Каравай, каравай, каго любіш — выбірай! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 31 Декабря 2016 00:00

Каравай, каравай, каго любіш — выбірай!

Лариса Прокопеня

Напярэдадні Новага года ў раён прыйшла добрая навіна — традыцыя выпечкі вясельнага каравая на Ваўкавышчыне атрымала статус дзяржаўнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Гэта адна з традыцый, пра якую мы не проста ведаем, а да якой актыўна звяртаемся і сёння. Усё больш маладых людзей імкнецца ла­дзіць вяселле з улікам мясцовых традыцый, адной з якіх з’яўляецца каравай ручной работы, выпечаны згодна з народнымі звычаямі.

Каравайнай традыцыі больш за сто гадоў. Дзякуючы супрацоўнікам Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сёння асвоены і зберагаюцца менавіта тыя даўнія рэцэпты, якія былі запісаны ад носьбітаў. Работу па збіранню і падрыхтоўцы матэрыялаў, неабходных для прысваення ваўкавыскаму караваю статуса дзяржаўнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, супрацоўнікі распачалі яшчэ ў 2012 годзе.

— Мы наладзілі фальклорныя экспедыцыі па збору матэрыялу, — расказала намеснік дырэктара РЦКНТ Лілія Рашчэўская. — Сустракаліся з каравайніцамі, запісвалі інтэрв’ю, рабілі відэаздымкі ўсяго працэса, ад прыгатавання рошчыны да аздаблення гатовага каравая. Больш за 60 год выпякае і ўпрыгожвае вясельныя караваі жыхарка вёскі Мацвееўцы Яўгенія Міхайлаўна Прохар (на фота). Робіць яна гэта па старадаўняму рэцэпту, які атрымала ад сваёй матулі Алены Іванаўны Данік. Сваімі сакрэтамі падзяліліся з намі Валянціна Іванаўна Поух з Краснасельскага, Тамара Іванаўна Карнацэвіч з вёскі Новая Ятвязь, Ірына Іванаўна Гецольд з Маісеевіч, якой, на жаль, ужо няма.

Вясельны каравай сімвалізуе багацце і дабрабыт будучай сям’і, «праграмуе» жыццё маладой пары на добры лад. Ён з’яўляецца сімвалам паяднання і працягу роду, даўгалецця шлюбнага саюзу.

Вясельны каравай — не проста хлеб, прыгатаваны па традыцыйнаму рэцэпту. З ім звязана мноства звычаяў, якіх абавязкова прытрымліваліся нашы продкі. Ад пачатку прыгатавання да падзелу паміж гасцямі «жыццё каравая» падпарадкавана строгім правілам, кожнае з якіх мае глыбокі сэнс.

Паводле народных вераванняў, ад якасці каравая за­лежыць будучае маладой сям’і. Калі каравай не ўдаваўся, гэта лічылася нядобрым знакам. Таму кожная гаспадыня імкнулася зрабіць усё найлепшым чынам.

Замес цеста суправаджаўся чытаннем спецыяльнай малітвы. Перад тым, як дабавіць у посуд чарговы прадукт, каравайніца яго «жагнала» і прасіла для маладых здароўя, дабрабыту, даўгалецця.

Для каравая назапашваліся хваёвыя дровы. Дубовыя ці бярозавыя для выпечкі не выкарыстоўваліся, бо давалі вялікі жар і каравай мог згарэць. А вось калі да хваёвых паленцаў кінуць некалькі бярозавых — будзе самы лепшы жар, каравай падымецца, атрымаецца  пышным і смачным.

Гаспадыня прыносіць міску з рошчынай, няспешна бярэ кавалак цеста ў руку, узважваючы, прыгладжвае, кладзе на дно пасудзіны. У хаце цёпла і цеста расце літаральна на вачах, запаўняючы посуд да краёў. Перад тым, як ставіць каравай у печ, гаспадыня правярае жар: кідае ў печ жменю мукі, а праз дзве хвіліны выгортвае яе качаргой. Калі мука не прыгарэла, значыць, можна ставіць каравай.

Паставіўшы каравай у печ, каравайніца з памочнікамі пускаліся ў скокі. Скакаць трэба было, моцна тупаючы, каб каравай рос высокі. Чым вышэйшы атрымаецца каравай, тым даўжэйшым і шчаслівейшым будзе жыццё новай сям’і.

Выняўшы каравай з печы, уважліва яго аглядалі. Калі каравай выходзіў крывы, на
адзін бок, гэта лічылася прыкметай таго, што нявеста ідзе замуж цяжарнай.

Выпечаны каравай пакідалі «адпачыць». Упрыгожваць яго пачыналі толькі на наступны дзень.

— Аздабленне традыцыйнага ваўкавыскага каравая было вельмі сціплым, — расказвае Лілія Рашчэўская. — Ён быў аднапавярховым, упрыгожвалі яго так званымі «шышачкамі»: лісцікамі, каласкамі і кветачкамі з крутога цеста. Звычайна іх нічым не фарбавалі — у гэтым галоўнае адрозненне традыцыйнага каравая ад так званых «навадзелаў». Новыя караваі робяць ужо і шматпавярховымі, іх упрыгожваюць рознакаляровымі кветкамі, фігуркамі маладых, сватоў, сведак, музыкантаў з музычнымі інструментамі. Але традыцыйны ваўкавыскі каравай быў сціплы. Гэта тлумачыцца тым, што нашыя продкі жылі небагата.

З’яўленне каравая на вяселлі таксама суправаджалася абрадавымі дзеяннямі. Выносілі яго да гасцей звычайна пад гукі беларускай полькі. А перад тым, як вынесці, у бацькоў маладых пыталіся: «Каравай — Божы дар, людзям раздаці ці ў камору схаваці?» І толькі атрымаўшы дазвол, ставілі каравай на вясельны стол.

У час адорвання маладых падарункамі каравай дзялілі паміж гасцей. Рэзалі вялікімі кавалкамі, каб госці, пакаштаваўшы, астатняе забралі з сабою і пачаставалі хатніх, пера­даўшы ім сімвал працягу роду.

Ваўкавыскі каравай не здзівіць пышнасцю ўбрання ці яскравасцю фарбаў. Яго сціплая чароўнасць пад стаць някідкаму хараству роднай прыроды. І сёння каравайную традыцыю можна пабачыць амаль на кожным вяселлі, яна жыве і перадаецца ад носьбітаў да нашчадкаў. Вясельны каравай застаецца не толькі галоўным сімвалам дабрабыту новай сям’і, але і ўвасабленнем сувязі пакаленняў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3544 раз Печать