Праект "Смачна, нацыянальна". «Багатыя шышкі» ад Марыі Бачынскай - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 03 Марта 2022 19:29

Праект "Смачна, нацыянальна". «Багатыя шышкі» ад Марыі Бачынскай

Сёння мы зноў у гасцях у Марыі Бачынскай, жыхаркі аграгарадка Юбілейны, якая стала ўжо пастаяннай удзельніцай нашага праекта «Смачна, нацыянальна». Нагадаем, што гэты кулінарны праект мы рэалізуем разам з Ваўкавыскім цэнтрам культуры і народнай творчасці. Марыя Эдуардаўна ўжо дзялілася з нашымі чытачамі рэцэптамі беларускай кухні, якія беражліва захоўваюцца ў яе сям’і. Кожны раз яна прапануе нешта незвычайнае і незвычайна смачнае. І новая наша сустрэча — не выключэнне.

— Гэтым разам мы будзем з вамі гатаваць «шышкі». Гэта такое салодкае печыва. Раней яго выкарыстоўвалі для аздаблення вясельнага каравая і раздавалі на вяселлі гасцям, — расказ-вае Марыя Эдуардаўна пра сённяшнюю страву. — Калі малады прыязджаў па маладую, каля хаты збіралася ўся вёска, і дзецям заўсёды раздавалі «шышкі», а пасля вяселля — і ўсім гасцям разам з кавалкам каравая. Таму пяклі іх вельмі шмат, па 400-500 штук. Гатавалі загадзя, складвалі ў вялізныя міскі. Бывала, мы з маёй сваячкай Аленай Навіцкай па тры такіх міскі «шышак» пяклі. І не толькі на вяселле, але і на розныя святы гатавалі гэтае печыва, упрыгожвалі ім пірагі і проста так елі. У нашай сям’і і зараз гэта любімы прысмак. Часта гатуем яго на святы, або калі дзеці ў госці прыязджаюць.

Рэцэпт «шышак» вельмі просты. Нам спатрэбіцца восем яек, сахар і мука. Узбіваем яйкі, жаўткі і бялкі разам, паступова ўсыпаючы сахар, прыкладна дзве сталовыя лыжкі.

— Шмат сахару не трэба, бо пасля мы яшчэ будзем пасыпаць нашы «шышкі» цукровай пудрай, — тлумачыць гаспадыня. — Ні кефіру, ні малака, ні дражджэй — нічога больш не трэба. «Шышкі» гатуюцца толькі на яйках — у гэтым увесь сакрэт. Дзякуючы гэтаму, печыва доўга не чарсцвее.

012 (3)

Венчыкам гаспадыня спрытна ўзбівае яйкі ў густую пену і пачынае дабаўляць муку.

— А мукі колькі трэба?

— Дакладна цяжка сказаць, бо залежыць ад таго, якія былі яйкі. Столькі, колькі возьме цеста. Яно павінна быць тугое, каб можна было раскатаць. Мясіць трэба даволі доўга, пакуль цеста не стане аднародным і эластычным. Калі пачне добра адліпаць ад рук, значыць, пара раскатваць. Каб было лягчэй, я дзялю на некалькі частак і кожную раскатваю асобна.

Пасыпаўшы стол мукой, раскатваем цеста і рэжам яго на прастакутнікі прыкладна 8х10 см. Затым з двух процілеглых бакоў робім надрэзы, пакідаючы пасярэдзіне 1 см. І злучаем гэты неразрэзаны ўчастак процілеглымі бакамі ў кальцо. Атрымліваецца такое «кальцо з махрамі».

— А чаму печыва называеца «шышкі»? — пытаюся ў гаспадыні. — Нешта да шышак зусім не падобна…

— А вось зараз будзем жарыць — і стане зразумела, чаму «шышкі», — усміхаецца Марыя Эдуардаўна, дастаючы з шафы патэльню.

