Четверг, 20 Декабря 2018 19:38

У Ваўкавыскім раёне адзначылі 100-годдзе стварэння БССР

Автор
З Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай краіны — эпоха нацыянальнага і дзяржаўнага станаўлення беларускага народа. Менавіта ў перыяд БССР быў створаны трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Ён прайшоў выпрабаванне часам, забяспечыў надзейную аснову для будаўніцтва сучаснай суверэннай Беларусі.

Знакавая падзея ў жыцці беларускай дзяржавы адзначана святочным мерапрыемствам у гарадскім Доме культуры, дзе прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны вайны і працы, ганаровыя грамадзяне раёна, моладзь.

Урачыстую частку адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Юшын:

— Для нас гэтая падзея мае лёсавызначальнае значэнне. Яна змяніла ход нацыянальнай гісторыі, паклала пачатак слаўнаму летапісу ўласнай беларускай дзяржаўнасці і важнаму этапу яе станаўлення, дала магчымасць нацыі развіваць сваю самабытную культуру. У нас проста няма з чым параўнаць гісторыю БССР, паколькі менавіта ў рамках гэтай арганізацыі паўсталі і развіліся тыя прыкметы нацыянальнай дзяржаўнасці, якія з’яўляюцца актуальнымі і сёння. Скажам, нацыянальныя межы, нацыянальныя грошы, свая эліта, свая акадэмія навук, прафесура і ўніверсітэты, свая iнжынерная, тэхнічная інтэлігенцыя, культура ў цэлым.

Стагоддзе беларускай дзяржаўнасці — выдатная нагода не памнажаць інтэрпрэтацыі мінулага, а дамагчыся руху наперад на гістарычным шляху. І ў школах, і ва ўніверсітэтах важна казаць аб базавых, прымальных для большасці грамадства рэчах, а не памнажаць альтэрнатывы. Казаць пра тое, што стагоддзе БССР — найважнейшая дата айчыннай гісторыі, якая не мае аналагаў. Улічваць сувязь нацыянальнай ментальнасці з формамі і сутнасцю пануючага дзяржаўнага ладу. Гэта важна перш за ўсё для тых, хто жыве зараз і хто прыйдзе пасля нас.

Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў з рук яго стыршынi Віталя Навіцкага былі ўручаны людзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Ваўкавышчыны. Пасля чаго адбыўся святочны канцэрт, у якім удзельнічала як таленавітая моладзь, так і дасведчаныя ваўкавыскія артысты.

Урачыстае мерапрыемства дазволіла за гадзіну пражыць і адчуць векавую гісторыю БССР і яшчэ раз нагадала: калі лёс чалавека залежыць ад яго самога, то лёс краіны залежыць ад кожнага з яе жыхароў. Разам мы можам зрабіць Беларусь яшчэ мацней і прыгажэйшай.

Прочитано 949 раз Печать