Рубрыка “Слова пра мову”. Цікавіць - цікаваць, звяртацца - вяртацца, абыходжанне - абыходлівасць. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 06 Ноября 2022 17:54

Рубрыка “Слова пра мову”. Цікавіць - цікаваць, звяртацца - вяртацца, абыходжанне - абыходлівасць. Адчуй розніцу!

25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года. Петраград. Выстрал крэйсера “Аўроры”. Захоп Зімовага палаца. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя здзейснілася, кардынальна змяніўшы ход гісторыі.

І сёння кастрычніцкія падзеі не пакідаюць цікавіць (ці цікаваць?). Мы штораз звяртаемся (ці вяртаемся?) да гісторыі, каб пераасэнсаваць падзеі (ці дзеі?) “чырвонага дня календара”. Любая рэвалюцыя — гэта ахвяры, апраўдаць (ці спраўдзіць?) якія з цягам часу ўсё цяжэй. Можна бясконца шукаць вінаватых (ці павінных?). Прасцей за ўсё падвяргаць асуджэнню (ці асуджанасці?). Пераасэнсоўваючы мінулае, важна помніць: гісторыя патрабуе далікатнага абыходжання (ці абыходлівасці?).

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Цікавіць (рус. интересовать, занимать). Выклікаць цікавасць, звяртаць на сябе ўвагу. Дзедавы прылады, што віселі ў хлеўчыку, даўно цікавілі ўнука.

Цікаваць (рус. следить, подстерегать, высматривать). Сачыць, падпільноўваць, выглядаць. Пад лаваю кот і днём, і ноччу цікаваў за мышкамі.

Звяртацца (рус. обращаться). Пры напісанні сачынення мы звяртаемся да літаратурных крыніц.

Вяртацца (рус. возвращаться). Дадому з лесу паляўнічыя ніколі не вярталіся з пустымі рукамі.

Падзея ус. событие, происшествие). Здарэнне, выпадак, важная, выдатная з’ява. Гэта гістарычная падзея выклікае многа спрэчак.

Дзея (рус. действие). Дзейнасць, справа, учынкі, паводзіны. Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее. Развіццё падзей у літаратурным творы. Закончаная частка драматычнага твора.

Апраўдаць (рус. оправдать) Даказаць невінаватасць. Апраўдаць такі яго ўчынак нават маці не змагла. Даказаць патрэбу. Праявіць сябе вартым. Кампенсаваць, акупіць.

Спраўдзіць (рус. выполнить, исполнить, подтвердить делом). Не любое жаданне можна спраўдзіць.

Вінаваты (рус. виноватый, виновный). Які правініўся, з’яўляецца прычынай, усведамляе сваю віну, мае доўг. У аварыі быў вінаваты пешаход.

Павінен (рус. должен, обязан). Вымушаны што-небудзь рабіць або мець якую-небудзь якасць. Хочаш стаць спецыялістам — павінен вучыцца.

Асуджэнне (рус. осуждение). Вынесці абвінаваўчы прыгавор. Выказаць неадабрэнне. Прызнаць ганебным. Дакор і асуджэнне былі ў бацькавым позірку.

Асуджанасць (рус. обречённость). Стан асуджанага. Пачуццё фатальнай асуджанасці сціскала горла.

Абыходжанне (рус. обхождение, обращение, поведение). Выяўленне сваіх адносін. Манера паводзін. Уменне карыстацца чым-небудзь. Абыходзіліся з госцем ветліва, добразычліва.

Абыходлівасць (рус. обходительность, вежливость). Ветлівасць, далікатнасць у абыходжанні. Гаспадары вызначаліся асаблівай абыходлівасцю.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 275 раз Печать