Версия для печати
Суббота, 20 Февраля 2021 11:01

Рускай мове дай разгрузку: размаўляй па-беларуску

Пад такім дэвізам напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы прайшла анлайн-алімпіяда па беларускай мове сярод вучняў 2—4 класаў, распрацаваная кіраўніком творчай групы настаўнікаў, якія працуюць на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, Ірынай Эдуардаўнай Хілютай.

Не сакрэт, што вывучэнне беларускай мовы ў сучасных дзяцей выклікае вялікія цяжкасці, што для многіх вучняў гэты прадмет з’яўляецца самым складаным. Дзеці маюць небагаты слоўнікавы запас і дапускаюць вялікую колькасць памылак пры ўжыванні некаторых слоў. Таму работа па назапашванню і актывізацыі слоўнікавага запасу вучняў стварае ўмовы для больш якаснага і эфектыўнага авалодання навучэнцамі праграмным матэрыялам, спрыяе асэнсаванаму разуменню тэкстаў вучнямі, павышэнню ўзроўня іх маўленчага развіцця, паляпшэнню культуры зносін на беларускай мове.

Вучням былі пранаваны заданні розных відаў, якія ахоплівалі пэўныя раздзелы мовазнаўства, што вывучаюцца на ўроках беларускай мовы ў пачтковых класах. Усе заданні былі аб’яднаны пэўнай тэматычнай групай слоў. Вучні другіх класаў, напрыклад, мелі магчымасць пашырыць свой слоўнікавы запас беларускімі назвамі звяроў. Таксама дзеці даведаліся, які звер пакідае сляды, падобныя на птушыныя; хто такі кажан; якімі словамі апісаць знешні выгляд звяроў.

Трэццякласнікі спаборнічалі ў тым, хто лепш ведае назвы птушак. Многія адрозніваюць бацяна ды сітаўку, ведаюць, якія канчаткі маюць гэтыя словы; якая птушка не баіцца завей і любіць яловы лес; як запісаць скорагаворку “Цяцера цераз бор ляцела, цецерука з цецеручанятамі знайсці хацела” без памылак.

Вучні чацвёртых класаў дэманстравалі веды па прадмету з пазнаннем свету раслін. Яны хутка вызначылі, што “не бывае вялікім з малым карэннем”, не заблыталіся ў вызначэнні роду палына, адрознілі буякі і ажыны.

Пераможцы і прызёры анлайн-алімпіяды былі ўзнагароджаны дыпломамі. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты. А самае галоўнае, што ў большасці сем’яў адзін з вечароў быў прысвечаны роднай мове!

Запрашаем усіх зацікаўленых зрабіць першы крок да адраджэння роднай мовы. Паспрабуйце часцей размаўляць па-беларуску ў штодзённым жыцці. Пачынаць заўсёды цяжка, але адкладваць няма куды, бо мы — беларусы!

Алена ДЗЕГАЛЬЦОВА, кіраўнік метадычнага аб’яднання

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2384 раз