Версия для печати
Суббота, 16 Мая 2026 17:29

Сцяжынкамі жыцця “Сваякоў”

Сярод добрых знаёмых ансамбля “Сваякі” — народны артыст Рэспублікі Беларусь, вядомы дзеяч культуры Анатоль Ярмоленка, телевядучыя Алена Спірыдовіч і Ларыса Мятлеўская, спявачка Ірына Дарафеева, тэлевядучы Андрэй Малахаў і іншыя знакамітасці. Ды і самі “Сваякі” маюць шырокую вядомасць, якая даўно выйшла за межы не толькі раёна, але і краіны.

Пачынаецца ўсё з сямі

0-02-05-fbc5cdfab50661623935a2b04209314dca07579784cc0cd157be3ad_p47508

Сёлета народны сямейны ансамбль «Сваякі» ДК аграгарадка Юбілейны адзначае сваё 45-годдзе. Яго ўдзельнікі на самай справе — адна вялікая сям’я: мастацкі кіраўнік Марыя Эдуардаўна Бачынская, яе муж Іван Аляксандравіч, іх сын Дзмітрый Іванавіч, Лілія Эдуардаўна Мароз — родная сястра Марыі Эдуардаўны, Алена Станіславаўна Навіцкая — траюрадная сястра, Томаш Іванавіч Карнацэвіч — траюрадны брат, Таццяна Валяр’янаўна Карнацэвіч — яго жонка, Люся Іосіфаўна Карнацэвіч — жонка другога траюраднага брата, Тамара Іванаўна Нядзвецкая — жонка дзядзькі, а Алеся Тадэушаўна Чурак — пляменніца.

0-02-05-8864d7435fcd58c43851220a91d19477c51ca42c631cc2cbbb4a12fe7774ad5f_8018eeaa64093c94

— Апошнім часам нам часта дапамагае акампаніятар Іван Шніп, наш прыёмны сын, якога мы ўсынавілі ўсім ансамблем, — жартуе Марыя Бачынская, кіраўнік калектыва, загадчыца ДК аг. Юбілейны. — А пачалося ўсё з сямейнага ансамбля Белых. Бацька мой, Эдуард Іванавіч Белы, быў музыка, яго запрашалі на вяселлі, хрысціны, провады. А калі да нас прыходзілі госці, мне ставілі розныя шклянкі, я брала ў рукі відэльцы і падыгрывала яму. Вось такі быў мой першы інструмент. Пазней пайшла ў музычную школу, на баяне вучылася. Спачатку ў ансамблі былі мой бацька, дзядька, сястра і брат з жонкай. Паступова далучаліся траюрадныя сястра і браты с жонкамі, мой муж.

Муж Марыі Эдуардаўны Іван таксама з музычнай сям’і. Скончыў музычную школу і культ­асветвучылішча, у 1979 годзе прыехаў на работу ў Юбілейны, дзе якраз пабудавалі Дом культуры. Іван Аляксандравіч стаў яго першым кіраўніком. Пазнаёміўся з будучай жонкай і хутка ўліўся ў сямейны ансамбль.

У 1981 годзе ў раёне прахо­дзіў фестываль сямейнай творчасці. Іван Аляксандравіч і Марыя Эдуардаўна вырашылі сабраць для ўдзелу свой калектыў, які ўжо выйшаў за рамкі сям’і Белых. З таго часу ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, з’яўляецца пастаянным
удзельнікам раённых мерапрыемстваў, жаданым госцем на святах, фестывалях ва ўсіх кутках краіны і на замежных пляцоўках. У 2000 годзе калектыў атрымаў ганаровае званне “народны”.

