×

Предупреждение

JUser: :_load: Не удалось загрузить пользователя с ID 8958.
Версия для печати
Суббота, 12 Января 2019 09:27

«Сваякі» атрымалі ўзнагароду з рук Прэзідэнта

Народны сямейны ансамбль «Сваякі» вярнуўся са сталіцы, дзе на сцэне Палаца Рэспублікі ва ўрачыстых абставінах з рук Прэзідэнта атрымаў спецыяльную прэмію, якая была прысуджана калектыву за захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускіх традыцый сямейнай аматарскай творчасці, арганізацыю і правядзенне фестывалю-конкурсу творчых сямейных дынастый «Сваякі запрашаюць».

Кіраўнік ансамбля Марыя Бачынская расказала пра гэту адметную падзею:

— Для кожнага з нас гэта была асаблівая падзея, якую мы запомнім на ўсё жыцце. Атрымаць узнагароду з рук Прэзідэнта — кожны творчы калектыў марыць аб гэтым. Акрамя таго, мы прынялі ўдзел у святочным канцэрце «Ражство. Радзіма. Адраджэнне» разам са знакамітымі майстрамі сцэны. У фае Беларускім нацыянальным гістарычным музеем была арганізавана выстава, дзе можна было пабачыць нашы першыя інструменты і касцюмы. Была паказана відэапрэзентацыя, якая знаёміла з гісторыяй нашага калектыва, яго ўдзельнікамі, дасягненнямі. Нам вельмі прыемна, што нашу творчую дзейнасць заўважылі і высока ацанілі. Гэта ўзнагарода будзе для нас стымулам для далейшага развіцця.

Народны сямейны ансамбль «Сваякі» ДК аграгарадка Юбілейны існуе ўжо 37 год. За гэты час яго творчы склад амаль не змяніўся. Усе ўдзельнікі: Марыя, Іван і Дзмітрый Бачынскія, Лілія Мароз, Алена Навіцкая, Томаш, Таццяна и Люся Карнацэвічы, Тамара Нядзвецкая і Алеся Чурак — на самой справе сваякі, прадстаўнікі адной вялікай сям’і, якіх, акрамя роднасных сувязяў, аб’ядноўваюць любоў да беларускай песні і павага да народных традыцый. Першае выступленне калектыва адбылося ў 1981 годзе. Тады на сцэну выходзілі яшчэ бацькі Марыі Эдуардаўны, якая, дарэчы, увесь гэты час застаецца нязменным кіраўніком ансамбля. «Сваякі» адразу заявілі аб сабе і былі прызнаны лепшымі сярод калектываў раёна. З таго самага дня ансамбль — пастаянны ўдзельнік раённых мерыпрыемстваў, жаданы госць на святах, фестывалях ва ўсіх кутках краіны і на замежных пляцоўках. 17 год таму атрымаў ганаровае званне «народны». У мінулым годзе «Сваякі» зноў праславілі сваю малую радзіму, здабыўшы перамогу ў тэлешоў «Хата на хату».

— 2018 год для «Сваякоў» быў багаты на значныя па­дзеі, — расказвае Марыя Эдуардаўна. — Першая — гэта перамога ў тэлешоў «Хата на хату». Удзел у ім мы прымалі ў 2017 годзе, а ў лютым 2018 стала вядома, што нас прызналі пераможцамі. Гэта быў цікавы вопыт, пасля якога ў кожнага з нас засталіся самыя яскравыя ўражанні. Акрамя таго, разам з Аленай Навіцкай мы прымалі ўдзел яшчэ ў адным тэлепраекце — «Беларуская кухня». Расказвалі, як гатаваць бабку па-панску, шышкі і бонды з юшкаю. Усяго было знята 7 перадач з нашым удзелам. Напярэдадні Новага года адна з іх як раз выйшла ў эфір. У лютым у нашым Доме культуры адкрылася музейная выстава «Сцяжынкі жыцця «Сваякоў». А ў маі мы ўпершыню правялі сваё брэндавае мерапрыемства — фестываль-конкурс творчых сямейных дынастый «Сваякі запрашаюць». На запрашэнне прыняць у ім удзел адгукнуліся 12 сямейных калектываў. Сёлета мы таксама плануем яго правесці, спадзяёмся, што ўдзельнікаў будзе яшчэ больш, а фестываль стане традыцыйным.

Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Днямі будзе прымаць удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўручэння прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко. Гастрольны графік калектыва вельмі насычаны — па 35 канцэртаў на год. А гэта значыць, што і далей «Свая­кі» будуць радаваць землякоў сваёй творчасцю і новымі песнямі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2444 раз