Версия для печати
Вторник, 30 Июля 2019 15:12

Ваўкавыскі ўклад у «Скарбы Гродзеншчыны»

У Свіслачы адбыўся рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Праграма фестываля была вельмі насычаная. Работнікі культуры нашага раёна прынялі ўдзел у конкурсе падворкаў традыцыйнай культуры, конкурсе фальклорнага мастацтва, прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, рабоце інтэрактыўнай пляцоўкі гульнёва-забаўляльных праграм, а таксама ў конкурсе традыцыйных рэгіянальных строяў “Скарбніца моды Панямоння”.

Трэба адзначыць, што ўсё гэта ў іх атрымалася вельмі паспяхова. Народны фальклорны гурт “Чараўніцы” Мацвееўскага ДК (кіраўнік — Надзея Талашка) стаў лаўрэатам III ступені ў намінацыі “Лепшы дарослы фальклорны гурт”. Удзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Ваўкавыскія забавы” Наталля Серык і Алена Рунге, прадстаўнікі Ізабелінскага ДК, якія прадставілі дзіцячую фальклорную гульнёвую праграму “Ад весялосці не бывае злосці”, атрымалі за гэта дыплом і запрашэнне на Дзень беларускай пісьменнасці ў Слонім. У конкурсе традыцыйных рэгіянальных строяў майстры Росскага аддзялення Ваўкавыскага районнага центра рамёстваў прадставілі тры касцюмы ваўкавыскага традыцыйнага строя жаночага адзення і атрымалі спецыяльны дыплом у намінацыі “Лепшае мастацтва вышыўкі”. А ў намінацыі “Лепшая прэзентацыя падворка” Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці стаў пераможцам.

Рэжысёрам гэтай прэзентацыі выступіў вядучы метадыст цэнтра Часлаў Апановіч. На нашым падворку госці пабачылі выступ­ленне народнага сямейнага ансамбля “Сваякі” Дома культуры аграгарадка Юбілейны (кіраўнік Марыя Бачынская), а таксама прадстаўленне элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны: традыцый простага двухнітовага ткацтва і комплексу ўменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне. Іх прадставілі намеснік дырэктара Ваўкавыскага районнага цэнтра рамёстваў Святлана Кудаш і загадчык Гнезнаўскага Дома культуры Зоя Жук. Вясельныя караваі для прэзентацыі выпякала каравайніца Галіна Дзеніс. Акрамя таго, на нашым падворку можна было пачаставацца традыцыйнымі беларускімі стравамі. Накрыць багаты стол дапамаглі многія гаспадыні нашага раёна. А Марыя Бачынская частавала журы сваёй знакамітай на ўсю краіну стравай «Банды на дубовым лісці».

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1566 раз