Сяргей Грыневіч — вядомы мастак - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 20 Июля 2015 00:00

Сяргей Грыневіч — вядомы мастак

Вадим Марчик

Ураджэнец гарпасёлка Краснасельскi Сяргей Грыневіч — адзiн з самых папулярных і запатрабаваных мастакоў у Беларусі.

Яго творчасць непарыўна звязана з родным краем. Менавіта тут ён чэрпае сваё натхненне і менавіта сюды вяртаецца пасля падарожжаў па сусветных арт-форумах, дзе годна прадстаўляе мастацтва Беларусі.

— Сяргей, раскажыце, з чаго пачынаўся ваш творчы шлях?

— Я не паспеў закончыць Краснасельскую сярэднюю школу, бо ўжо пасля 4-га класа паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву. Потым быў тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў). Пасля — армія і прыезд у Гродна па размеркаванню. З 1985 года тут жыву і працую. Пачынаў як мастак-манументаліст, цяпер больш займаюся станковым жывапісам. Ажыццявіў каля 50-ці персанальных выстаў у Беларусі і па ўсім свеце.

— Як часта вы наведваеце сваю малую радзіму? Ці сочыце за навінамі з Ваўкавышчыны? Ганарыцеся, што вашы карані адсюль — з Ваўкавыскага краю?

— Я вельмі часта наведваю родныя мясціны, таму што мой бацька дагэтуль жыве ў Краснасельскім, і натуральна я ў курсе ўсіх мясцовых падзей. У Ваўкавыску жывуць мае сваякі, там я часта праводзіў канікулы ў дзяцінстве. Заўсёды, ва ўсіх інтэрв’ю расказваю пра сваю малую радзіму, добра ведаю яе гісторыю, таму што ёй насамрэч можна ганарыцца.

— Гэты год у Беларусі абвешчаны Годам моладзі. Як вы лічыце, сучасным маладым людзям варта пры першай магчымасці з’язджаць з маленькага горада за перспектывамі ў мегаполіс і праслаўляць там родны горад сваімі асабістымі поспехамі ці заставацца тут і дамагацца пастаўленых мэтаў на мясцовым узроўні?

— У нас у краіне толькі адзін мегаполіс — Мінск, і празмерная цэнтралізацыя — глабальная праблема для моладзi. Цяжка ей нешта раіць. Права выбару — справа індывідуальная. У ідэале трэба развіваць інфраструктуру малых гарадоў, патрэбна дэцэнтралізацыя.

— Давайце на імгненне прадставім: калі б лёс склаўся так, што вы засталіся жыць і працаваць на Ваўкавышчыне, кім бы вы сталі? У якой прафесійнай вобласці рэалізавалі б сябе?

— Не ведаю, што б я рабіў, застаўшыся дома, бо маляваць пачаў з маленства, а атрымаць прафесійную адукацыю тады можна было толькі ў сталіцы. Цяпер гэта можна зрабіць і ў абласным цэнтры, бо тут ёсць добрая дзіцячая мастацкая школа і прыватныя курсы.

— Як вы лічыце, чаго не хапае нашаму гораду? Што б вы ў ім змянілі?

— На мой погляд, Ваўкавыску не хапае беларускасцi, а гэта менавiта тое, што хочуць бачыць турысты — нашую самаiдэнтыфiкацыю. У першую чаргу, мы маем тапанiмiку — назвы вулiц, якiя да гэтай пары не пазбавiлiся савецкай спадчыны. Трэба, каб былi ўшанаваны шматлiкiя імёны славутых ураджэнцаў нашага краю. З мастакоў гэта Станіслаў Жукоўскi, якi паходзiць з вёскі Ендрыхаўцы, выдатны беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Ён паходзiць з Пружаншчыны, але калiсьцi гэта быў Ваўкавыскi павет. І такіх выбітных людзей шмат.

— Асабіста вам хацелася б, каб у будучыні ваша прозвішча фігуравала ў назве адной з ваўкавыскіх вуліц? Цi дастаткова, што пра вас ведаюць у культурных колах сярод творчай інтэлігенцыі, або вы імкнецеся да масавай медыйнай папулярнасці?

