Рубрыка “Слова пра мову”. Адчуванне - пачуванне, бярозавік - бярэзнік. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 06 Марта 2022 18:22

Рубрыка “Слова пра мову”. Адчуванне - пачуванне, бярозавік - бярэзнік. Адчуй розніцу!

Святло. Сонца. Свята. Сакавік. Гэта ўсё пра першы месяц, які на мінулым тыдні адкрыў вясну і ­прынёс светлае, сонечнае, сакавіцкае свята — Міжнародны жаночы дзень — 8 Сакавіка

А вы адчуваеце (ці пачуваеце, ці спачуваеце?) непаўторны бярозавікавы (ці бярэзнікавы?) сакавіцкі подых (ці дых?) першых дзён вясны?..

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Адчуванне (рус. ощущение, чувство)

1. Працэс успрымання асобных уласцівасцей прадметаў і з’яў пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. У даўняй супярэчнасці пачуццяў найбольш пякло адчуванне як бы наўмыснай няскладнасці жыцця. І. Мележ.

2. Уражанне, прадчуванне (рус. впечатление, предчувствие). Адчуванне спакою, спагады і суцяшэння агортвае ў бацькоўскім доме.

Пачуванне (рус. самочувствие). Разм. Адчуванне. З кожным днем пачуванне (адчуванне) паляпшалася.

Спачуванне (рус. сочувствие).

1. Спагадлівыя, зычлівыя адносіны да чыйго-небудзь гора, няшчасця; падтрымка. Мёртвыя не просяць спачування, у іх свае і цені і кусты. А. Пысін.

2. Пісьмовае або вуснае выражэнне пачуцця спагады, жалю ў сувязі з горам, няшчасцем. Дазвольце выказаць вам сваё спачуванне.

Бярозавік (рус. березовый сок). Бярозавы сок. Што ж не прыйшоў бярозавік свой піць? К. Кірэенка.

Бярэзнік (рус. березник, березняк). Бярозавы лес. Хмызняк з бярозак. Лю­дзі бярэзнік рэжуць, не глядзяць. М. Стральцоў.

Дых (рус. дыхание). Разм. Дыханне. Міця хацеў крыкнуць, але ў яго перахапіла, сцяло дых.
В. Адамчык.

Адным дыхам (рус. единым духом, за один дух). Вельмі хутка. Усё, што думала, вымавіла ў адзін дых.

Ні слыху, ні дыху (рус. ни слуху, ни духу). Няма ніякіх звестак. З тае пары аб ім ні слыху, ні ­дыху.

Біць пад дых (рус. бить наверняка, прямо в цель). Вучыць не трэба маладых, ні лашчыць іх, ні біць пад дых. Р. Барадулін.

Подых (рус. дуновение, веяние). Лёгкі рух паветра. Перан. Набліжэнне. Першымі адчуваюць подых вясны Прыпяць і Нёман.
У. Караткевіч.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 462 раз Печать