012 (2)

«Шышкі» трэба жарыць у фрыцюры — у гарачым алеі. Чакаем, пакуль алей закіпіць, і апускаем у яго «шышкі». Вельмі хутка яны становяцца залацістымі, «махры» павялічваюцца ў памеры і растапырваюцца ў розныя бакі — і печыва сапраўды робіцца подобным да сасновай шышкі, якая ўжо паляжала і раскрылася, высыпаўшы насенне.

— А форма можа быць іншай?

— Я іншай не бачыла. Бывала ячшэ ў печы пяклі «гускі» ў выгля-
дзе кветак або жывёлак. Але там зусім іншае цеста, на вадзе, і печыва іншае атрымліваецца. Яго называлі «гускі», або «простыя шышкі». А тыя, што на яйках, — «багатыя шышкі» называліся. Мяне іх навучыла пячы мая цётка, Ірына Іванаўна Гецольд з Маісеевічаў, наша знакамітая каравайніца. Яна была не проста каравайніцай, а майстрам печанай скульптуры, свае караваі аздабляла фігуркамі з цеста вельмі тонкай работы. А аднойчы на вяселлі ў Мастоўскім раёне яна паспрабавала «шышкі». І так яны ёй спадабаліся, што, вярнуўшыся дадому, увечары адразу ж узялася іх гатаваць. А пасля навучыла і мяне, і іншых жанчын. Яна шмат чаму мяне навучыла: як шыць, як вышываць, як гатаваць. На Вялікдзень, на Каляды жанчыны з нашай сям’і заўсёды разам гатавалі ў нашай хаце, бо ў нас была самая вялікая кухня. Цётка вучыла нас, як рабіць розныя прысмакі, пірагі…

Пакуль мы размаўляем, Марыя Эдуардаўна рыхтуе цукровую пудру, перамолваючы цукар на кавамолцы. Пасыпаем гарачае печыва цукровай пудрай — «шышкі» робяцца, быццам абсыпаныя снегам. А яшчэ па знешняму выгляду мне нагадваюць усім добра вядомы «хвораст». Цікава, ці будуць такімі ж на смак?..

— Падобныя, але не зусім, — не падртымлівае маю здагадку гападыня. — Усё ж іншае цеста. Хвораст гатуецца на малацэ або на кефіры. А тут жа толькі яйкі і мука.

— Вы казалі, что «шышкі» доўга не чарсцвеюць. А доўга — гэта колькі?

— Ну, мы бывала і за тыдзень на вяселле гатавалі — і «шышкі» былі, як сёння спечаныя. Думаю, могуць і некалькі тыдняў паляжаць. Але столькі яны ляжаць не будуць. Бо вельмі смачныя.

Як раз надышоў час у гэтым упэўніцца. Духмяныя, румяныя, «шышкі» вабяць цудоўным пахам і незвычайным знешнім выглядам. На хвораст, на самой справе, яны не вельмі падобныя. Печыва больш далікатнае, літаральна растае ў роце, а рука сама цягнецца за новай «шышкай». Спыніцца проста немагчыма. Смачна будзе і з гарачай гарбатай, і з халодным малаком, і нават проста так. Цяпер разумею, чаму іх пяклі вялізнымі міскамі… А вось праве-
рыць, як доўга яны застаюцца свежымі, не атрымалася: адна за адной, адна за адной — «шышкі» непрыкметна скончыліся. Магчыма, атрымаецца ў вас?

Мы дзякуем Марыі Эдуардаўне Бачынскай за чарговы ўнікальны рэцэпт і запрашаем усіх жадаючых стаць удзельнікамі нашага кулінарнага праекта. Калі ў вас ёсць любімая нацыянальная страва або «фірменны рэцэпт», якім вы можаце падзяліцца з чытачамі «Нашага часу», — патэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 6-33-03 — і мы з задавальненнем прыедзем да вас у госці.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 874 раз Печать