Воскресенье, 29 Октября 2017 00:00

Падарожжы па коласаўскіх мясцінах…

Автор
Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы — бедны чалавек.

Набліжаюцца 135-я ўгодкі з дня наражэння слын­нага дзядзькі Якуба. У вольны час можна здзейсніць вандроўкі па коласаўскіх мясцінах. А іх у сінявокай Беларусі шмат.

Малая радзіма Якуба Ко­ласа (Канстанціна Міхайлаві­ча Міцкевіча) — засценак Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы). Неўзабаве пасля наражэння Костуся (так звалі Канстанціна дома), сям’я пе­раехала ва ўрочышча Ласток (або Сухошчына), потым, у 1890—1904 гг., Міцкевічы жылі ў леснічоўцы Альбуць паблі­зу Мікалаеўшчыны. Хлопчык надзвычай любіў слухаць бе­ларускія песні, якія спявала маці. Вялікі аўтарытэт меў у падлетка дзядзька па бацьку Антось, які першы абудзіў цікавасць да літаратуры.

Юнак скончыў 2-гадовае Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча. Затым тры гады жыў у Альбуці, дапамагаў на гаспадарцы бацькам. У 1898 г. паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пасля заканчэння яе ў 1902 г. працаваў настаўнікам на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Адметна, што педагог Колас зрабіў этнаграфічныя і фальклорныя запісы мілагучнага Палесся. У 1905 г. ён склаў петыцыю пінкавіцкіх сялян з патрабаваннямі да памешчыка Зыгмунта Скірмунта, за гэта на пачатку 1906 г. быў пераведзены з Пінкавіч на працу ў Верхменскае народнае вучылішча (ця­пер Смалявіцкі раён). Актыўна ўдзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з’ездзе (9—10.07.1906 г.) у Мікалаеўшчыне. Яму забаранілі настаўнічаць.

Зімою 1906—1907 гг. Я. Колас жыў у родных у леснічоўцы Смалярня, дзе без адпаведнага дазволу адкрыў прыватную школу. У студзені—красавіку 1908 г. працаваў у прыватнай беларускамоўнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён). Неўзабаве быў арыштаваны і 15.09.1908 г. асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрогу. Пасля вызвалення ён без дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у Лунінцы, у 1912 г. атрымаў пасведчанне пра дабранадзейнасць і да 1914 г. афіцыйна працаваў на­стаўнікам у Купяцічах паблізу Пінска, а затым у Пінскім 3-м прыходскім вучылішчы. У чэрвені 1913 г. ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. А ў жніўні 1912 г. на леснічоўцы Смольня, паблізу Мікалаеўшчыны, Я. Колас пазнаёміўся з Янкам Купалам, пачалося іх сяброўства.

Падчас Першай сусветнай вайны Колас служыў у Пер­мі, ваяваў на Румынскім фронце. У 1921 г. Я. Колас быў выкліканы ўрадам БССР у Мінск. Працаваў выкладчыкам у педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універ­сітэце, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх курсах. У Вялікую Айчынную жыў у Клязьме паблізу Масквы, Ташкенце, Ма­скве. У канцы 1944 г. вярнуўся ў Мінск.

Памёр 13 жніўня 1956 г. за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках. Яго імя было нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН, Нацыянальнаму драматычнаму тэатру ў Віцебску, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН, многім іншым бібліятэкам Беларусі. Яго імем названы Нацыяналь­ны гуманітарны ліцэй і Нясвіжскі каледж. Імя Я. Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі. Помнікі Коласу пастаўлены ў Мінску (на плошчы, названай у яго гонар), у вёсцы Мікалаеўшчына, Навагрудку, у вёсцы Плоскае Талачынскага раёна. Бюст пісьменніка ўсталяваны ў Нясвіжы.

Бываючы ў сталіцы, трэба абавязкова наведаць Літара­турна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў доме, у якім пісьменнік жыў апошнія гады. Музей мае філію, якая ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня. Цікава, што Альбуць апісана ў паэме “Новая зямля” пад назвай “Парэчча”). На сядзібе Смольня растуць ліпы, пасаджаныя Коласам у 1911 г.

22 верасня 1972 г. быў створаны Коласаўскі заказнік на Стаўбцоўшчыне, каб зберагчы прыродны комплекс мясцін, звязаных з Коласам. Пісьменнік надзвычай любіў прыроду Беларусі, стварыў безліч лірычных апісанняў. Заказнік уключае тэрыторыю, прылеглую да Смольні, да мемарыяльных сядзіб Альбуць, Ласток, урочышча Бервянец (Дубы) — маляўнічая мясціна, апісаная ў шматлікіх творах. У заказніку адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”, які налі­чвае каля паўсотні драўляных скульптур па матывах твораў.

Літаратурныя музеі былі створаны у шэрагу вясковых школах у родных мясцінах паэта. Нельга забываць, што Якуб Колас — класік не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літара­туры і сучаснай літаратурнай мовы. Той самай, на якой мы, удзячныя нашчадкі, павінны сёння думаць, размаўляць, пісаць. Бо, як пісаў мудры дзядзька Якуб: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Прочитано 2139 раз Печать