Рубрыка “Слова пра мову”. Абабраны (ці абраны), жураўліны (ці журавінавы?), крык над бяскрайнім абшарам (ці абшарнікам?), прагнаў з поля апошнюю жнейку (ці жняю? ці жняярку?) - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 11 Сентября 2022 19:46

Рубрыка “Слова пра мову”. Абабраны (ці абраны), жураўліны (ці журавінавы?), крык над бяскрайнім абшарам (ці абшарнікам?), прагнаў з поля апошнюю жнейку (ці жняю? ці жняярку?)

Верасень непрыкметна прыбраўся ў верас.Пачатак восені — пара, калі яшчэ не зняты апошні яблык у садзе, а лес кліча ў грыбы і ягады, што спеюць да марозу. Толькі апусцелыя жытнёвыя палі ўжо падлічылі ўраджай. З поўнымі засекамі і зіму страчаць не боязна.

Грыбы і ягады ў лесе яшчэ не павызбіраны. Яблыкі ў садах не абабраны (ці абраны). А жураўліны (ці журавінавы?) крык над бяскрайнім абшарам (ці абшарнікам?) прагнаў з поля апошнюю жнейку (ці жняю? ці жняярку?). Апусцелі жытнёвыя (ці жытнія?) палеткі. Год, на дзіва, ураджайны (ці ўрадлівы?).

Адчуй розніцу

Абабраць (рус. снять, обобрать).

1. Зняць плады, ягады з дрэва, куста; паздымаць рукамі што-небудзь з чаго-небудзь. Раніцай абабралі ў гародчыку сакавітыя парэчкі і агрэст.

2. Зняць лушпінне з чаго-небудзь (рус. очистить, облупить). Перад прыгатаваннем бульбу трэба абабраць.

3. Абкрасці, абрабаваць, ашукаць (рус. обобрать, обокрасть). Абабраць да ніткі.

Абраць

  1. Выбіраць галасаваннем для выканання абавязкаў (рус. избирать). Старшыню абралі на пасядэнні агульным галасаваннем.
  2. Аддаць перавагу, выбраць (рус. выбрать). Найлепшую жонку абраў.

 

Жураўліны (рус. журавлиный). Які мае адносіны да жураўля (птушкі), уласцівы яму, падобны да жураўля. Жураўліны клін з маркотным крыкам хутка схаваўся ўдалечыні

Журавінавы (рус. клюквенный). Які мае адносіны да журавін; багаты журавінамі; прыгатаваны з журавін; колеру журавін. На ўскрайку лесу ўздоўж балота цэлыя журавінавыя прысады.

Абшар (рус. простор, пространство). Абшар прасторны акінуць толькі вокам — за дзень не абысці.

Абшарнік (рус. помещик). Уладальнік вялікіх абшараў зямлі, памешчык. Мясцовы абшарнік дужа сквапным быў.

Жнейка (жняя) (рус. жница). Жанчына, якая жне ўручную сярпом. На полі між стагамі жыта белянелі хусткі жнеек.

Жняярка (рус. жатка). Жатная машына. Новыя жняяркі стаялі пад навесам, пабліскваючы на сонцы.

Жытнёвы (рус. ржаной). Які мае адносіны да жыта як да расліны. Жытнёвы колас ад цяжару налітага зерня прыпадаў да зямлі.

Жытні (рус. ржаной). Тое, што і жытнёвы. Прыгатаваны з зерня жыта або прадуктаў яго апрацоўкі. Жытні квас у гарачую пару выдатна паталяе смагу.

Ураджайны (рус. урожайный, обильный хлебом, хлебородный, хлебный). Багаты на ўраджай; вызначаецца высокай ураджайнасцю. Год на хлеб быў ураджайны.

Урадлівы (рус. плодородный). Які здольны забяспечыць ураджай. Тое, што і ўраджайны. Нават самая ўрадлівая зямля патрабуе адпачынку.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 244 раз Печать