Версия для печати
Среда, 02 Сентября 2020 14:42

Свята беларускага пісьменства

5-6 верасня ў Бялынічах Магілёўскай вобласці адбудзецца свята беларускага пісьменства. Тут збяруцца прыхільнікі кнігі — літаратары і выдаўцы, распаўсюджвальнікі кніг і перыёдыкі, друкары, стваральнікі газетна-часопіснай прадукцыі. Збяруцца, каб паказаць свае творы, прадставіць напрацоўкі за цэлы год, паразмаўляць пра дасягненні. І, вядома ж, як на свяце, у гэтыя дні будуць гучаць вершы і песні, ладзіцца шматлікія забавы, дзейнічаць выставы кніжнай і газетнай прадукцыі.

Да свята ў Бялынічах і ўвогуле ў нашай краіне доўга рыхтаваліся пад кіраўніцтвам мясцовых улад, Міністэрства інфармацыі і арганізацыйнага камітэта. У горадзе адноўлены многія аб’екты, прыведзены ў парадак вуліцы і скверы. Вядома ж, да прыезду гасцей заўседы стараюцца добра прыбрацца. Бо хтосьці быў у Бялынічах раней, а хтосьці прыедзе сюды ўпершыню, і патрэбна, как паехаў адсюль у добрым настроі і напоўнены новымі ўражаннямі і новым творчым натхненнем. Вось гэта бялынічане і абяцаюць.

Напрыклад, тут будзе праведзены Міжнародны круглы стол, у якім, як мяркуецца, прымуць удзел творчыя людзі з нашай краіны, а таксама Расіі, Літвы і Латвіі, Украіны і Азербайджана, Сербіі, Казахстана і іншых краін. Сярод раду тэм, якія яны будуць абмяркоўваць, адной з галоўных стане важная для ўсіх тэма ўздзея­ння слова на свядомасць людзей. Да гэтага круглага стала і абмеркавання далучацца і творчыя людзі Прынёмання.

Пра тое, што зроблена да свята, расказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Шмат аб’ектаў, будынкаў, збудаванняў набылі новае жыццё. Вельмі ўдала зрабілі з кінатэатра “Зорка”, які да нядаўняга часу быў недазагружаны, медыяцэнтр для сямейнага адпачынку. Цяпер гэта дзве бібліятэкі — дарослая і дзіцячая, а таксама 3D кіназала, якая можа выкарыстоўвацца для розных, у тым ліку сямейных, мерапрыемстваў.

На Дзень пісьменства ў гэтай кіназале будзе прадстаўлены монаспектакль Магілёўскага абласнога тэатра лялек “Сіняя-Сіняя” — па аднайменным апавяданні Уладзіміра Караткевіча, 90-гадовы юбілей якога мы сёлета адзначаем. Тут жа адбудуцца паказы мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў, будуць працаваць выставы, прысвечаныя творчасці і жыццёваму шляху Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Кузьмы Чорнага (сёлета мы адзначым яго 130-гадовы юбілей) і іншых пісьменнікаў.

Захаваць для нашчадкаў гістарычную памяць павінен Анёл з іконай Бялыніцкай Божай Маці, узведзены перад медыяцэнтрам. Існуе легенда, што з гэтай іконы, якую прывезлі сюды кіеўскія манахі, звязана з’яўленне Бялыніч. Анёл зроблены з шэрага ўкраінскага граніту, а абраз, які трымае анёл, — з металу.

Нарэшце ўбачаць бялынічане і кавалачак цудам захаванай іх гісторыі — фрэску XVII стагоддзя “Нясенне крыжа” — са знішчанага ў савецкі час кармеліцкага манастыра. Яна зманціравана ў асобнай зале “Духоўнасць”.

— Сюжэт мае вялікі сэнс — нясенне крыжа. Гэта датычыцца і ўсіх нас, бо ніхто іншы наш крыж не панясе, гэта павінны рабіць толькі мы самі, — сказаў Валерый Малашка.

Гасцям свята будзе прадастаўлена магчымасць удзелу ў круглым стале разам з замежнымі літаратарамі, фестывалі кнігі і прэсы, навукова-практычнай канферэнцыі “Бялыніцкія чытанні” і іншых мерапрыемствах і конкурсах. На Ільінскай гары, адкуль у старажытнасці пачыналіся Бялынічы, адбу­дзецца асвячэнне капліцы.

Служба iнфармацыi "НЧ"

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 892 раз