Мерапрыемства адбывалася ў ветэранскім пакоі, дзе прысутнічала тры пакаленні: людзі старэйшага ўзросту, працаўнікі прадпрыемства і моладзь. Яшчэ на гэтую сустрэчу былі запрошаны воіны-інтэрнацыяналісты: Іван Іванавіч Ксянжук і Пётр Іванавіч Шэўчык. Моладзь змагла звярнуцца са сваімі пытаннямі да непасрэдных удзельнікаў, каб больш даведацца пра падзеі вайны ў Афганістане. Таксама з цікавасцю вучні слухалі расказ Галіны Іосіфаўны Буч, чалавека з вялікім жыццёвым вопытам, бо яе муж у той час быў ваенным, а яна разам з ім пабывала ў многіх “гарачых кропках”. Яе пажаданні для моладзі надоўга застануцца ў памяці.
Потым вядучая Алена Казіміраўна Блажыеўская са слязамі на вачах прачытала напісаны ёю верш, які прысвяціла свайму вучню Аляксею Красько. Аляксей загінуў на гэтай вайне, а памяць аб ім застаецца ў сэрцы настаўніцы.
А далей пакой напоўніўся голасам Уладзіміра Лавіка, саліста народнага хору, які цудоўна выканаў песню “Афіцэры”. Каб зрабіць свята яшчэ цікавейшым, да яго далучылася і загадчыца клуба Алена Казіміраўна Шарабарава-Варчык. Яна не толькі выканала песню “Памяць”, але і цікава расказала вучням пра свайго брата, які таксама служыў у Афгане. Заваражыў сваім новым творам пра вайну “Мужнасць салдат” і Раман Няхаеў. А Ігар Прэдка, старшыня культмасавай камісіі, дадаў цяпла сваёй душы ў радкі верша К. Сіманава “Ты помнишь, Алёша?”. А паколькі гэта быў святочны дзень, то больш увагі было ўдзелена моцнай палове — мужчынам і вучням-хлопцам. Шмат цёплых слоў, віншаванняў гучала ў іх адрас, а яны ўсе актыўна ўдзельнічалі ў розных конкурсах. Асабліва сустрэча стала карыснай для хлопчыкаў — будучым абаронцам Радзімы.
І атмасфера, і размова, і музычныя падарункі, і ласункі — гэта ўсё часцінкі цеплыні чалавечых сэрцаў. Таму і любяць вучні наведваць гэты пакой, дзе вее гісторыяй і цяплом. Здароўя вам усім без лекаў і доўгага, доўгага веку! Мы рады будзем і далей вучыцца разам з вамі дабрыні, мужнасці і любові да сваёй сінявокай Радзімы.
Алена ЦЕЛЕШ, в. а. класнага кіраўніка.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.