Вучні пятых класаў СШ г. п. Краснасельскі разам са сваімі класнымі кіраўнікамі распачалі дзіцячую ініцыятыву «Беларусь ад А да Я» - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 05 Декабря 2018 10:42

Вучні пятых класаў СШ г. п. Краснасельскі разам са сваімі класнымі кіраўнікамі распачалі дзіцячую ініцыятыву «Беларусь ад А да Я»

Ні для каго не сакрэт, што дзеці, а вельмі часта і мы, дарослыя, адчуваем дэфіцыт ведаў пра сваю сям’ю, сваю краіну, яе гістарычнае мінулае. Мы мала цікавімся культурай Беларусі, мала падарожнічаем па родным краі. Таму ў гэтым навучальным годзе вучні пятых класаў СШ г. п. Краснасельскі разам са сваімі класнымі кіраўнікамі распачалі дзіцячую ініцыятыву “Беларусь ад А да Я”. Пра гэта сёння апавядае педагог Таццяна Віктараўна Данешчык.

— Асноўны прынцып ініцыятывы: ад непасрэдных уражанняў і эмоцый, якія фарміруюць пачуццё гонару за дасягненні сваёй сям’і, малой радзімы, роднага краю да сістэматызаваных ведаў па гісторыі, геаграфіі, літаратуры, культуры Беларусі.

Наша ініцыятыва “Беларусь ад А да Я” — гэта віртуальнае і рэальнае падарожжа па родным краі, наведванне цікавых і памятных месцаў, му­зеяў, гэта інтэлектуальныя гульні, сустрэчы з сябрамі, абмен думкамі, спаборніцтвы, дыспуты... Адным словам, кожны з удзельнікаў ініцыятывы пастараецца вывучыць Беларусь ад А да Я.

Рэалізацыя ініцыятывы пачалася з вывучэння сваёй малой радзімы — гарадскога пасёлка Краснасельскі. Мы наведалі крэмніевыя шахты і даведаліся, што даўным-даўно ў эпоху неаліту тут першабытныя продкі здабывалі крэмній — каштоўную пароду для вытворчасці прылад працы. Сёння Краснасельскія крэмніевыя шахты з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.

А зусім нядаўна мы пабывалі на экскурсіі ў Мінску. Не першы раз наведваем Мінск, але кожны раз адкрываем для сябе нешта новае і кожны раз здзіўляемся па-новаму. Гэтая экскурсія не стала выключэннем.

Спачатку пабывалі на гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Мы тут упершыню, таму эмоцыі і ўражанні шчырыя і непадробныя. Дзеці і дарослыя былі здзіўлены грандыёзнасцю абарончых умацаванняў, кожнаму хацелася дакрануцца да грозных танкаў, сфатаграфавацца на фоне ваеннай тэхнікі, пабываць у кулямётным доце. Безумоўна, большасць з нас не запомніла даты і назвы розных ваенных аперацый, але кожны з прысутных зразумеў, што “Лінія Сталіна” — гэта сімвал мужнасці і стойкасці, гераічнай барацьбы нашага народа супраць фашысцкай навалы.

Не паспелі мы падзяліцца сваімі ўражаннямі, як аўтобус спыніўся каля Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ужо сама пабудова ўразіла нас сваёй велічнасцю і магутнасцю. Мы пабывалі ў 11 залах, у якіх прадстаўлена даваеннае, ваеннае і пасляваеннае жыццё краіны. З захапленнем слухалі пра партызанскі рух, пра подзвігі простых салдат, а сама экспазіцыя давала магчымасць перанесціся ў тыя жахлівыя і гераічныя часы, пабываць у лесе сярод партызан. Многія экспанаты нават прымушалі сціскацца сэрца ад жалю, болю і страху. Вось калодзеж, у якім патапілі дзяцей, а вось краты, за якімі знаходзіліся палонныя, а вось прылады, якімі катавалі нявінных людзей…

Потым яшчэ была Нацыянальная бібліятэка, з пляцоўкі якой адкрылася амаль уся наша сталіца. Стоячы там, хацелася крыкнуць: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”.

Мы толькі пачалі рэалізацыю сваёй ініцыятывы і планіруем, што ў канцы навучальнага года падрыхтуем ілюстраваную азбуку, якая так і будзе называцца “Беларусь ад А да Я”, дзе на кожную літару будзе прадстаўлены той ці іншы гістарычны або культурны аб’ект ці знакаміты чалавек нашай краіны.

Трэба толькі прыгледзецца да нашай радзімы больш пільна, і мы ўбачым, што прырода тут самая прыгожая, лю­дзі тут самыя гасцінныя, а славутасці — унікальныя.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2605 раз Печать