Традыцыі — у масы

0-02-05-0ef4c6d60e7d22aa82b39f9d31d92e33b5b8faf35f362f7872c00835b2b4be4b_5d8220f40c83a7ed

Акрамя роднасных сувязяў удзельнікаў калектыва аб’ядноўваюць любоў да беларускай песні і павага да народных традыцый, якія “Сваякі» не проста падтрымліваюць у сваёй сям’і, але і “нясуць у масы”, прымаючы ўдзел у розных конкурсах і нават тэлепраектах. У 2017 годзе калектыў заняў першае месца ў фальклорным тэлешоу “Хата на хату” на канале “Беларусь 3”. За званне лепшага змагаліся дзесяць сямейных калектываў, а ў склад конкурснага журы ўваходзілі знакамітыя дзеячы культуры на чале з народным артыстам Рэспуб­лікі Беларусь Анатолем Ярмоленкам. Наш калектыў заваяваў суперпрыз праекта і дыплом у намінацыі “Лепшы сямейны музей”. Пасля гэтага “Сваякі” літаральна “прачнуліся знакамітымі” і атрымалі мноства запрашэнняў на розныя праекты і перадачы. Марыя Бачынская і Алена Навіцкая прымалі ўдзел у тэлепраекце «Беларуская кухня», дзе дэманстравалі працэс прыгатавання мясцовых старажытных страў, такіх як бонды на дубовых лістах, лешч у гарчыцы і бабка па-панску. “Сваякі” былі ўдзельнікамі праекта “Жывая культура” на тэлеканале “Беларусь 3” і тэлешоу «Привет, Андрей!» тэлеканала “Россия 1”.

У 2019 годзе за захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускіх традыцый, сямейнай аматарскай творчасці калектыву была прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь. Ганаровую ўзнагароду “Сваякі” атрымалі з рук кіраўніка дзяржавы ва ўрачыстых абставінах на сцэне Палаца Рэспублікі.

— Для кожнага з нас гэта была асаблівая падзея, — успамінаюць Марыя і Іван Бачынскія. — Нам вельмі прыемна, што нашу творчую дзейнасць заўважылі і так высока ацанілі. А атрымаць узнагароду з рук Прэзідэнта — аб гэтым можна толькі марыць. Акрамя таго, мы прынялі ўдзел у святочным канцэрце разам са знакамітымі майстрамі сцэны. А ў Нацыянальным гістарычным музеі была арганізавана выстава, прысвечаная нашаму калектыву, і паказана відэапрэзентацыя.

На вялікую сцэну

изображение_viber_2026-05-15_09-22-41-375

У 2021 годзе “Сваякі” выйшлі на самую вялікую канцэртную пляцоўку нашай краіны: калектыў запрасілі прыняць удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню народнага адзінства, у “Мінск-Арэне”.

— Гэта быў вялікі гонар для нас, — адзначае Марыя Эдуардаўна. — Не кожны калектыў атрымлівае магчымасць выступіць на такой вялікай сцэне, перад такой колькасцю гледачоў. Было вельмі прыемна, што нас палічылі годнымі выступіць на мерапрыемстве, дзе будуць самыя лепшыя калектывы краіны, зоркі эстрады. Мы прымалі ўдзел у нумары «Адзінства па-народнаму» разам з Ірынай Дарафеевай. І на сцэне, і за кулісамі была вельмі цёплая, сяброўская атмасфера. Асабліва кранальным быў момант, калі гучаў Гімн Рэспублікі Беларусь, і ўся вялізная зала разам спявала яго. Гэта была літаральна атмасфера адзінства.

Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, у яго рэпертуар уваходзяць апрацаваныя беларускія, рускія і ўкраінскія народныя песні, творы з рэпертуару вядомых калектываў, а таксама арыгінальныя творы мясцовых аўтараў і аўтэнтычныя песні, запісаныя ад жыхароў раёна.

— У нашым рэпертуары — больш за 100 песень. Раней мы нават ездзілі па вёсках, збіралі, запісвалі песні ад мясцовых спявачак. Зараз я на фестывалях песні запісваю, якія спадабаліся, пасля на баяне падбіраем мелодыю, — дзеліцца творчымі сакрэтамі кіраўнік. — Мы не імкнёмся паўтарыць тое выкананне, якое пачулі. Наадварот, спрабуем унесці нешта сваё, адметнае.

