Версия для печати
Воскресенье, 08 Марта 2020 12:14

Дзякуй вам, ветэраны!

Автор
Імклівая людская плынь запаўняе аўтобус. Усе спяшаюцца: хто на працу, хто на вучобу. Еду і я на заняткі ў школу. Гляджу ў акенца і бачу вуліцы майго прыгожага горада. Усё як заўсёды: маркотныя дрэвы ў чаканні вясновага абуджэння, бясконцая вуліца, што цягнецца ўздоўж шпатпавярховых дамоў, гандлёвых цэнтраў. Вось і святлафор, і позірк засяроджваецца на скверы Памяці. Тут заўсёды гарыць Вечны агонь.

Памяць… Вайна… Выбухі, пажары, грукат кулямётных чэргаў, гул самалётаў, людскія смерці… Усяго адно слова, а колькі чалавечага гора, пакут заключана ў ім! Колькі скалечаных лёсаў, разбураных надзей, нязбытных мар, няздзейсненага шчасця звязана з ім, колькі гарадоў і вёсак спалена, колькі людзей забіта… Гаротны той народ, якому давялося зазнаць жахі вайны, і таму мне шкада маю Беларусь і крыўдна за яе: наша тэрыторыя не раз станавілася месцам бітвы, полем бою. Але ж яна выстаяла, перамагла.

Самыя страшныя гады мая Радзіма перажыла ў часы Вялікай Айчыннай вайны, калі вораг прыйшоў на нашу мірную зямлю. Гэты час стаў цяжкім выпрабаваннем для ўсяго савецкага народа. І не важна, хто ты: стары ці дзіця, жанчына ці мужчына, салдат ці мірны жыхар — варожая куля ў любы момант магла перакрэсліць тваё жыццё. Не было розніцы, дзе ты жывеш, бо кожны нямецкі бамбардзіроўшчык мог імгненна ператварыць твой дом у руіны…

Пяць гадоў — імгненне ў гісторыі. Але для тых, хто прайшоў праз выпрабаванне вайной,— гэта не проста адрэзак часу. Вайна рэхам гучыць у іх сэрцах. Колькі б часу ні прайшло, памяць аб тых падзеях жыве.

І сёння, праз семдзесят пяць гадоў пасля заканчэння самай страшнай вайны ў гісторыі чалавецтва, я ганаруся тым, што мой народ не аддаў ворагам сваю зямлю, а вялікай цаной заваяваў перамогу. Я адчуваю сябе часцінкай таго народа, а ці можа быць іначай? Няма сям’і, якая б не сказала: “Мы памятаем!”. Гэта яны, ветэраны і тыя, хто не прыйшоў з вайны, хто загінуў ад ран, хто памёр пасля вайны, даказалі ўсяму свету, што на Зямлі няма месца злу ў любых яго праявах. У гэтым, на мой погляд, і заключаецца гераізм нашага народа. Вечная памяць загінуўшым у той вайне і нізкі паклон тым, хто выжыў!

А аўтобус зноў мінае вуліцы, плошчу, гандлёвыя цэнтры,шматпавярховыя дамы.

Дзякуй вам , ветэраны, дзякуй тым, хто набліжаў Перамогу! Шчыры дзякуй!

Максім ДЗЕНІСЕВІЧ, вучань 11 “В” класа СШ № 7.

Прочитано 222 раз