Электронная подписка на газету Наш час

Наше видео

Пятница, 25 Декабря 2020 14:18

Поснага смаку шчодры пах

Автор

Ой, калядачкі, бліны-ладачкі… Не ідуць з галавы ў апошнія перадсвяточныя дні радкі вядомай беларускай песні. З усмешкай прыгадваю падрыхтоўку да Каляд у дзяцінстве. Пакуль справа дойдзе да блінцоў, можна сысціся сліною. Эх, апынуцца б сёння на куццю ў далёкім дзяцінстве, у роднай вёсцы ды побач з бацькамі. Цёплыя, смачныя, духмяныя ўспаміны. Дазвольце некалькі шчодрых слоў аб посным і не толькі…

Перш-наперш у памяці ўсплывае самы нелюбімы дзень. Калі парсюк, адкормлены да Каляд, чакаў свайго часу стаць святочнай свежыной. Сёння забіць кабана было б праблематычна — вунь, цеплыня якая. Дзеля гэтай справы мароз патрэбен ды снег, пажадана. Свежыну патрэбна было перапрацаваць за два-тры дні. Колькі таго халадзільніка (шматкамерных маразільнікаў на той час не было). Вось і стыла прыкрытае посцілкаю мяса ды сала ў хлеўчыку на марозе. Пакуль мужчыны, намёрзшыся ля тушы, прапускалі ў цёплай хаце па чарцы ды закусвалі свежа спечанай скваркай з кіслым гурочкам, жанчыны рыхтаваліся да самай адказнай работы. Уся свежына, калі з яе “сыходзіў дух”, перапрацоўвалася ўручную. Аб тым, якая гэта была нялёгкая работа, яшчэ добры тыдзень нагадвалі здзервянелыя ад нажа пальцы. Тапіўся тлушч, круціліся каўбасы, заліваўся сальцісон, запраўлялася тушонка, саліліся сала ды косці, марынаваліся палядвіцы. За тыдзень да Каляд у хаце пасяляўся перадсвяточны пах майго дзяцінства. Не-не, не мандарынавы! Дробна пакрышаны часнок, чорны перац молаты і гарошкам, дроблены лаўровы ліст і молатая каляндра… Ох, і спакушала неймаверным пахам гэтая сумесь, расплываючыся па хаце ад развешаных каўбас ды паляндвіц, што сохлі над газавай плітою. Але ж — ні-ні ў апошні посны тыдзень…

З усіх дзіцячых сіл чакалася тая Каляда, каб, нарэшце, паспрабаваць загадзя прыгатаваныя прысмакі. Але напярэдадні вечарам на стол ня­зменна ставіліся выключна посныя стравы. Пакуль мы, дзеці, упрыгожвалі ёлку, бацька расчышчаў дарожкі ад снегу, маці завіхалася на кухні. Посныя стравы спакушалі апетыт задоўга да першай зоркі. Куцця з мёдам “падмігвала” чорнымі вочкамі макавага зерня. Аўсяны кісель, паплыўшы берагамі, “прасіўся” з цёплай хаты на холад. Селядзец “купаючыся” ў сланечнікавым алеі, “хаваўся” пад кольцы слязлівай цыбулі. З салатніка ледзь “не выскоквалі” з восені насушаныя, а з вечара адвараныя грыбкі. Хрусткія гуркі ды сакавітыя памідоры “выціскалі” адзін аднаго з глыбокай талеркі. На пліце, незадаволена “буркаючы” пад нос, даварвалася бульба. У адной місе пад накрыўкай бакамі “штурхаліся” цесна складзеныя, перасыпаныя смажанай цыбуляй, гарачыя “вушкі” — посныя варэнікі з грыбамі; у другой — гэтак сама “туліліся” адзін да аднаго перасыпаныя цукрам варэнікі з чарніцамі. На скварадзе на дражджах і на вачах падрасталі румяныя блінцы. У кубачках “дрыжаў” ад нецярпення быць выпітым ягадны кісель. Са слоікаў “прасіліся” на стол нарыхтаваныя з летняга ўраджаю салаты з агародніны. Толькі хлеб спакойна, разважліва і сціпла “туліўся” ля кожнай талеркі шчодра адрэзаным кавалачкам. У калядны вечар традыцыйна на стале павінна было быць дванаццаць страў. Не ўлічвалі толькі аплатку, з якой, перахрысціўшыся, нязменна пачыналі посную вячэру.

На ноч маці прыбірала са стала. Але не ўсё. Заўсёды пакідалі некалькі страў. Гэта “дзядам”, якія “зазірнуўшы” на агеньчык у святочную ноч, маглі пачаставацца. У дзяцінстве мяне гэтая традыцыя насцярожвала. Баялася, што, прачнуўшыся сярод ночы, каб папіць вады, магу сустрэць на кухні памерлага родзіча. Прыходзілася трываць да раніцы. Між іншым, нават цяпер, дарослую ўжо жанчыну, мяне не пакідае лёгкае хваляванне, калі бачу пакінутыя на стале ў калядную ноч стравы. Не з’е­дзеная з вечара куцця раніцай аддавалася курам, каб добра неслі яйкі.

