Гэта быў гістарычны прысуд фашызму - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 06 Мая 2016 00:00

Гэта быў гістарычны прысуд фашызму

 Нядаўна я ў другі раз наведаў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Хочацца выказаць яго стваральнікам і супрацоўнікам вялікі дзякуй за Праўду пра вайну.

Наблі­жаецца 71-я гадавіна Перамогі. Аднак крыўдна і балюча, што з цягам часу не меншае колькасць псеўдагісторыкаў, што тыражыруюць хлусню пра Другую сусветную вайну, Вялікую Айчынную. У Беларусі ж, дзякуючы намаганням дзяржавы, ажыццяўляецца паглыблена-скрупулёзная пра­ца па вывучэнні падзей і ўрокаў Вялікай Айчыннай вай­ны. Пра мінулае нельга забываць, асабліва сёння, калі назіраецца абвастрэнне адносін паміж дзяржавамі і ў роз­ных канцах свету ўзнікаюць узброеныя канфлікты. 

У музеі Вялікай Айчын­най вайны — сапраўдным храме народнай памяці, сво­еасаблівым помніку подзвіга народа — яшчэ і яшчэ раз пераконваешся, што толькі дзякуючы адзінству шматна­цыянальнага савецкага народа, які ад малога да вялікага стаў на абарону агульнай Айчыны, удалося разграміць ворага. Прычым не проста выгнаць агрэсара са сваёй тэрыторыі, але і вызваліць усё чалавецтва ад пагрозы фашысцкага заня­волення. Менавіта паражэнне гітлераўцаў на Усходнім фронце і вызначыла зыход Другой сусветнай вайны, а затым і ўсё пасляваеннае ўладкаванне свету. Ходзіш па залах музея — і яшчэ, і яшчэ раз усве­дамляеш, што не дапушчаль­ныя “перакройванне гісторыі” і спробы “выкрасці Вялікую Перамогу” ў народа. Радуе, што музей штодзённа выкон­вае сваю высакародную місію — даносіць да наведвальнікаў усю праўду пра вайну.

У новай экспазіцыі музея, якая размяшчаецца ў 10 залах, акцэнт зроблены на ваеннай гісторыі Беларусі, ролі бела­рускага народа, які ўнёс неа­цэнны ўклад у справу Вялікай Перамогі над фашызмам, у барацьбе з фашызмам як на сваёй зямлі, так і далёка за яе межамі. Фонды музея склада­юцца з трох дзясяткаў калекцый і налічваюць больш за 144 тыс. адзінак захоўвання. Гэта фатаграфіі, дакументы, пісьмы і асабістыя рэчы франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў. У мемарыяльнай Зале Перамогі ўвекавечаны імёны беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі — Герояў Савецкага Саюза, а таксама тых прадстаўнікоў СССР, якія атрымалі гэта званне за подзві- гі, праяўленыя на беларускай зямлі. У зале ўвекавечаны воінскія часці і злучэнні, якія вызначыліся ў перыяд вызва­лення Беларусі, і партызанскія фарміраванні.

Беларусы — мудрыя людзі, і таму толькі пагарду ў нашых людзей выклікае хлусня пра вайну, калі розныя псеўдагісто­рыкі выстаўляюць здраднікаў героямі, а захопнікаў — выз­валіцелямі, калі яны бесса­ромна перакройваюць гісто­рыю пад канкрэтны палітычны заказ і спрабуюць выкрасці ў нашага народа Вялікую Пера­могу. Такім марадзёрам трэба даваць рашучы адпор, адстой­ваючы найважнейшы гіста­рычны набытак — святую памяць пра Перамогу і герояў Бацькаўшчыны.

Беларусь заўсёды была супраць скажэння праўды пра вайну і стала першай у свеце краінай, якая стварыла музей Вялікай Айчыннай вайны. Прычым рашэнне пра яго стварэнне было прынята ў адзін з самых цяжкіх перы­ядаў вайны, калі Беларусь знаходзілася пад акупацыяй. Як бачым, моцнай і непахіснай была вера людзей у перамогу праўды і дабра.