Дзякуючы такому творчаму падыходу калектыў мае свой адметны стыль. Сёння «Сваякі» добра вядомы на малой радзіме і далёка за яе межамі. Ансамбль часта запрашаюць на святы і фестывалі ў розныя гарады, але больш за ўсё артысты любяць спяваць для сваіх землякоў, часта выступаюць перед працаўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, у полі, на фермах і мехдварах. А землякі ганарацца “Сваякамі”, у Доме культуры нават існуе музейная выстава “Сцяжынкі жыцця “Сваякоў”.

Зберагчы, каб падзяліцца

изображение_viber_2026-05-15_09-23-06-114

На стэндах тут можна ўбачыць фотаздымкі ўдзельнікаў і канцэртных выступленняў, узнагароды калектыва, матэрыялы з перыядычных выданняў, сцэнічныя касцюмы, музычныя інструменты.

На пачэсным месцы — белы японскі гармонік, чырвоны баян і барабан з назвай калектыва.

— На гэтым самым гармоніку іграў мой бацька, а на баяне я ў музычнай школе вучылася, — тлумачыць Марыя Эдуардаўна.

— А барабан мой, яму ўжо больш за 100 год, — дадае Іван Аляксандравіч.

Побач прытуліліся зусім не музычныя, на першы погляд, інструменты.

— Чаму ж не музычныя? — усміхаецца Іван Аляксандравіч. — Мы іграем, вельмі цікавы гук атрымліваецца. Гэта валка і качалка, некалі імі бялізну прасавалі. Сапраўдны музыка можа граць на чым заўгодна. Хоць на шклянках, хоць на качалцы.

У суседнім пакоі Дома культуры размясціўся яшчэ адзін музей, да якога “Сваякі” маюць непасрэднае дачыненне. Музей народнага побыту “Матчына хатка” — той самы, за які яны атрымалі прыз тэлешоу “Хата на хату”. Тут сабрана больш за 200 цікавых экспанатаў: старадаўнія калаўроты, драўляныя дзежы, рознае кухоннае начынне, вязаныя сурвэткі і вышытыя ручнікі. Многія прадметы “Сваякі” збіралі па навакольных вёсках падчас сваіх фальклорных экспедыцый, але большасць экспанатаў — з бацькоўскіх дамоў удзельнікаў ансамбля. Паласатыя палавікі тканыя рукамі маці Івана Александравіча, а калыску зрабіў бацька Марыі Эдуардаўны, калі яна нарадзілася.

“Сваякі” беражліва захоўваюць не толькі гэтыя рэчы, але і народныя песні, звычаі, рэцэпты традыцыйных страў і іншую нематэрыяльную, аднак вельмі каштоўную спадчыну. І не проста захоўваюць, але шчодра дзеляцца з іншымі. А ў 2018 годзе “Сваякі” вырашылі запрасіць у госці сямейныя калектывы з усяго раёна — так нарадзіўся фестываль-конкурс сямейнай творчасцi “Сваякі запрашаюць”. З таго часу штогод пад дахам Дома культуры ў Юбілейным збіраюцца самыя дружныя і таленавітыя сем’і, каб падзяліцца сваёй творчасцю ў самых розных жанрах. І абавязкова па-за конкурснай праграмай на сцэну выходзяць самі “Сваякі”, каб падарыць удзельнікам і гледачам свае лепшыя песні. З кожным разам геаграфія фестывалю пашыраецца, і з мінулага года ён праходзіць ужо ў статусе рэгіянальнага. Літаральна сёння “Сваякі” зноў сустракаюць гасцей з розных куткоў Гродзенчшыны.

«Мы ці ў радасці, ці ў горы будзем разам на вякі. Нездарма нам людзі кажуць: вось што значыць — «Сваякі» — такія словы ёсць у песні, якую спецыяльна для калектыва напісалі Алена Калеснік і Дзмітрый Дудзінскі. І гэта сапраўды так. Ужо 45 год народны ансамбль “Сваякі” з’яўляецца носьбітам нацыянальных традыцый, прыкладам моцных роднасных сувязей і захавання сямейных каштоўнасцей.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 644 раз