Найперш, гэта радзіма велічных постацяў. Фёдар Дастаеўскі, Ян Пратасовіч, Напалеон Орда. Пратасовіч і Орда нарадзіліся на гэтай зямлі (першы — у вёсцы Магільна, якая даўно злілася з горадам Іванава, а другі — у Варацэвічах, за 15 кіламетраў ад райцэнтра). Для Дастаеўскага ж Іванаўшчына з’яўляецца прарадзімай — тут жылі яго далёкія продкі. Акрамя таго, вёсцы Дастоева вялікі рускі пісьменнік і гуманіст абавязаны сваім прозвішчам.
Ян Пратасовіч — aўтар шасці паэтычных кніг, выдадзеных у Вільні ў канцы XVI — пачатку XVII ст. На жаль, цяпер імя паэта ў Белаpyci вядома хіба толькі спецыялістам ды захавальнікам спадчыны. Як сведчаць творы Пратасовіча, ён быў чалавекам адукаваным, ведаў латынь, грэчаскую і заходнееўрапейскія мовы, а творы свае пісаў па-польску. Атрымаў адукацыю ў адным з заходнееўрапейскіх універсітэтаў дзякуючы падтрымцы багатых мецэнатаў (магчыма, Радзівілаў). Засвоіўшы гуманістычныя ідэі позняга Адраджэння, Пратасовіч стаў іх перакананым прапагандыстам. У 1570—1580-я гады займаў пасаду віленскага гарадскога суддзі. Мяркуюць, што з канца 1580-х і да сярэдзіны 1590-х гадоў жыў у сваёй вёсцы каля Іванава. Тут былі задуманы i напісаны яго маральна-павучальныя i навуковыя творы, для публікацыі якіх ён прыяз-
джаў «у слаўнае места Віленскае». Пратасовіч быў адным з самых пладавітых паэтаў княства эпохі Рэнесансу. Хоць, насамрэч, аб’ём ягонай друкаванай спадчыны невялікі: каля 120 старонак. Нягледзячы на гэта, творы Пратасовіча занялі вартае месца побач з выданнямі выдатнага беларускага гуманіста Беняша Буднага і таленавітага прапагандыста антычнай літаратуры Яна Казаковіча.
Мастак, музыкант, літаратар, кампазітар і педагог Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў родавым маёнтку Варацэвічы ў сям’і маршалка шляхты Кобрынскага павета, інжынера-фарты-фікатара Міхала Орды. Калі хлопчыку споўнілася два гады, бацька памёр, і маці выхоўвала яго адна. Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Падчас вучобы студэнт стаў членам тайнага таварыства, за што быў выключаны з навучальнай установы і арыштаваны. Праз 15 месяцаў Орда выйшаў на свабоду і вярнуўся ў Варацэвічы пад нагляд паліцыі.
Прымаў удзел у паўстанні 1831 года. Пад чужым прозвішчам ён уцёк у Парыж і атрымаў статус эмігранта. Тут Орда стаў сябрам Адаму Міцкевічу, пазнаёміўся з Тургеневым, Бальзакам, Стэндалем, у Шапэна браў урокі ігры на фартэпіяна, вучыўся маляваць у студыі майстра архітэктурнага пейзажа П’ера Жэрара. У 1856 г., калі Аляксандр II аб’явіў амністыю эмігрантам, 49-гадовы Напалеон Орда вярнуўся на радзіму. Потым пераехаў у Валынь, дзе працаваў хатнім настаўнікам.
У вольныя ад працы месяцы Орда шмат падарожнічае па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. У час сваіх вандровак робіць замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Вынікам гэтых вандраванняў з’явіўся багаты збор мастацкіх твораў — гэта больш за 1150 малюнкаў, з якіх каля 200 прысвечаны менавіта Беларусі.
Памёр Напалеон Орда ў 76 гадоў у Варшаве. Згодна з завяшчаннем пахаваны ў Янаве ў фамільным склепе. У Іванаве ўстаноўлены помнік славутаму земляку.
Сучаснікі багата прымножылі літаратурную славу Іванава. Імёны празаікаў, паэтаў, пісьменнікаў-дакументалістаў Анатоля Крэйдзіча, Аляксея Каўко, Міколы Федзюковіча, Міколы Панасюка, Міколы Трафімчука, Валерыя Кухарчука, Васіля Жушмы атрымалі шырокую вядомасць у краіне і за яе межамі.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.