Рубрыка “Слова пра мову”. Студзеньскі - сцюдзёны, лютаўскі - люты, сакавіты - cакавіцкі, ва ўсёй (сваёй) красе - для (дзеля) красы. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 10 Апреля 2022 12:34

Рубрыка “Слова пра мову”. Студзеньскі - сцюдзёны, лютаўскі - люты, сакавіты - cакавіцкі, ва ўсёй (сваёй) красе - для (дзеля) красы. Адчуй розніцу!

Не так даўно студзіў сцюдзёны студзень. Адлютавалі лютаўскія (ці лютыя?) маразы… Калі ж на змену сакавітаму (ці сакаўному?) сакавіку закрасуе краскамі (ці кветкамі?) красавік ва ўсёй красе?

Адчуй розніцу

Студзеньскі (рус. январский). Які мае адносіны да студзеня. Еду ў студзеньскі марозны лес. А. Пысін.

Сцюдзёны (рус. студёный). З нізкай тэмпературай, халодны; ахалоджаны; які не вылучае цяпла. Смуга патушыла нізкае сцюдзёнае сонца. В. Быкаў.

Лютаўскі (рус. февральский). Які мае адносіны да месяца лютага. На дварэ круціла лютаўская завіруха.

Люты (рус. лютый, свирепый, жестокий). Злы (пра жывёл); жорсткі (пра чалавека); кровапралітны (пра бой); вельмі моцны (пра з’яву прыроды). Вакол шуміць лютая непа­гадзь. В. Вольскі. Люты бой працягваўся некалькі дзён.

Сакавіты (рус. сочный).

Які змяшчае шмат соку; водарны, духмяны; апетытны; не сухі. Крамяны сакавіты яблык з апошніх сіл вісеў на галіне.

Пераноснае значэнне. Поўны сіл, энергіі; яркі, свежы; трапны, вобразны (пра мову); звонкі, прыемны (пра голас). Спрадвеку хлеб наш сакаўны і мова наша сакаўная. В. Вітка.

Сакавіцкі (рус. мартовский). Які мае адносіны да сакавіка. Жураўлём сакавіцкая раніца зарыпела. Г. Бураўкін.

Краса (рус. красота)

Тое, што робіць прывабным; хараство, прыгажосць; прыгожы, прывабны. Белыя пралескі на прагалінах убіралі зямлю красой веснавой. М. Лынькоў.

Упрыгожанне, слава (рус. украшение, краса). Краса маёй краіны роднай — свабодалюбны мой народ. П. Глебка.

Ва ўсёй (сваёй) красе (рус. во всей своей красе)

У харастве, у раскошы. Стаяла восень ва ўсёй красе.

Іранічнае. У непрыглядным выглядзе, з усімі недахопамі. Непрычэсаны, няголены, у запэцканых штанах і брудных чаравіках… Адным словам, кавалер ва ўсёй красе.

Для (дзеля) красы (рус. для показного, обманчивого блеска). Вы працаваць прыйшлі ці пастаяць дзеля красы?

Краска (рус. цветок). Кветка (размоўна-паэтычнае). На сонечных праталінах замігцелі краскі ў траве.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 428 раз Печать