Среда, 29 Апреля 2015 00:00

Няхай вечнай будзе памяць

70 гадоў... Дарога даўжынёю ў жыццё аддзяляе нас ад гераічнага подзвігу нашага народа ў барацьбе за мір і шчасце на Зямлі. Усё менш і менш застаецца тых, хто сваім самаадданым подзвігам змог выратаваць чалавецтва — франтавікоў, партызан, працаўнікоў тылу.

Сёння мы называем іх ветэранамі. А тады ж, у 41-м, гэта былі бязвусыя хлапчукі і зусім юныя дзяўчынкі. Яны хацелі жыць, кахаць і радавацца жыццю. Але не ўсе з іх дайшлі да Перамогі. І наш абавязак —
захоўваць памяць аб гераічным мінулым эпохі Вялікай Айчыннай вайны, перадаваць веды маладому пакаленню пра подзвіг савецкага народа, геройства простых салдат і генералаў. Нам хочацца, каб сучасная моладзь імкнулася зразумець маральныя прынцыпы таго пакалення, даведацца, чым жылі і кіраваліся іх аднагодкі ў вельмі складаных умовах ваеннага часу.

Дапамагчы ў гэтым могуць бібліятэкары. Ва ўсіх бібліятэчных установах з пачатку года аформлены кніжныя выставы да гэтай знамянальнай даты: «Застаўся ў сэрцы вечны след вайны», «Памяць сэрца», «Не памеркне летапіс Перамогі!», «Нязгасная памяць пакаленняў» і г. д. Праводзяцца масавыя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў з мэтай патрыятычнага выхавання на прыкладах баявых подзвігаў нашых герояў.

Сярод найбольш цікавых можна назваць сустрэчу пакаленняў «Ахвяры вайны», якая была арганізавана ў раённай дзіцячай бібліятэцы для вучняў 4 «Б» класа СШ № 3.
У ёй прынялі ўдзел вязні канцлагераў, ветэраны вайны, людзі, якія ў поўнай меры зазналі ўсе нягоды і нястачы ваенных гадоў. Яны расказалі дзецям пра страшныя падзеі са свайго жыцця, звязаныя са знаходжаннем у канцлагеры. Дзеці былі ўзрушаны пачутым і задавалі шмат пытанняў гасцям. Музычнае афармленне, песні ваенных гадоў спрыя­лі стварэнню атмасферы той далёкай пары.

У Роскай гарпасялковай бібліятэцы ў пачатку красавіка стартавала акцыя «Прачытай кнігу пра вайну — стань бліжэй да подзвігу», якая будзе працягвацца да 31 мая. У ёй прымаюць удзел чытачы дзіцячага абанемента бібліятэкі. Тут прадстаўлены проза і вершы пісьменнікаў як ваеннага, так і пасляваеннага пакалення, кнігі з серыі «Гісторыя для школьнікаў», дакументальныя нарысы аб мужнасці і подзвігу савецкага народа і г. д. Кожны ўдзельнік акцыі ў падарунак атрымлівае памятную закладку «З Днём Перамогі!».

Пры падзвядзенні вынікаў самы актыўны чытач атрымае ўзнагароду. А 22 красавіка ў рамках акцыі прайшоў урок мужнасці «Вайна вачыма дзяцей» для выхаванцаў старэйшай групы Роскага сада-ясляў. Бібліятэкар расказала хлопчкам і дзяўчынкам пра вайну і лёсы дзяцей ваеннага ліхалецця, прапанавала кніжкі, якія ім было б цікава прачытаць. Дзеці падрыхтавалі і прачыталі вершы, праспявалі песню пра вайну. Напрыканцы прагледзелі відэакліп «Дзеці вайны».

Супрацоўнікі раённай бібліятэкі рыхтуюць тыдзень ваенна-патрыятычнай літаратуры «Жыве Перамога ў пакаленнях». Будзе арганізавана фотавыстава «Фотаздымкі пахнуць порахам», акцыя «Штык і пяро: прачытай кнігу пра Вялікую Айчынную». Для старшакласнікаў бібліятэкары правядуць метраном памяці «И снова май, цветы, салют и слезы!». Для ўсіх наведвальнікаў бібліятэкі на абанеменце будзе дэманстравацца электронная прэзентацыя «Відэапісьмо нашчадкам». І шмат іншых цікавых мерапрыемстваў плануецца правесці ў бібліятэ­ках горада і раёна.

Бібліятэкары, добра ўсведамляючы значнасць гэтай даты і з мэтай папулярызацыі ведаў пра Вялікую Айчынную вайну, распрацавалі і аформілі цэлы шэраг рэкламна-выдавецкай прадукцыі. Загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі аформіла маляўнічыя і змястоўныя буклеты «Яны вызвалялі Ваўкавыск», «Гэтых дзён нам не забыцца». Калектывам Роскай гарпасялковай бібліятэ­кі распрацаваны буклеты «Па дарогах вайны», «Было герою 14 гадоў...», «Кнігі з серыі «Гісторыя для школьнікаў».

Супрацоўнікі аддзела маркетынгу сумесна з бібліятэкарам БЦНК аг. Юбілейны падрыхтавалі летапіс ваенных падзей «І памяць болем прарасла: трагедыя вёскі Шавулічы». Буклет «Ваўкавыская Хатынь» (БЦНК аг. Юбілейны), «Памяць пра вайну нам кніга ажыўляе» (гарадская дзіцячая бібліятэка), а таксама памяткі, закладкі, сцэнарыі, электронныя прэзентацыі, прымеркаваныя да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Надзея ГУДКО,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі.

Прочитано 4966 раз Печать
Другие материалы в этой категории: « Награды получили 222 наших земляка Юбилей на двоих »