А ў хату прыходзілі шчодрыя Каляды. З тымі самымі “пад пахай” каўбасамі ды паляндвіцай, якія больш за тыдзень спакушалі “букетам” часнаку, чорнага перцу, лаўровага ліста ды каляндры. На змену посным стравам на шчодры стол ставіліся загадзя прыгатаваныя прысмакі. Гарачым духам і неймаверным пахам запаўнялі хату, змяняючы ­адзін аднаго на стале, духмяныя катлеты, залацістыя адбіўныя, у капусным лісце галубцы ды засквараныя бульбяныя клёцкі. Шчодры селядзец, у адрозненне ад поснага, ганарыста “прыбіраўся” ў шубу з сакавітага бурака, салодзенькай морквы, бульбы ў “мундзірах”. Пыхліва і з рэўнасцю паглядаў на яго шчодра прыпраўлены дамашнім маянэзам “аліўе”, быццам “пакрыўджаны” на прымітыўную мянушку — “гарошак”. У талерцы “штурхаліся” залішне нарэзаныя, тыя самыя, такія жаданыя яшчэ тыдзень назад, а сёння страціўшыя цікавасць, — духмяныя пальцам піханая каўбаска ды цёмна-чырвоная паляндвіца. І толькі хлеб, спакойны і разважлівы, як і напаярэдадні вечарам, сціпла “туліўся” ля кожнай талеркі шчодра адрэзаным кавалкам. Паглядаў з годнасцю і, быццам ціха пасмейваўся з далікатэсаў: “Чаго вы вартыя без мяне, шаноўныя прысмакі?” Мне ж чамусьці, нягледзячы на шчодрасць святочных страў, самымі смачнымі назаўтра ўсё роўна былі ўчарашнія, пагрэтыя на сквара­дзе посныя “вушкі” з грыбамі. Такі сабе з мяне гурман…

А якая смаката падавалася на дэсерт, вы сабе не ўяўляеце! Кансерваваныя ягады ды садавіна з кампотаў. Адкрые маці слоік — і салодкі сакавіты водар лета перабіваў тлусты даўкі пах мясных далікатэсаў. Гэта сёння мы ласуемся мандарынамі круглы год. І нават нягледзячы на гэта, па-сапраўднаму імі пахне толькі Новы год, праўда? Можам выбіраць: мараканскія ці з Абхазіі; сонечна-аранжавыя ці лімонна-жоўтыя; салодкія або з кіслінкай: з костачкай і без; дробныя і буйныя; лёгка чысціцца скурка ці абы-што… Мае дзеці не ацэняць яблычак ці грушку, вішню ці сунічку, агрэст ці парэчкі, малінку ці нават “экзатычную” абрыкосіну, вылаўленыя з трохлітровага слоіка салодзенькага кампоту на зіму. А для мяне і сёння гэтыя дэсерты — неймаверная смаката!

Ведаеце, шкадую таго часу. Па асвежаваным кабанчыку, вядома, тугі няма. Сёння каўбаску, паляндвічку, сальцісончык, салат, адбіўную, катлету — літаральна ўсё можна ку­піць. Ад прыгатаваных па-дамашняму не адрозніш. Сучасным гаспадыням — палёгка неверагодная. Адчуванне дзіўнае толькі: Каляды, здаецца, тыя ж, а пахнуць і смакуюць зусім не так. Інакш. З якога боку не пакаштуеш. Па-сучаснаму, ці што?.. Не разабрала пакуль. Маладая яшчэ (жартую).

Сучаснае ці даўнішняе… Якое б ні было. Абы толькі паўтаралася штогод. Спыніць бы час. Як на фотаздымку. Вось я з дзецьмі прыбіраю ёлку ў бацькоўскай хаце. Мама пячэ бліны ды варыць кісель. Бацька, расчысціўшы дарожкі ад снегу, падбівае яе дзеля сугрэву дазволіць-такі “сагра­шыць” чарачкай у святы вечар. Ведаеце, у такія моманты нават самыя посныя стравы маюць самы шчодры пах і смак. Так пахне і смакуе Радзіма. Не, зусім не стравы ператвараюць нашы будныя дні ў святочныя. Гэты цуд ствараюць людзі. Родныя людзі. Побач з якімі можна проста моўчкі ласавацца мандарынамі. Няхай сабе кіслымі і з костачкай. Усё роўна будзе духмяна і смачна. І пяшчотна. Таму што мама мне, ужо дарослай, абавязкова пакладзе на далонь …пачышчаны ад скуркі мандарын.

Наталля ГРЫБ

Прочитано 293 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Три года — как три дня Последний день уходящего года