— Менш за ўсё мяне цікавіць медыйная папулярнасць, тым больш, я ніколі не марыў аб тым, каб маім імем называлі вуліцы. Больш таго, я заўсёды з непрыхаванай іроніяй адносіўся да ўсіх праяў папулярнасці. Мне хапае таго, што мяне трохі ведаюць у мастацкім асяроддзі.

Як вы лічыце, ці неабходна прафесійная мастацкая адукацыя для таго, каб дамагчыся вялікіх вынікаў?

— Гісторыя паказвае што неабходна. Вядома толькі некалькі выпадкаў, калі поспеху дабіваліся аматары, і то найчасцей яны бралі прыватныя ўрокі альбо шчыльна кантактавалі з прафесійным асяроддзем. І ўвогуле, мастацкае акружэнне вельмі істотнае для мастака. Мы, будучы студэнтамі, больш вучыліся адзін у аднаго, чым у настаўнікаў.

Ці шмат вы малюеце проста так, для сябе? Займаецеся самаразвіццём? Ці можаце распавесці аб распарадку вашага дня? І ці шмат часу ёсць для творчасці?

— Усё, што я малюю, — гэта толькі для сябе, бо я не працую на замову. Заўважна, што мае працы змяняюцца год ад года, і менавіта гэта я лічу самаразвіццём. Я нідзе не працую, акрамя майстэрні, і таму часу для творчасці ў мяне дастаткова. Шмат часу праводжу за мяжой, але там таксама найчасцей працую.

Якую са сваіх работ вы лічыце найбольш удалай?

— Заўжды апошнюю сваю работу найчасцей лiчу больш удалай за астатнія. Потым, з цягам часу, яны неяк аддаляюцца. Заўсёды хочацца верыць, што лепшыя працы наперадзе.

— Сяргей, з чаго вы пачынаеце распрацоўку персанажа: з характару, жанру або сітуацыі?

— Я не ведаю дакладна. Найчасцей — гэта проста візуальны код, якi нечым чапляе, потым ідзе распрацоўка.

— Якія мастакі вам падабаюцца? У якіх вы хацелі б што-небудзь пераняць?

— Iх шмат, i гэты спiс з цягам часу змяняецца. Нiкога не хочацца пераймаць, наўпрост, хочацца заставацца сабой, хоць часам гэта атрымлiваецца нялёгка.

Скажыце, вашы карціны запатрабаваныя за межамі Беларусі?

— Хутчэй яны больш запатрабаваныя за мяжой. Прычына — поўная адсутнасць цывілізаванага арт-рынку ў Беларусі. Таму большая частка маіх твораў знаходзіцца па-за краінай.

Ваша творчасць адзначана нейкімі ўзнагародамі?

— Я даўно зразумеў, што будзе спакайней пражыць жыццё без узнагарод. Акрамя таго, гэта дапамагае падтрымліваць сяброўскія стасункі з калегамі. Найлепшая ўзнагарода для мяне — гэта людзі, што наведваюць мае выставы як тут, так і за мяжой.

Над якімі праектамі вы працуеце зараз і якія планы на будучыню?

— Пакуль у пошуку. Нічога глабальнага не распачынаў. Планы таксама не напалеонаўскія: удзел у некалькіх летніх мастацкіх пленэрах і невялічкая выстава ў Гродне напачатку жніўня.

У мінулым годзе ў Краснасельскім да 100-гадовага юбілею завода праводзілася выстава вашых карцін. Ці была яна запатрабаванай сярод мясцовага насельніцтва? І цi не плануеце вы правесці падобную выставу, скажам, у ваенна-гістарычным музеі Ваўкавыска?

— Лічу, што ўсе, хто хацеў пабачыць выставу на малой радзіме, пабачылі яе. Праблема толькі ў тым, што яна экспанавалася ў непрыстасаваным месцы, а менавiта, у фае мясцовай школы. Што датычыць планаў правесцi выставу ў музеі Ваўкавыска, дык чаму не. Я заўсёды гатовы да супрацоўніцтва. Справа толькі за запрашэннем.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4321 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Свята вады і агню Диктор, телеведущая и актриса