Верны сябар дзяцей - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Наше видео

Среда, 19 Апреля 2017 08:46

Верны сябар дзяцей

Вельмі добра, што ў бела­рускіх дзяцей ёсць дужа верны, надзейны, мудры сябар. Імя яму — “Вясёлка”.

Звяр­ніце ўвагу на цудоўныя адметнас­ці. Літаратурная “Вясёлка” для юных чытачоў з’явілася вясною, у красавіку 1957 года. Дык жа і пры­родная вясёлка-падкоўка ўпрыгожвае неба, пачынаючы з вясны. У назве часопіса — сем літар, а ў нябеснай вясёлкі — сем колераў. А ў часопіснай “Вясёлцы” я налічыў шэсцьдзесят адметных ко­лераў. Яна вясёлая і прывабная, добрая і ўсмешлівая, спагадная і ласкавая, мудрая і павучальная, цікавая і загадкавая, жаданая і кра­самоўная…

Прыемна, што “Вясёлку” ахвот­на чытаюць ужо некалькі пакален­няў беларусаў. Той, хто трымаў у руках самыя першыя нумары на­шага дзіцячага выдання, цяпер ужо мае статус дзядулі ды бабулі. Чы­тае часопіс са сваімі ўнукамі, а то і праўнукамі. І як бы не мяняўся час, “Вясёлка” застаецца запатраба­ванай. Чаму? Ды таму, што нязмен­на трымаецца сваіх трох вяршынь творчасці: вучыць Дзяцей любіць сваю Айчыну, нястомна далучае чы­тачоў да роднай мовы і культуры, тактоўна падказвае, як трэба шана­ваць людзей, якія вядуць іх за руч­ку ў вялікае жыццё.

З “Вясёлкай” сябруюць не толь­кі юныя чытачы, а і найлепшыя пісьменнікі, мастакі, кампазітары. Вось чаму кожны яе нумар, а іх ужо ўбачылі свет 720, уяўляецца і своеасаблівай чытанкай, і дапамож­ніках ва ўсіх жыццёвых праявах, і дасціпным выхавацелем, на­стаўнікам. Добры пачатак вясёлка­вай школы зрабілі ў свой час та­ленавітыя пісьменнікі Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Алесь Паль­чэўскі, Артур Вольскі, Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў. Вітаў на­раджэнне “Вясёлкі” сам Янка Маўр, класік дзіцячай літаратуры.

Мы маем права парадавацца, што апошнім часам “Вясёлка” змаг­ла прапанаваць сваім патрабаваль­ным чытачам такія творчыя праек­ты, як “Свет Вялікага тэатра”, “Скарбы Нясвіжскага замка”, “На­родны календар”, “Сямейнае чытан­не”, “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” (пра Закон аб правах дзіцяці), “Гро­шык і таямнічы кошык” (пра фінан­савую азбуку для дзяцей). Гэтыя ды іншыя творчыя здабыткі рэдак­цыі ляглі ў аснову статомнай бібліятэкі “Вясёлкі”.

З “Вясёлкай” супрацоўнічаюць вядомыя і маладыя мастакі, май­стры пэндзаляў Віталь Дударэнка, Кацярына Білан, Аксана Аракчэева, Яна Войцік, Лізавета Емяльянава, Кацярына Горыд, Юлія Панкова…

Самай знакавай падзеяй у на­шым жыцці за апошнія пяць гадоў стала выданне новага часопіса для дашкольнікаў “Буся”. Яго мы вы­пускаем творчымі і фінансавымі на­маганнямі самой “Вясёлкі”. Спадзяемся, што наш “Буся” стане за­патрабаваным для ўсіх дзедсадаў­цаў Беларусі, якіх у нашай краіне паўмільёна.

У юбілейным зборніку “Вясёл­ка”, які падрыхтавала выдавецтва “Мастацкая літаратура”, прадстаўле­ны і аўтары, і іх творы, якія цешылі нашых чытачоў апошнія пяць гадоў. Нязменным застаецца жаданне вясёлкаўцаў, каб паштальён прыносіў “Вясёлку” і “Бусю” ў кож­ную сям’ю, дзе ёсць нашы чытачы.

Уладзімір ЛІПСКІ, галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка”, “Буся”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2574 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Слепая лошадь — зрячая судьба Чтобы память жила