Версия для печати
Понедельник, 10 Сентября 2018 10:48

Праз год усе шляхі будуць весці ў Слонім

Сёлета беларускае пісьменства сустрэла падвойны юбілей. Па-першае, 2018 год праходзіць пад знакам 400-годдзя беларускага “Буквара”. А па-другое — дзень, прысвечаны пісьмовым сродкам зносін людзей, наша краіна адзначыла ўжо ў 25-ты раз.

Упершыню, у 1994 годзе, гэты асаблівы дзень праводзіўся ў старажытным Полацку, на радзіме першадрукара Францыска Скарыны — нашай нацыянальнай гордасці. Затым святочныя мерапрыемствы адбываліся ў іншых мясцінах, такіх, як Тураў, Навагрудак, Несвіж, Орша, Пінск, двойчы ў Заслаўлі, Мсціслаўль, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глубокае, Быхаў, Щучын, Рагачоў, яшчэ раз Полацк і ўрэшце сёлетняя сталіца свята Іванава. Кожны з гэтых беларускіх гарадоў і невялікіх гарадкоў мае ўласную гісторыю і духоўную спадчыну, якія даюць ім усе падставы, каб уваходзіць у лік культурных цэнтраў краіны. Мае такое права і Слонім, вызначаны месцам правядзення Дня беларускага пісьменства-2019. И таму што гэта адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, і таму што ён мае багатую гісторыю, традыцыі кнігадрукавання і асветніцтва, што асабліва падкрэсліў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на ўрачыстай цырымоніі перадачы эстафеты ад Іванава Слоніму. Ужо ў XVIII стагоддзі там працавала друкарня, якая належала да Міхаіла Казіміра Агінскага, віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага.
Старшыня Слонімскага райвыканкама, прымаючы сімвалічную эстафету — драўляную кнігу-шкатулку з гербамі ўсіх сталіц Дня беларускага пісьменства — абяцаў, што да свята горад зменіцца:
— Рэспубліканскае свята заўсёды ганарова прымаць. Кожны рэгіён, кожны горад прыносіць свае нейкія асаблівасці. Я мяркую, што будзе гэта і ў нас. У нас будуць тры пляцоўкі. Пастараемся добраўпарадкаваць цэнтральную частку горада. Вядома, у планах зрабіць набярэжную канала Агінскага. Пастараемся ўвасобіць усё гэта да Дня пісьменства, духоўнасці, усё гэта аб'яднаць.
Гэта толькі здаецца, што год умяшчае вялікі запас часу. На самой справе не паспеем азірнуцца, як зноў прыйдзе той дзень, калі мы ўжо ў дваццаць шосты раз адзначым адно з галоўных святаў нацыянальнай культуры і духоўнасці беларусаў. Зноў атрымаем магчымасць сустрэцца з паэтамі, пісьменнікамі і выдаўцамі, пагартаць кніжныя навінкі, паслухаць выступленні творчых калектываў, даведацца, што адбываецца ў галіне літаратуры і мастацтва ў нашай краіне і ў суседзяў за мяжой. Дарэчы, на пляцоўках Іванава выступілі і нашы вядомыя землякі — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Курловіч і Георгій Кісялёў. Спадзяемся, што ў Слоніме жыхары горада і госці наступнага свята таксама змогуць пазнаёміцца з творчасцю ваўкавыскіх літаратараў. Талентаў у нас хапае.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3252 раз