Рубрыка “Слова пра мову”. Покрыва - покрыўка, вобраз - абраз, любасць - любата. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 16 Октября 2022 17:20

Рубрыка “Слова пра мову”. Покрыва - покрыўка, вобраз - абраз, любасць - любата. Адчуй розніцу!

Царкоўнае свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці ў календары дзяржаўных святаў і памятных дзён. 14 кастрычніка мы традыцыйна славім Маці Божую і ў вобразе яе аддаем даніну любові і павагі кожнай жанчыне-маці.

Сярэдзіна восені. Надвор’е агіднае (ці гідлівае?). Напярэдадні Пакроў звычайна выдаецца некалькі цёплых сонечных дзён “бабінага лета”. А на свята здараецца і першы замара­зак, і нават першы снег. Быццам Багародзіца сваім покрывам (ці покрыўкай?) прыкрывае нас. Яна — вобраз (ці абраз?) кожнай маці, якая гэтак жа аберагае сваіх дзяцей ад жыццёвай непагадзі. Любасць (ці любата?) матчына бязмежная. І цярпенне яе не мае апошняй кроплі (ці кропкі?). І толькі жанчыне-маці наканавана многае прадбачыць (ці прабачыць?), ведаць (ці зведаць?).

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Агідны (рус. отвратительный, омерзительный, противный, безобразный). Дрэнны, брыдкі, гадкі. Паводзіў часамі ён сябе даволі агідна.

Гідлівы (рус. брезгливый). Грэблівы. На вужа дзеці паглядалі з гідлівай цікаўнасцю.

Покрыва (рус. покров). Тое, што пакрывае, ахутвае сабою. Лес сцішэў пад покрывам туману.

Покрыўка (рус. покрывало). Кавалак тканіны, прызначаны для пакрывання. Пад покрыўкай на ложку праз сон памуркваў кот.

Вобраз (рус. образ).

  1. Знешні выгляд, што ўзнікае ў памяці. Вобраз маці ў сэрцы кожнага дзіцяці.
  2. Абагульненае мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці. “Мілыя вобразы роднага краю” ў сэрцы сваім берагу.
  3. Тып, характар, створаны пісьменнікам. Вобраз маці пісьменнікам быў напісаны бездакорна.

Абраз (рус. икона, образ). Дзед запаліў свечку, перахрысціўся, зашаптаў малітву каля абраза.

Любасць (рус. привязанность, восхищение, умиление). Прыхільнасць, замілаванасць. Любасці матчынай краю няма.

Любата (рус. прелесть, красота). Тое, што выклікае захапленне прывабнасцю, прыгажосцю. “Любата!” — прыцмокнуў бацька, глянуўшы на дачку ў новай сукенцы.

Кропля (рус. капля). Кроплі дажджу часта забарабанілі ў шыбіну.

Кропка (рус. точка). У гэтай гісторыі даўно патрэбна паставіць кропку.

Прадбачыць (рус. предвидеть). Не шкодзіла б прадбачыць наступствы ў кожнай справе.

Прабачыць (рус. простить, извинить). Праба­чыць нялёгка, а крыўду насіць яшчэ цяжэй.

Ведаць (рус. знать). Знаць. Каб ведаў, дзе ўпадзеш, саломы падсцяліў бы.

Зведаць (рус. испытать). Перажыць. Зведаць гора хлопцу давялося шмат.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 327 раз Печать