Рубрыка “Слова пра мову”. Зазімак - адзімак, пералесак - пралеска, забава - забаўка. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 20 Ноября 2022 15:51

Рубрыка “Слова пра мову”. Зазімак - адзімак, пералесак - пралеска, забава - забаўка. Адчуй розніцу!

Жураўлі ляцяць высока — зіма яшчэ далёка. Журавы ляцелі нізка — зіма зусім блізка. Восень была, на дзіва, утульная. Другая палова лістапада прагнала апошняга жураўля халодным подыхам зімы.

Вось і дачакаліся мы першага марознага зазімку (ці адзімку?). Яшчэ нясмелая шэрань (ці шэрасць?) злёгку прыпудрыла белізнОй (ці бялІзнай?) застылыя ў чаканні сапраўднага зімовага марозу пералескі (ці пралескі?). Кажуць, шэрань — снегу прадвеснік. А снегу заўсёды з нецярпеннем чакаюць і з захапленнем (ці захопам?) сустракаюць дзеці, каб у зімовых забавах (ці забаўках?) адаграваць, пацалаваныя марозам, бурачковага (ці бурачнага? ці бураковага?) колеру шчокі.

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Зазімак (рус. зазимок, зазимье). Першы мароз, першы снег, пачатак зімы. Зазімак злёгку прыпудрыў снегам зямлю.

Адзімак ус. весенние заморозки). Веснавы замаразак. Адзімак папускацца не хацеў.

Шэрань (рус. иней). 1. Белыя рыхлыя крышталікі на паверхні пры значным марозе і тумане. Шэрань скавала апошняе лісце. 2. Змрок, цемра (рус. мрак, сумрак). 3. Шэрая афарбоўка, шэрасць (рус. серость).

Шэрасць (рус. серость). Колер попелу, бледнасць з адценкам шэрага (пра твар чалавека). Дрэннае адчуванне кладзецца шэрасцю на твар.

БелізнА (рус. белизна). Яркі, чысты белы колер. Заснежаны прастор калоў вочы белізною.

БялІзна (рус. бельё). Нацельнае адзенне, вырабы для бытавых патрэб з тканіны пераважана светлага колеру. Бялізна была танюсенькая і амаль бязважкая.

Пералесак (рус. перелесок). Невялікі або рэдкі ці малады лес, аддзелены полем. Да грыбнога перлеску рукой падаць цераз поле.

Пралеска (рус. пролеска). Травяністая расліна з сіне-фіялетавымі кветкамі, зацвітае пасля раставання снегу. Пралескі расплюшчылі блакітныя вочкі.

Захапленне (рус. восторг, восхищение). Незвычайны ўздым пачуццяў, усхваляванасць, запал, натхненне, павышаны інтарэс, улюбёнасць. Дзіцячаму захапленню канца і краю не было.

Захоп (рус. захват). Дзеянне паводле дзеяслова захопліваць (захапіць) — узяць, схапіць. Захоп зямель адбываўся мэтанакіравана.

Забава (рус. забава, развлечение, потеха). Гульня, пацеха. У поле выйшлі не дзеля забавы.

Забаўка (рус. забава, развлечение, потеха). 1. Тое, што і забава. 2. Цацка (рус. игрушка, игра).

Бурачковы (рус. малиновый, лиловато-красный). Падобны колерам на чырвоны бурак. Толькі бурачковага колеру шчокі выдавалі сорам.

Бурачны (рус. свекольный). 1. Які мае адносіны да буракоў, прыгатаваны з буракоў. 2. Колеру чырвоных буракоў, лілова-малінавы (рус. лиловато-малиновый). 3. Які мае адносіны да цукровых буракоў (рус. свекловичный).

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 271 раз Печать