Мяне як педагога не можа не радаваць, што на Беларусі больш за 9 тыс. помнікаў і мемарыялаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай, ніводзін з якіх не разбураны, не апага­нены і не закінуты. А наша агульная святыня — Брэс­цкая крэпасць — з’яўляецца прыцягальным святым месцам для далучэння да гераічнай гісторыі для многіх і многіх зямлян. Цэлы месяц вытрым­ліваў аблогу нязломны Магі­лёў. Званы Хатыні звоняць па жыхарах тых вёсак, якія спа­пялілі нацысты і іх паслугачы. А закладзены мемарыяльны комплекс у Трасцянцы — даніна памяці ахвярам лагераў смерці, якія чорнай павуцінай пакрылі акупіраваныя фашы­стамі землі. Была закладзена памятная капсула на месцы стварэння мемарыяльнага ком­плексу “Трасцянец”. Канцлагер “Трасцянец” быў самым вялікім на тэрыторыі Савецкага Саюза і па колькасці ахвяр знаходзіцца ў адным радзе з “Асвенцімам”, “Майданакам”, “Траблінкай”.

У сённяшнім ганебна-кры­вадушным свеце спраўляюць баль ілгуны, гатовыя развя­заць трэцюю сусветную вайну, усялякага кшталту шавіністы і квасныя патрыёты, якія, выбраўшы для сябе хлуслівыя сімвалы, крычаць на плошчах і вуліцах многіх гарадоў свету: “Гэта мы! Гэта мы, а не вы перамаглі!..”

А два з паловай мільёна беларусаў, якія загінулі ў тыя 1 418 вогненных дзён і начэй, не перамаглі? Мужчыны і жан­чыны, старыя і дзеці, якія былі знішчаныя, спаленыя ў дзесяці тысячах беларускіх паселіш­чаў, не перамаглі? Іх крывёй, іх жыццямі і была аплачана найвялікшая ў сярэдзіне ХХ ст. Перамога.

Беларусь першая з саюзных рэспублік прыняла на сябе масіраваны ўдар фашысцкіх захопнікаў і страціла ў гады вайны больш як палавіну свайго нацыянальнага багацця. У тыле ворага на акупіраванай тэры­торыі дзейнічала 6 200 парты­занскіх атрадаў і падпольных груп. За час акупацыі ворагам было знішчана 209 гарадоў і мястэчкаў, 9 200 вёсак. Гэта сумная статыстыка і сёння раніць сэрцы тых, хто паклаў на алтар Перамогі сваю маладосць і звязаныя з ёю надзеі, і тых, хто ведае пра вайну толькі па расказах і падручніках. Гісторыя перажытай трагедыі і дасягну­тай перамогі — вечная крыніца болю і горычы, гордасці і славы нашага народа. Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навекі ўпісана ў гісторыю Бацькаўшчыны, кожнай бела­рускай сям’і.

І яна, Перамога, — наша! Мы, беларусы, добра ўсведам­ляем і ролю іншых народаў у перамозе над гітлераўцамі, але тут, у палымянай Беларусі, яна, перамога, — наша! І мы, самая гасцінная і міралюбівая нацыя, нікому не збіраемся яе аддаваць!

Васіль Быкаў, Кузьма Чорны, Іван Навуменка, Іван Мележ, іншыя майстры нацыя­нальнага слова першымі сказалі пра вайну і перамогу праўду. Кожны з нас павінен ушаноў­ваць памяць загінулых, выказ­ваць сапраўдную, а не “дзеля галачкі”, удзячнасць жывым.

Цэлае пакаленне беларусаў (і ў Беларусі, і ў эміграцыі), што вытрымала і вынесла на плячах вайну, да канца сваіх дзён жыло вайной. Вайна выз­начыла іх лёс. Мы, беларусы, не можам, не маем права забыць Другую сусветную вайну. Не маем права з-за незлічоных ахвяр і пакут народа, а таксама з-за шматаблічнай хлусні сучас­насці пра вайну. Сама нацыя не можа існаваць на хлусні.

