Стать пераможцам - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 02 Октября 2015 00:00

Стать пераможцам

Каму сёння, у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, цікавыя старыя добрыя шашкі? Думаецца, сама пастаноўка пытання здзівіла б юных аматараў шашак, якія наведваюць Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, бо ім пашчасціла сустрэцца з педагогам, які выхаваў 12 кандыдатаў у майстры спорту, трох майстроў спорту і нават чэмпіёна свету і чэмпіёна Еўропы па шашках.

Аляксандр Якаўлевіч Андрыанаў — педагог з вялікім стажам і дастаткова вядомы ў горадзе чалавек. Ён шмат гадоў захапляецца шашкамі, таму разумее, што асноўная задача ў самым пачатку паказаць дзецям прыгажосць гульні, цікавасць пошуку рашэння. Нямала дзяцей займаюцца шашкамі таму, што ім блізкі сам дух спаборніцтва. Менавіта з тых, каму цікава памерыцца сіламі, хто імкнецца перамагаць, потым і нараджаюцца моцныя гульцы.

Не сакрэт, што маладое пакаленне сёння захапляецца рознымі электроннымі гаджэтамі. Аляксандр Якаўлевіч стараецца выкарыстоўваць гэтую цікавасць у карысным ключы, прапаноўваючы вучням праграмы, якія дапамагаюць удасканальваць майстэрства ў шашках. Вучні разам з педагогам актыўна карыстаюцца сайтам, дзе кожны мае магчымасць гуляць з сапернікам у рэжыме анлайн.

Як вядома, шашкі і шахматы развіваюць лагічнае мысленне, дысцыплінуюць, паколькі патрабуюць уседлівасці і цярпення. Аляксандр Якаўлевіч адзначае, што ён не першы год назірае сувязь паміж заняткамі шашкамі і развіццём здольнасцей сваіх выхаванцаў у дакладных навуках.

Самы вядомы вучань Аляксандра Якаўлевіча — Ігар Міхальчанка. Сёння ён двухразовы чэмпіён свету ў маланкавых шашках і чэмпіён Еўропы ў асноўнай праграме. Педагог нярэдка ўспамінае, як у свой час набіраў трэцякласнікаў. Тады ў аб’яднанне завітала адразу палова класа, але, як заўсёды, засталіся далёка не ўсе, сярод іх двое — Ігар Міхальчанка і яго аднакласніца Людміла Журбіцкая, якая пазней стала чэмпіёнкай Беларусі па шашках.

— Такіх, як Ігар, за ўсё трэнерскае жыццё можа і не быць, — прызнаецца педагог. — Мне пашанцавала знайсці такога вучня. У Ігара выдатная памяць і проста ўнікальная хуткасць мыслення, высокая працаздольнасць. Ён і цяпер шмат гадзін праводзіць за дошкай — без гэтага нікуды. Ён прафесійны спартсмен.

Дарэчы, зараз Ігар працуе трэнерам у Ваўкавыскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, побач са сваім настаўнікам. Цяпер аўтарытэт вучня ў многім працуе і на аўтарытэт трэнера. Бацькі, прыводзячы сваіх дзяцей у цэнтр, абавязкова ўдакладняюць, хто будзе весці заняткі. Калі чуюць, што Андрыанаў, лічыце, рашэнне прынята.

Самым важным этапам у падрыхтоўцы спартсменаў Аляксандр Якаўлевіч называе спаборніцтвы. У мінулым годзе яшчэ адзін яго вучань Аляксей Валюк зрабіў свой першы крок на міжнародным узроўні, прыняўшы ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па шашках, а ў гэтым годзе ён пацвердзіў званне кандыдата ў майстры спорту.

Сёлета высокія паказчыкі і добрасумленная праца Аляксандра Якаўлевіча Андрыанава адзначана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3168 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Лёс і сэнс жыцця Радость встречи