Рубрыка “Слова пра мову”. Грузны - грузкі, голены - голы, змораны - замораны. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 23 Октября 2022 17:58

Рубрыка “Слова пра мову”. Грузны - грузкі, голены - голы, змораны - замораны. Адчуй розніцу!

Мінулы тыдзень у нашай краіне прайшоў пад эгідай бацькоўскай любові. Пачаўся ён ужо традыцыйным для беларусаў Днём маці. А завяршыўся пазаўчора новым святам - Днём бацькі. Яшчэ адна добрая традыцыя нарадзілася ў календары дзяржаўных святаў і памятных дзён Беларусі.

Хто з нас у дзяцінстве не каштаваў прынесены ім акраец (ці акраек? ці акравак?) “зайчыкавага” хлеба? Хто не пазнаваў яго па грузным (ці грузкім?) крокам цяжкай мужчынскай хады? Хто з вялікім дзіцячым задавальненнем не прыціскаўся да голенай (ці голай?) яго шчакі? Хто з нас да дрыжыкаў (ці дрыготкі? ці дрыгвы?) не баяўся яго гневу? А каго з нас, нават дужа змораны (ці замораны?), ён не ўражваў сваімі байкамі? Такі ён, сапраўдны, любы, родны бацька.

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Акраец (рус. горбушка). Кавалак хлеба, адрэзаны ад непачатага краю; кавалак хлеба; нешта падобнае на акраец хлеба. Хлопец з ахвотай адламаў акраец ад только што спечанага, яшчэ гарачага бохана.

Акраек (рус. край, кромка). Край чаго-небудзь. Нумар тэлефона быў напісаны алоўкам на акрайку газеты.

Акравак (рус. лоскут, обрезок). Абрэзак, кавалак скуры, тканіны. Частка ад цэлага. З акраўка тканіны на сукенку маці пашыла яшчэ і стужкі дачцэ ў валасы.

Грузны (рус. тяжёлый - о походке). Знешне хлопец быў, як волат, і толькі грузная хада выдавала яго хворыя ногі.

Грузкі (рус. вязкий, топкий). Гразкі, багністы. Край лесу суседнічаў з балотам, таму быў даволі грузкі.

Голены (рус. бритый). Са збрытымі валасамі. Па бацькавай голенай шчацэ збегла скупая мужчынская сляза.

Голы (рус. голый). Нічым не прыкрыты. Сам голы-босы,а на гонар багаты.

Дрыжыкі (рус. дрожь, содрогание, озноб). Частае сутаргаватае ўздрыгванне цела (нервовае, ад холаду). Прамоклыя да дрыжыкаў дзеці туліліся да гарачай печы.

Дрыготкі (рус. дрожь). Тое, што і дрыжыкі. Перарывістасць (у голасе, гуках). Ледзьве чутна, з лёгкай дрыготкай у голасе ён усхвалявана пачаў прамову.

Дрыгва (рус. трясина, топь). Топкае балота, багністае месца. Спелыя і сакавітыя журавіны вабяць чырванню ў самую дрыгву.

Змораны (рус. усталый, утомлённый). Абяссілены, стомлены цяжкай работай. Са жніва бацька звычайна вяртаўся позна, дужа стомлены.

Замораны (рус. изнурённый). Змучаны, стомлены, схуднелы. Замораны дзень сыходзіць непрыкметна на спачын.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 240 раз Печать