Разгром фашысцкай Гер­маніі, а затым мілітарысцкай Японіі ў вайне 1939-1945 гг. мае сусветна-гістарычнае зна­чэнне. Вялікая перамога над дзяржавамі агрэсіўнага блока была атрымана ў імя міру і жыцця на Зямлі. Яна ака­зала велізарнае ўздзеянне на ўвесь ход сусветнага развіцця ўжо тым, што аб’ектыўна з’явілася гістарычным прысу­дам фашызму і мілітарызму, пераканаўчым пацвярджэннем важнасці аб’яднання самых розных палітычных, сацыяль­ных, ідэалагічных сіл супраць ваеннай пагрозы, усялякага роду рэваншызму, фашызму і неафашызму.

Гэта было самае вялікае ваеннае сутыкненне за ўсю гісторыю чалавецтва. У вайну была ўцягнута 61 дзяржава з насельніцтвам 1,6 млрд чала­век. У радах Узброеных Сіл знаходзілася 110 млн чала­век. Ваенныя падзеі разгар­нуліся на тэрыторыі 40 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, на мар­скіх прасторах Атлантычнага, Ціхага, Індыйскага і Паўноч­нага Ледавітага акіянаў. Загі­нула больш за 50 млн чала­век. Найбольшы ўрон панёс Савецкі Саюз, які страціў звыш 27 млн чалавек. На ратных палях Еўропы палягло звыш 1 млн савецкіх воінаў. Пры вызваленні Польшчы загінула 600 тыс. салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, Чэхаславакіі — 140 тыс., Венгрыі — 140 тыс., Румыніі — 69 тыс., Аўстрыі — 26 тыс., Югаславіі — 8 тыс., Нарвегіі — больш за 2 тыс., Фінляндыі — каля 2 тыс., Кітая — 8 тыс., Карэі — 1,5 тыс. Больш за 100 тыс. савецкіх воінаў загінула на зямлі Германіі.

Савецкі Саюз вынес на сабе асноўны цяжар вайны і адыграў рашаючую ролю ў разгроме германскага нацызму і японскага мілітарызму. Савец­кімі войскамі было вызвалена 11 еўрапейскіх краін, плошчай больш за 1 млн кв. км з насельніцтвам 113 млн чалавек. Разам з усімі народамі Савец­кага Саюза з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. Вогненны смерч вайны адгук­нуўся на лёсах мільёнаў яе жыхароў, якіх ваенная віхура сарвала з родных месцаў і рас­кідала па пажарышчах вайны. Звыш мільёна чалавек было мабілізавана ў дзеючую армію, сотні тысяч людзей працавалі ў савецкім тыле. І дзе б выхадцы з Беларусі ні знаходзіліся — у франтавым акопе, за штурвалам самалёта ці рычагамі танка або каля станка — усюды яны праяўлялі вытрымку, адвагу, працавітасць. На алтар Вялікай Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў сваіх грамадзян. Ніводнай сям’і не абышла вайна, таму нашы людзі добра ведаюць цану заваяванага міру. Глыбока ўсведамляюць цану Вялікай Перамогі!

Памяць аб Вялікай Айчын­най усё больш і больш адда­ляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак па мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэй­шага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Юныя пакаленні! Не стамляйцеся казаць дзякуй дзядам і прадзедам, бацькам, ветэранам, што дажываюць свой горкі век побач з вамі. На жаль, салдат вайны ўсё меней і меней, яны адлятаюць і адлятаюць у вырай апошнімі сівымі жураўлямі… Старэйшым пакаленням беларусаў трэба дапамагаць умацоўваць у свя­домасці маладых памяць пра Перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4086 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Поздравили ветеранов «Трудности закаляли нас»