×

Предупреждение

JUser: :_load: Не удалось загрузить пользователя с ID 85.
Версия для печати
Пятница, 10 Июля 2015 00:00

Памяць і боль вогненнай вёскі

Лариса Прокопеня

Раніца 7 ліпеня 1943 года выдалася цёплая. Ласкавае сонца будзіла жыхароў вёскі: пара была брацца за штодзённую працу. Свята ці не — скаціна чакаць не будзе. Загрукалі дзверы ў хатах і хлявах, заскрыпелі калодзежныя вораты. У Шавулічах распачаўся новы дзень.

Раптам звыклы распарадак жыцця парушыў рэзкі гул рухавікоў машын і матацыклаў. У хатах загрукацелі цяжкія боты. Немцы і паліцаі, узброеныя аўтаматамі, выгналі вяскоўцаў на вуліцу. Жанчын і дзяцей закрылі ў гумне, а мужчынам загадалі капаць дзве вялікія ямы ў пачатку і ў канцы вёскі. Гаротнікі здагадаліся, навошта яны капаюць гэтыя ямы: карнікі ўжо ўстанаўлівалі на вугал гумна кулямёт.

День памяти в Шауличах

Праз гадзіну ці трохі болей наваколле напоўнілася стрэламі і жудаснымі крыкамі нявінных ахвяр. Карнікі не пашкадавалі ні старых, ні жанчын, ні дзяцей. Самай малодшай жыхарцы вёскі было ўсяго шэсць гадзін ад роду. Нованароджаную дзяўчынку фашысты закалолі штыкамі і кінулі ў дол. Перад расправай ахвярам растлумачылі: за тое, што напярэдадні партызаны застрэлілі нямецкага доктара, усе жыхары Шавуліч будуць знішчаны, а вёска спалена.

Людзей выводзілі з гумнаў і гналі да ям. Кароткая аўтаматная чарга — і падае ў магілу ні ў чым не павінная ахвяра. Адразу паміралі не ўсе. Параненых не дабівалі, так і пакідалі жывымі ў яме. Яны спрабавалі выбрацца наверх, але целы забітых хавалі іх пад сабою…

День памяти в Шауличах

Яшчэ праз гадзіну ўсё было скончана. З ямы даносіліся стогны, але, не зважаючы на гэта, фашысты закідалі страшную магілу шавуліцкіх жыхароў нарабаваным у іх жа дамах адзеннем. А пасля гэтага сталі вывозіць рэчы ахвяр.

Для гэтага карнікі сагналі з суседніх вёсак жыхароў з фурманкамі. А перад тым, як пагрузіць скарб на падводы, загадалі вазніцам закапаць магілы з ахвярамі жудаснай расправы. Тых, хто адмовіўся падпарадкавацца загаду, расстралялі. Сведкі, якім пад дуламі аўтаматаў прыйшлося выконваць тую жахлівую работу, расказвалі, што целы ахвяр, закіданыя адзеннем, яшчэ варушыліся. Многія з прымушаных засыпаць дол не вытрымлівалі і трацілі прытомнасць.

Ноччу на вёску нечакана спусціўся праліўны дождж. Ён ліў увесь наступны дзень і яшчэ адну ноч — прырода аплаквала шавуліцкіх пакутнікаў. Толькі на трэці дзень пасля расправы дождж сціх. Немцы знялі ачапленне. Родныя забітых нарэшце змаглі трапіць у вёску. Страшная карціна паўстала перад імі: папялішчы на месцы хат, абгарэлыя дрэвы і дзве вялікія магілы, у якіх ад дажджу асела зямля, а ўпадзіны былі запоўнены вадой, змешанай з крывёй загінулых. Наваколле зноў напоўнілася крыкамі і плачам.

366 чалавек згубілі ў Шавулічах карнікі. Яшчэ напярэдадні трагедыі вяскоўцы жылі думкамі пра будучыню, складалі няхітрыя планы на наступны дзень, нягледзячы на вайну, марылі пра шчасце і каханне. Букрабы, Парэмскія, Тарасевічы, Васілеўскія, Кудзелькі, Сераброўскія, Рабазэлі і іншыя... 366 забітых мараў і надзей пахаваны тут у брацкіх магілах.

День памяти в Шауличах

72 гады прайшло з таго жудаснага ранку. Не адрадзіліся Шавулічы. Але дарога да вогненнай вёскі не зарастае. Жыхары Ваўкавышчыны ўшанавалі памяць ахвяр, стварыўшы на месцы спаленай вёскі мемарыяльны комплекс. На Радаўніцу, у Дзень Перамогі, у гадавіну трагедыі і проста так, праязджаючы міма, жыхары і госці раёна заязджаюць сюды, каб пакланіцца брацкім магілам.

