінае Алеся. — Больш за ўсё мне падабаліся бутэлечкі шампанскага з куфлікамі. Мабыць, таму што кветкі і птушкі ўжываліся часта, а такія ўпрыгожванні рабіла толькі мая бабуля. Мне вельмі хацелася дапамагаць. Спачатку я вырэзвала рамоначкі, затым мне даверылі ружачкі, пасля бабуля навучыла мяне ляпіць зайчыкаў… Ну, а калі я стала старэйшай, мне стала цікава, як жа робіцца сам каравай. Як замешваць цеста, як пячы… Мне вельмі падабалася кулінарыць разам з бабуляй на яе вялікай кухні і размаўляць падчас працы. З маёй бабуляй не засумуеш! Яна і песню заспявае, і вершы прачытае…

Сапраўды, песень і вершаў Тамара Іванаўна ведае вялікае мноства. А іншы раз і сама складае паэтычныя радкі. Пісаць вершы пачала, яшчэ калі працавала на ферме. Асабліва добра ў яе атрымліваліся гумарыстычныя, некаторым нават пазайздросцілі б папулярныя ў той час “Вожык” або “Крокодил”.

— У нас на ферме быў такі куточак, “боксік”, як мы называлі, дзе хлопцы хаваліся, каб прапусціціь чарку, — успамінае Тамара Іванаўна. — Пра гэты “боксік” я склала такі вершык:

Цёмны боксік ёсць у нас,

У цёмным боксіку матрас.

Яго скотнік прывалок

І паставіў у куток.

Вот і столік тут стаіць,

На ім добра водку піць.

А калі напіўся —

На матрас зваліўся.

Вось матрас дык матрас!

Дзіўная находка!

Цёмны боксік ёсць у нас,

Была б толькі водка…

Вершык тут жа падхапілі, панеслі “ў народ”, радкі дайшлі да кіраўніцтва — і “боксік” тут жа закрылі. Гультаі і выпівохі баяліся вострага слова Тамары Іванаўны больш за “наганяй” ад начальства. Ніхто не хацеў стаць героем яе новага твора.

Ёсць сярод вершаў Тамары Іванаўны і лірычныя, прысвечаныя роднаму краю, блізкім людзям, аднавяскоўцам. Паэтычныя радкі нараджаюцца самі сабой. Часцей за ўсё натхненне знаходзіць Тамару Іванаўну… на кухні. У сшытку, куды яна запісвае рэцэпты, побач з новай стравай — новыя радкі: “Лозы-хутарочак, родны мой куточак…”.

Па-ранейшаму дапамагае бабулі ўнучка Алеся. Яна і сама ўжо можа спячы традыцыйны вясельны каравай па-ваўкавыску. Але больш за ўсё ёй падабаецца прыдумваць новае аздабленне. Усе ўпрыгожанні Алеся робіць выключна з цукровай пудры. Лічыць, што для традыцыйнага каравая падыходзяць толькі традыцыйныя матэрыялы.

karnatcevich-2

— Я не раз прыглядалася да сучасных тэхнік. Напрыклад, да кандытарскай масцікі. Але ўсё ж яна мне не вельмі падабаецца. Упрыгожванні з яе хутка губляюць выгляд, а каравай доўгі час стаіць на самым пачэсным месцы і павінен заставацца прыгожым. Ну, і маё асабістае меркаванне — сучасныя тэхнікі і традыцыйны каравай не вельмі спалучаюцца.

Не так даўно бабуля і ўнучка прадставілі сваю сумесную работу на рэспубліканскім каравай-фэсце “Бацькава булка” і прынялі ўдзел у конкурсе-выставе вырабаў дамашняга печыва сярод аматараў “Матулін каравай”, які праходзіў у рамках свята. Каравай Тамары Іванаўны, які Алеся аздобіла сваімі ўпрыгожваннямі, атрымаў дыплом першай ступені ў намінацыі “Сучасны каравай”.

Сёння традыцыя вясельнага каравая на Ваўкавычшыне адраджаецца. Па словах Тамары Іванаўны, усё больш маладых звяртаюцца да яе з просьбай спячы менавіта традыцыйны ваўкавыскі вясельны каравай з “шышкамі”, так, як гэта рабілі раней. Усё больш моладзь цікавіцца народнымі звычаямі, культурай свайго роднага краю. Дзякуючы Тамары Іванаўне Карнацэвіч і яе ўнучцы Алесі Тарашчык каравайную традыцыю зараз можна пабачыць на вяселлях, фальклорных фестывалях, кірмашах і святах. Яна не толькі захоўваецца, але і перадаецца нашчадкам, застаючыся сімвалам неразрыўнай сувязі і гістарычнай памяці пакаленняў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2354 раз