Народны ансамбль народнай музыкі і песні «Асалода» быў заснаваны ў 1990 годзе. Роская школа стала першай у раёне школай мастацтваў, у Ваўкавыску на той час была музычная. У гарадскім пасёлку на харэаграфічным аддзяленні займалася шмат дзяцей. Калі для ўдзелу ў конкурсах спатрэбілася жывая музыка ў якасці суправаджэння танцаў дзіцячага харэаграфічнага калектыву “Расінкі”, тады фактычна і ўзнік інструментальны калектыў настаўнікаў. Усе фанаграмы для юных харэографаў былі распісаны “пад сябе” і такім саставам — дзіцячы калектыў “Расінкі” і дарослая інструментальная група настаўнікаў — яны ўпершыню выступілі ў Брэсце.
Спачатку ансамбль называўся “Гасцінец”. Сярод мноства варыянтаў для перайменавання спыніліся на прыгожым беларускім слове “асалода”. Так і ёсць. Граюць музыкі, сапраўды, з асалодай і слухаць іх — таксама асалода.
Пазней да настаўнікаў-інструменталістаў далучыліся настаўнікі-вакалісты: Ларыса Шыпіца, Iрына Кушнярова, Іна Станкевіч, Вера Крупіца, Жанна Мазурчык і яе дачка Аляксандра.
Новае жыццё ў “Асалоду” ўдыхнуў дзіцячы гурт “Рамоначкі”, які толькі пачаў адкрываць для сябе багатую беларускую музычную спадчыну. Зараз яны выступаюць разам з настаўнікамі, пяюць пра родны край, любоў да Бацькаўшчыны. А ўдзельнікі харэаграфічнага калектыву выражаюць гэтыя пачуцці ў пластыцы танцаў.
— У ансамблі мы рэалізуем сабе як музыканты, — гаворыць Святлана Поясава, намеснік дырэктара дзіцячай школы мастацтваў. — Нам прыемна быць разам. Iндывідуальная работа з вучнямі і педагагічная дзейнасць арганізаваны па класах. А дзейнасць у ансамблі яднае нас, мы становімся адзіным цэлым. Ансамбль “Асалода” — гэта любімае хоббі.
Святлана Клаўдзіеўна з’яўляецца аўтарам прыпевак і тэкстаў некаторых песень для ансамбля.
У 2012 годзе калектыў атрымаў званне “народнага”. Зараз яго састаў невялікі, але кожны ўдзельнік у ім каштоўны.
За час існавання ансамбля яго кіраўнікамі былі Галіна Зубрыцкая і Святлана Поясава. Зараз кіруе калектывам Жанна Мазурчык, якая ўпэўнена: калектыў ансамбля яднае любоў да народнай музыкі. Хочацца, каб моладзь ведала свае карані, народную культуру.
Рэпертуар ансамбля складаецца па-рознаму: творы, якия спадабаліся, музыканты раскладваюць на ноты, потым творча пераапрацоўваюць, уносяць сваю інтерпрэтацыю. Некаторыя творы з’яўляюцца ў рэпертуары дзякуючы Яўгену Паўлавічу Логінаву, музыканту і кампазітару. Ён быў пад уражаннем ад юбілейнага канцэрта і адзначыў, што заўсёды з задавальненнем ішоў насустрач жаданням калектыву. Яўген Паўлавіч пахваліў музыкантаў і пажадаў ім вялікай будучыні.
— Настолькі напоўнілі залу асалодай для вачэй, душы і сэрца! Ну, праўда, сакавітае слова “асалода”. Толькі натхнення, цудоўных творчых поспехаў і ўсяго найлепшага! — пажадала калектыву дырэктар Роскага дзіцячага сада Наталля Бучылка.
Павіншавалі з юбілеем калектыў і намеснік старшыні Ваўкавыскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, старшыня Краснасельскага сельскага савета Людміла Дзямешчык, адказны сакратар Ваўкавыскага раённага савета ветеранаў Тамара Луговіч, старшыня савета ветэранаў работнікаў культуры Аляўціна Лапшына, галоўны спецыяліст Ваўкавыскага раённага цэнтра рамёстваў Аксана Талькоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ваўкавыскай ДШМ Анастасія Сінікава, сакратар Краснасельскай школы мастацтваў Ірына Казлоўская, кіраўнік гуртка Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры філіял “Роскі Дом культуры” Iрына Кушнярова.
Людміла Дзямешчык адзначыла, што ў гэтую школу прыязджае кожны год з задавальненнем, душа заўсёды кліча сюды:
— Тут вучаць добраму, светламу. Вучаць любіць творчасць, музыку, нашу родную Беларусь.
Заўсёды кранае душу тое, что робіцца з асалодай.
***
Ансамбль “Асалода” неаднаразова быў удзельнікам прафесійных святаў працаўнікоў прадпрыемстваў горада і раёна, “Дажынак”, шматлікіх конкурсаў і фестываляў, прымаў удзел у телевізійным праекце АНТ «Песні маёй краіны» і “Надзея на сяло” на канале “Беларусь-4”.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.