7 ліпеня тут зноў было шумна і шматлюдна, звінелі дзіцячыя галасы. Ажыла, хоць ненадоўга, вёска. Па бруку, што захаваўся з той самай пары, зноў ішлі людзі, якія прыехалі ў вёску, каб прыняць удзел у жалобным мітынгу і ўскласці кветкі да магіл.

У апошнія гады мемарыяльны комплекс істотна перамяніўся: на спецыяльным пастаменце ўстаноўлены бронзавы звон, на абеліску адноўлены пліты з імёнамі загінулых, а на брацкіх магілах — помнікі. На месцах, дзе знаходзіліся хаты, з’явіліся сімвалічныя зрубы з шыльдамі, на якіх пазначаны нумары дамоў і прозвішчы жыхароў.

Каля аднаго з іх гавораць жанчыны:

— Мне мама расказвала, што ў суседняй вёсцы яны чулі, як тут, у Шавулічах, енчылі людзі. Хто маладзейшы — на дрэвы залазілі, каб паглядзець, што нарабілася, і бачылі, як вёска палала… Крый Божа ад такога жаху…

— Брук той самы захаваўся, — заўважае другая жанчына. — Што тут бачылі гэтыя камяні — чалавеку не вытрываць.

Побач са зрубам, дзе пазначаны нумар дома № 8, спынілася вялікая кампанія. Тры жанчыны, малады мужчына і дзяўчынка. Маленькая гарэза просіцца пабегаць па траве, але старэйшыя супакойваюць дзіця, запальваюць лампадку. Жыхарка Астроўчыц Браніслава Іосіфаўна расказвае:

— Тут жылі родныя майго свёкра, яго брат з сям’ёй. Трое дзяцей было. Усе загінулі. Свёкар шмат расказваў мне пра гэтую трагедыю. Тут упершыню, раней усё не атрымлівалася прыехаць. А сёлета сын сказаў: паедзем, мама, абавязкова. Сам ён тут часта бывае. Дапамагаў парадак наводзіць, касіць. Вось мы ўсе, з сынам, дачкой і ўнучкай, і прыехалі.

День памяти в Шауличах

Марыя Іванаўна Кудзелька і яе цётка Зінаіда Акімаўна таксама прыехалі наведаць магілы продкаў. З Шавуліч родам былі іх дзед і мама. Яны засталіся ў жывых, бо ў той час, калі здарылася трагедыя, жылі ўжо ў другіх вёсках. Але ў Шавулічах загінулі дваюродная бабуля Марыі Іванаўны з сынам і цётка Зінаіды Акімаўны з сынам і братамі, іншыя родныя і сваякі.

— Мой дзед кожны год 7 ліпеня прыязджаў сюды на веласіпедзе. З самага ранку, толькі ўстане, едзе ў Шавулічы, — успамінае Марыя Іванаўна. — І мы стараемся часцей прыязджаць сюды. Забыць пра гэта немагчыма. Гэта святое месца для ўсіх жыхароў раёна.

Бацька Аляксандра Сераброўскага — адзін з тых, хто цудам пазбег жудаснай смерці. У 1943 годзе ён вучыўся на шаўца ў Ваўкавыску і меў гарадскую прапіску ў аўсвайсе. У той дзень ён быў дома, але, праверыўшы дакументы, фашысты выгналі яго з вёскі. Схаваўшыся ў лесе, хлопец чуў і бачыў усё, што адбывалася ў вёсцы.

— Бацька мне наказаў, каб я ніколі не забываў аб тым, што здарылася ў Шавулічах, — гаворыць Аляксандр. — Аб родных, што тут загінулі, вяскоўцах. Выконваючы яго запавет, кожны год 7 ліпеня я прыязджаю сюды.

72 гады мінула з таго страшнага ранку. Ніколі ўжо не ажыве вёска, што стала мемарыяльным комплексам. Драўляныя зрубы на месцы спаленых хат — як струпы на ранах. 46 струпоў на месцы 46 спаленых двароў. Ніколі не сцішыцца боль у сэрцах нашчадкаў. 72 гады мінула. Выраслі новыя дрэвы на месцы тых, что згарэлі разам з хатамі і гумнамі. Шапацяць яны лісцем над Шавулічамі: «Вечная памяць!».

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4162 раз