Хлеб і відовішча на фэсце «Бацькава булка». Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі і ваўкавычане - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 24 Августа 2022 13:06

Хлеб і відовішча на фэсце «Бацькава булка». Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі і ваўкавычане

Каравай-фэст «Бацькава булка», што ўпершыню прайшоў у Свіслачы, сабраў удзельнікаў з усёй Беларусі. Свята адкрылася тэатралізаваным прадстаўленнем, якое нагадала гасцям пра ролю хлеба ў жыцці беларускага народа. Дарэчы, назва фестывалю паходзіць ад назвы папулярнага вырабу мясцовага прадпрыемства — булкі-пляцёнкі, смак якой быў высока ацэнены самім Прэзідэнтам нашай краіны. З таго часу пакупнікі сталі часта пытаць у крамах «бацькаву булку», і хутка «народная» назва стала афіцыйнай.

У цырымоні адкрыцця фестывалю прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня праўлення Белкаапсаюза Алег Мацкевіч, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка, старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Падчас акцыі «Беларусь – хлебная страна» ганаровыя госці сабралі з маленькіх «бацькавых булачак» карту краіны.

Хлебапёкі з розных рэгіёнаў дэманстравалі на фэсце сваё майстэрства і дзяліліся прафесійнымі сакрэтамі. У конкурсе хлебабулачных вырабаў «Бацькаўчына» Ваўкавыскі хлебазавод прадставілі дзве ўдзельніцы, кожная з іх падрыхтавала некалькі вырабаў. Майстар змены кандытарскага ўчастка Наталля Лукуць прапанавала асаблівы заліўны хлеб, які пакуль што не вырабляецца на Беларусі, пясочна-дражджавы пірог з брусніцамі і ажынамі, а таксама каравай «Вялікі горад — маленькая вёсачка». Каравай, на якім былі адлюстраваны славутыя і гістарычныя мясціны Ваўкавышчыны, атрымаўся сапраўдным творам мастацтва і быў адзначаны журы дыпломам трэцяй ступені. Заахвочвальным прызам была ўзнагароджана і другая ўдзельніца — кандытар пятага разраду Таццяна Ганісеўская. Яна прадставіла на конкурс кампазіцыю з цеста «Легенда Ваўкавыска», пластовы дражджавы пірог з брусніцамі і фісташкавай пастай, а таксама заварны цёмны хлеб з праванскімі травамі, які не пакінуў абыякавымі гасцей свята. Літаральна ўсе, хто пакаштаваў яго, цікавіліся, дзе можна яго набыць — і гэта ацэнка была для нашай зямлячкі самай высокай.

Вялікую цікавасць у публікі выклікаў конкурс-выстава вырабаў дамашняга печыва сярод аматараў «Матулін каравай». Традыцыйныя і сучасныя, вясельныя і велікодныя, шматпавярховыя і мініяцюрныя, пышна ўбраныя і сціплыя — самыя розныя караваі, пірагі і кулічы ацэньваліся журы ў васьмі намінацыях. Сярод такой вялікай колькасці канкурэнтаў не засталіся незаўважанымі ваўкавыскія прысмакі. У намінацыі «Вкус детства» спецыяльным прызам была ўзнагароджана Марыя Бачынская, загадчык Дома культуры аграгарадка Юбілейны, якая прадставіла свае знакамітыя «шышкі». А Тамара Карнацэвіч, якая з’яўляецца захавальніцай унікальнага комплексу ўменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне і носьбітам гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прэзентавала яго разам з унучкай Алесяй Тарашчык. Унучка аздобіла бабулін каравай сучаснымі ўпрыгожваннямі, за што атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі «Современный каравай».

batckavaulka-2

Акрамя таго, у рамках каравай-фэсту адбыліся культурна-забаўляльная праграма для моладзі «Булче всех!», а таксама эстафета «Бацькава міля». Актыўны ўдзел у іх прынялі каманды пярвічак БРСМ ВУ «Ваўкавыскгаз» і «Краснасельскбудматэрыялы». У вясёлай эстафеце каманда «Ваўкавыскгаза» заняла першае месца. У праграме «Булче всех!» камандам дапамагалі выступаць вядучы метадыст Ваўкавыскага РЦКНТ Марыя Данілюк і харэаграфічны калектыў Ваўкавыскага ГДК «Эліт». За выдатныя выступленні групы падтрымкі абедзвюх каманд былі прызнаны пераможцамі ў адпаведнай намінацыі.

batckavaulka-2

batckavaulka-2

batckavaulka-2

batckavaulka-2

Святочны настрой стваралі лепшыя музыканты, спевакі і танцоры. Знакаміты гурт «Дразды» прэзентаваў новую песню з аднаіменнай фестывалю назвай — «Бацькава булка». Сярод выканаўцаў, якія выступалі на галоўнай сцэне фэсту, былі і нашы артысты: народны гурт «Уладары» Ваўкавыскага ГДК і ўзорны тэатр моды «Спадчына» Ваўкавыскага ЦТДіМ. Іх выступленне гледачы шчодра ўзнагародзілі апладысментамі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1255 раз Печать